Аграгарадскі сэрвіс Версія жаночая – клапатлівая

Гэта гандлёвая кропка ў аграгарадку Нача карыстаецца зайздроснай папулярнасцю сярод тутэйшых жыхароў. Размова пра магазін «Лакамка», заснавальніцай і гаспадыняй якога з’яўляецца ляхавічанка Людміла Шынгель.
– Ідэя адкрыць магазін нашай сям’і прыйшла ў 2023 годзе. І, як аказалася, асаблівых праблем для пачатку сваёй справы ў нашай краіне няма. Чаму выбралі менавіта сельскую мясцовасць? На маю думку, вяскоўцы больш адкрытыя, шчырыя людзі. Тады ў Начы якраз знайшлі падыходзячае памяшканне. Зрабілі неабходны рамонт, паставілі абсталяванне, завезлі прадукцыю і пайшоў гандаль, – расказвае індывідуальны прадпрымальнік Людміла Шынгель.
Так атрымалася, што сямейны бізнес яна ўжо больш за два гады развівае сама. Жанчына можа ўсё! І калі прадстаўніца прыгожай паловы бярэцца за сваю справу, то прыкладзе ўсе намаганні, каб не толькі наладзіць бізнес, але пашыраць і развіваць яго.
– Першачаргова задача была прадаваць базавыя харчовыя тавары: хлеб і хлебабулачныя вырабы, малочную прадукцыю, бакалею, салодкасці, напіткі, каўбасныя вырабы. Потым дабавілі садавіну і агародніну, спадарожныя тавары: мыйныя сродкі, касметыку, сродкі асабістай гігіены, гаспадарчыя тавары. Стала вывучаць попыт
пакупнікоў, некаторую прадукцыю прывожу пад заказ. Ёсць і сезонныя перавагі. Напрыклад, летам папулярны квас на разліў, пагасцяваць на канікулы да бабуль і дзядуль прыязджаюць
унукі, якія любяць паласавацца цукеркамі, пячэннем, і магазін прапаноўвае вялікі асартымент салодкасцяў. Дзеля камфорту пакупнікоў можна разлічыцца як наяўнымі грашыма,так і банкаўскай карткай. За тры гады работы добра вывучыла
пакупніцкія перавагі аграгараджан, стараюся іх задаволіць. Мне вельмі прыемна працаваць у Начы. Тут добразычлівыя, уважлівыя людзі, і я імкнуся з такім жа клопатам ставіцца да сваіх пакупнікоў, – дзеліцца Людміла Шынгель.
Начаўская «Лакамка» – месца прыцягнення для тутэйшых жыхароў, заходзяць-заязджаюць сюды і з іншых бліжэйшых вёсак. Што прываблівае ў гэтай гандлёвай кропцы? Як сцвярджаюць пакупнікі, тут ветлівае абслугоўванне, прымальныя цэны, добры выбар тавараў. Акрамя таго, зручна, што працуе гандлёвы аб’ект штодзённа
з 9 да 19 гадзін, у нядзелю – з 9 да 15 гадзін. Як гаворыцца, усё для
зручнасці і камфорту пакупнікоў.
– У «Начы» два магазіны – «Родны кут» райпо і «Лакамка» ІП Шынгель. Паміж гандлёвымі аб’ектамі здаровая канкурэнцыя.
Свае пакупнікі ёсць у кожнага. Што тычыцца «Лакамкі», то гэта крама паспяхова заняла сваю нішу ў вясковым гандлі. Тут заўжды чыста,
акуратна як у магазіне, так і навокал яго. Пакупнікі хваляць.
Прэзідэнт Беларусі яшчэ год назад падчас нарады аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва рабіў акцэнт на неабходнасці вырашэння тыповых праблем у гандлі накшталт слабога асартыменту, нязручнага графіка работы, пратэрміноўкі.
– Перыядычна праводзім маніторынгі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, якія пацвярджаюць, што ў «Лакамцы» мясцовыя жыхары забяспечаны свежымі прадуктамі з так званага «сацыяльнага» пераліку: малако, хлеб, каўбасныя вырабы, садавіна, агародніна. Усё ў парадку і ў санітарным плане, і з графікам работы, – гаворыць старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік.

Стабільны пакупніцкі попыт, наладжаная сістэма паставак прадукцыі, трывалыя партнёрскія сувязі з пастаўшчыкамі – у «Лакамцы» ўсё на высокім узроўні. Здавалася б, жыві, працуй па-звыкламу, усё ж атрымліваецца. Але Людміла Шынгель з катэгорыі тых, хто не спыняецца на дасягнутым, а імкнецца рухацца наперад, удасканальвацца. І ў Год беларускай жанчыны зямлячка ставіць перад сабой новыя задачы:
– Мару ўстанавіць у магазіне столікі, каб пакупнікі маглі
адпачыць за кубачкам кавы ці з марожаным. Разумею, што для гэтага патрабуюцца большыя плошчы, але спадзяюся, што калі-небудзь мара стане рэальнасцю.
Заўтра прафесійнае свята Людміла Шынгель традыцыйна сустрэне на сваім працоўным месцы. Як заўжды, будзе ветліва абслугоўваць сваіх чаканых пакупнікоў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.





