«Партызанская іскра» ў «Чайцы». Напярэдадні Дня беларускіх студатрадаў, які адзначаецца 1 жніўня, «Ляхавіцкі веснік» пацікавіўся, як студатрадаўцы спалучаюць працу, традыцыі і арганізацыю адпачынку

Напярэдадні Дня беларускіх студатрадаў, які адзначаецца 1 жніўня, «Ляхавіцкі веснік» пацікавіўся, як студатрадаўцы спалучаюць працу, традыцыі і арганізацыю адпачынку.

Для ўдзельнікаў студэнцкага педагагічнага атрада, які зараз шчыруе на чацвёртай змене ў аздараўленчым лагеры «Чайка», лета – гэта выклік, школа жыцця і выдатная магчымасць папоўніць асабісты багаж вопытам і ўражаннямі. Студатрад назвалі «Партызанская іскра» ў гонар Героя Савецкага Саюза Таццяны Мікалаеўны Барамзіной.
– Студэнцкія атрады БРСМ сёлета па ўсёй краіне носяць
імёны герояў Савецкага  Саюза. Ініцыятыва зыходзіла ад саміх байцоў, якія вырашылі ў Год беларускай жанчыны ўвекавечыць памяць герояў-жанчын, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўнеслі ўклад у агульную перамогу, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Карына Кузьміч.
У педатрадзе дзесяць чалавек. Трое з іх – Паліна Грыцкевіч, Алена Дарашэнка і Сяргей Лешык – працуюць ужо чацвёрты сезон разам. І гэта стала своеасаблівай традыцыяй: маладым крэатыўным калектывам наладжваць у «Чайцы» цікавае і яркае жыццё. Паліна год назад атрымала дыплом настаўніка біялогіі і працуе пад Мінскам. Але лічыць справай гонару папрацаваць важатай у любімым лагеры і абавязкова ў складзе студатрада. Алена – яшчэ студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі. Сяргей Мікалаевіч, як яго паважліва называюць у камандзе, – настаўнік хіміі і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Малагарадзішчанскай СШ, а ў лагеры старшы выхавальнік і вопытны баец з творчым падыходам да выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак.
У педагагічным студатрадзе склаліся цудоўныя традыцыі. Сярод іх – вячэрнія спеўкі пад гітару. Сапраўдны рытуал, калі пасля дня, поўнага лагерных падзей, студатрадаўцы збіраюцца разам, абмень-
ваюцца ўражаннямі, абмяркоўваюць планы на заўтра і вызначаюць ролі. Дзеляцца разнастайнымі педагагічнымі прыёмамі, гульнямі, якія дапамагаюць раскрыць кожнае дзіця. Студатрадаўцы адзначаюць: калі працуеш з дзецьмі, важна не проста праводзіць мерапрыемствы і арганізоўваць цікавы адпачынак – трэба пачуць, зразумець, зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак.
Ярка і павучальна прайшлі ваенізаваная гульня «Зарніца», конкурс кліпаў на песні беларускіх выканаўцаў… Абвясцілі галасаванне на лепшы рэкламны ролік брэндаў беларускай прадукцыі. Кожны дзень у лагеры насычаны падзеямі, і студатрадаўцы робяць
усё, каб ён запомніўся дзецям.
А да Дня беларускіх студэнцкіх атрадаў у «Чайцы» запланаваны разнастайныя мерапрыемствы, падчас якіх важатыя раскажуць выхаванцам пра БРСМ, яго традыцыі і гісторыю, пра пераемнасць пакаленняў і студатрадаўскі рух.
Сяргей Лешык у студатрадаўскім руху шосты год.

– Студатрад для мяне – стан душы. Калі ўпершыню прыйшоў, мне здавалася, што галоўнае – навучыцца кіраваць дзецьмі, праводзіць мерапрыемствы, запаўняць дакументы. За час зразумеў,
што сапраўдны баец – гэта той, хто гатовы несці адказнасць
за каманду і дзяцей. Гэта як тэрмометр: пры нулявой тэмпературы ў камандзе будзе холадна, а калі гарыш – значыць, і ўсе за табой, – разважае Сяргей.

У Ляхавічах у Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка, арганізуюць гульні на свежым паветры і іншае, расказала першы сакратар райкама БРСМ Карына Кузьміч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

ФАКТ

Сёлета на Ляхавіччыне ў студэнцкія педагагічныя, сельскагаспадарчыя і экалагічныя атрады працаўладкаваны 116 чалавек