Дырэктар Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы пра праект «Карта адзінства»: «Мы розныя, але разам мы – Беларусь»

Унікальны арт-аб’ект прадаўжаюць ствараць у Палацы Незалежнасці прадстаўніцы ўсіх рэгіёнаў краіны. У Год беларускай жанчыны партрэтамі беларусак запаўняецца «Карта адзінства» ў межах рэспубліканскага праекта «Мы розныя, але мы адзіныя». «Карта адзінства» – вялікае сімвалічнае пано, якое паўтарае контуры карты Беларусі, – паступова запаўняецца фотаздымкамі прадстаўніц прыгожай паловы з усіх раёнаў Беларусі ў адзіны вобраз. Менавіта праз гэтае пано ўдзельніцы праекта пакінуць пажаданні роднай Беларусі і Прэзідэнту як гаранту міру і росквіту краіны.
У мінулую суботу «Карту адзінства» запаўнялі прадстаўніцы Брэстчыны –
актыў ГА «Беларускі саюз жанчын». Такога гонару ўдастоены і нашы зямлячкі – старшыні пярвічак БСЖ: дырэктар Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч, настаўнік Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Алена Шэшка, мастацкі кіраўнік Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ірына Петручэня, маці-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлана Страмавус.
– Уражанні незабыўныя і пазітыўныя. Нас, жанчын Першага рэгіёна, сустракала як шаноўных гасцей лідар Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская. А якую запамінальную і пазнавальную экскурсію па залах Палаца Незалежнасці правяла прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Эйсмант. Гэта такія эмоцыі – убачыць на свае вочы месцы, дзе прымаюцца важныя, на самым высокім узроўні рашэнні для нашай краіны. Вельмі ўразіла ўбранства Палаца, яно
натхняе на пазітыў. Калі запаўнялі «Карту адзінства» было відавочна, што сапраўды, мы розныя,
але разам мы – Беларусь. Менавіта ў гэтым адзінстве наша сіла, прыгажосць і шчаслівая будучыня. І, канешне, напрыканцы было ганарова ўбачыць свае фотаздымкі на вялікім пано.
Удзячна ўсім за арганізацыю такога цудоўнага мерапрыемства, – расказвае Вольга Пляшэвіч.
Галіна КАНЬКО.

