Той самы тысячны сюжэт. У Ляхавіцкім раёне першым тысячу тон збожжа намалаціў жарабковіцкі экіпаж
●У Ляхавіцкім раёне першым тысячу тон збожжа намалаціў жарабковіцкі экіпаж у складзе Георгія Жука і Аляксандра Пронькі (на здымку)

Ёсць на хлебнай ніве асаблівы момант, калі набліжаецца і дасягаецца запаветная тысяча тон збожжа. Святочны момант, але за ім – спякотныя дні напружанай працы, ды і не толькі дні –
кожная хвіліна набліжае да перамогі. Гэта майстэрства людзей, барацьба з часам, надвор’ем, нават і з самім сабой. Першым у гэтым сезоне споўніў тысячную мару экіпаж з ААТ «Жарабковічы» – Георгій Жук і Аляксандр Пронька.
У працоўным графіку мінулага аўторка – час для віншаванняў і цёплых пажаданняў. Сказаць важныя словы падзякі за працу, за імкненне хутка і якасна ўбраць ураджай, за першы хлебны рэкорд прыехалі кіраўніцтва раёна, райсельгасхарчу, гаспадаркі, галіновы прафсаюз.
Традыцыя віншаваць першых напоўнена асаблівым сэнсам. Няхай іх першы рубеж дасць старт новым дасягненням, ураджайным рэкордам, няхай імёны стануць стымулам, прыкладам адданасці хлебаробскай справе.
– Кожная хвіліна на жніве дае нам гарантыю харчовай бяспекі краіны. Сённяшні ваш поспех – гэта вынік майстэрства, прафесіяналізму і зладжанасці. Першымі прайсці тысячны рубеж – паказаць прыклад плённай працы, гэта вялізнае цярпенне, сіла характару і любоў да роднай зямлі. Няхай з вашай першай тысячы раён папаўняецца новымі рэкорднымі гісторыямі, – павіншаваў перадавікоў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Сімвалічны стыкер, які гаворыць пра залатых тысячнікаў сёлетняга жніва, са шчырымі віншаваннямі і пажаданнямі перадаў экіпажу першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык. Шчымліва-хвалюючы момант, калі магутны камбайн GOMSELMASH GH800 упрыгожваецца стыкерам «важкасцю» тысячу тон.
Падарункі ад галіновага прафсаюза, які заўжды побач у гэтыя спякотныя жніўныя дні. І, канешне, ад кіраўніцтва гаспадаркі. Таварыства даражыць кадрамі – на іх можна спадзявацца!
Віншавальны момант немагчыма ўявіць без песні – нашай, беларускай. А гэта так сакавіта і смачна ўмее рабіць народны
ансамбль народнай песні «Крыніца» Ляхавіцкага ГДК.
Святочна-віншавальная ўвага змяняецца журналісцкім інтарэсам. Сакрэт сёлетняга поспеху экіпаж не выдае, гаворыць, што адразу, як селі за штурвал «Гомсельмаша», далі ўстаноўку на пераможны тысячны рубеж.
Ураджайнасць добрая, на ўборку выйшлі рана ў параўнанні з мінулым годам, тэхніку падрыхтавалі. Ды і самі настроіліся на вынік. Тым больш іх імёны не новыя ў лідарскіх пазіцыях. Георгій Жук неаднойчы быў пераможцам яшчэ ў маладзёжным заліку. На жніве 15 сезон, так што вопыту не адняць. А цяпер у тандэме з не менш вопытным Аляксандрам Пронькам ідуць на другі тысячны круг. Залатую тысячу насыпалі на палях з азімым ячменем, рапсам, трыцікале.Ураджайнымі сталі палеткі з азімым ячменем – там сыпала больш за 75 цэнтнераў з гектара. Зайздросна!
– Наша беларуская тэхніка з кожным годам здзіўляе. Абноўленая мадэль ад «Гомсельмаша» GH800 – гэта камфорт у тандэме з навінкамі тэхналогій на вопыце мінулых тэхнічных рашэнняў. Жняярка дзевяць метраў дае пра сябе ведаць: скарачаецца колькасць кругоў, тым самым эканоміцца паліва. Працэс уборкі – камп’ютарызаваны, усё рэгулюецца з кабіны. Працаваць камфорна, ёсць кандыцыянер, так што спякота не палохае. Сакрэт поспеху адзін – працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць! – гаворыць Георгій Жук.
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

