Няўважлівасць, абыякавасць і недысцыплінаванасць – крыніцы бяды. На ліпеньскім пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама разгледзелі забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў, папярэджання вытворчага траўматызму, парушэнняў патрабаванняў аховы працы і тэхнікі бяспекі ў арганізацыях Ляхавіччыны
Чалавек павінен прыйсці на работу здаровым і вярнуцца дамоў такім жа. П’янаму не месца за рулём. Такія простыя ісціны. Але, на жаль, негатыўныя з’явы па-ранейшаму маюць месца ў нашым грамадстве. І барацьба з такога кшталту заганамі вядзецца рознымі службамі і на розным узроўні. Адно відавочна і пацверджана часам – патрэбны дакладны алгарытм дзеянняў, каб супрацьстаяць вытворчаму траўматызму, гібелі людзей на пажарах і ў дарожных аварыях, распаўсюджванню п’янства і алкагалізму, розным супрацьзаконным праявам. На гэта накіравана Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» . Праблемныя моманты, акрэсленыя ў ёй, і сёння надзвычай актуальныя і патрабуюць самай пільнай увагі. На ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама адно з пытанняў тычылася выканання патрабаванняў Дэрыктывы № 1 ў частцы забеспячэння здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў, папярэджання вытворчага траўматызму, парушэнняў патрабаванняў аховы працы і тэхнікі бяспекі ў арганізацыях Ляхавіччыны.
На работу і з работы – здаровым
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла, што апошнім часам узмацнілася работа, якую праводзяць наймальнікі па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы. Па словах Дзіяны Трысцень, у нашым раёне ў мінулым годзе зарэгістравана дзевяць няшчасных выпадкаў на вытворчасці (столькі ж было і ў 2024 годзе): адзін са смяротным зыходам (КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»), чатыры з цяжкім зыходам (ПГУП «АНЗЭСтранс», райпо, ААТ «Нача» і «Жарабковічы»), чатыры з лёгкім зыходам (ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», СУП «Белазем’е» – два выпадкі, ЗАТ «Ляхавіцкі завод Металапластмас»). Аналіз прычын няшчасных здарэнняў паказаў, што ў шасці выпадках відавочна віна саміх пацярпелых – работнікаў торфабрыкетнага завода, райпо, «Белазем’я», «Начы», «АНЗЭСтранс», завода «Металапластмас». Віна наймальніка ўстаноўлена ў райпо, «Жарабковічах» і «АНЗЭСтранс». Таксама ўстаноўлены адзін факт знаходжання работніка пры атрыманні траўмы ў стане алкагольнага ап’янення (у райпо).
Як адзначыла дакладчык, усе службовыя асобы, якія прызнаны вінаватымі па выніках расследавання няшчасных выпадкаў, прыцягнуты да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Што тычыцца першага паўгоддзя 2026 года, то, па словах Дзіяны Трысцень, у Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны два няшчасныя выпадкі з лёгкім зыходам: у ААТ «Нача» і «Ляхавіцкі льнозавод». Для параўнанння, у 2025 годзе за аналагічны перыяд было чатыры няшчасныя выпадкі. Прычыны траўмавання – парушэнне пацярпелымі патрабаванняў інструкцыі па ахове працы пры выкананні работ (ільнозавод) і непрадказальныя паводзіны жывёлы («Нача»).
Як адзначыла дакладчык, віна наймальніка ў абодвух выпадках адсутнічала.
У мінулым годзе быў адзін няшчасны выпадак на вытворчасці, калі пацярпелы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, у гэтым годзе пакуль такіх фактаў не адзначана.
Перш за ўсё – кантроль і прафілактыка
Як неаднойчы акцэнтавалася ўвага, на кожным прадпрыемстве і ў арганізацыі, незалежна ад формы ўласнасці павінны стварацца бяспечныя ўмовы працы, неабходны больш жорсткі кантроль па пытаннях аховы працы. Варта ўзмацніць і прафілактычныя метады. Дзіяна Трысцень расказала, што ў мінулым годзе праведзена сумесна з кіраўнікамі і спецыялістамі прадпрыемстваў шэсць семінараў па ахове працы, сёлета – два. Штоквартальна аналізуецца работа спецыялістаў па ахове працы па выяўленні імі парушэнняў патрабаванняў аховы працы і выдачы работнікам прадпісанняў на іх ухіленне, а таксама па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Так, сёлета за 6 месяцаў выдадзена 262 прадпісанні для ўхілення 707 парушэнняў патрабаванняў аховы працы, найбольш – лясгасу (42). За студзень – чэрвень 2026 года да дысцыплінарнай адказнасці па ініцыятыве службаў аховы працы прыцягнуты 92 работнікі, з якіх 79 – рабочых прафесій,13 – службовыя асобы (за аналагічны перыяд 2025 года 63 і 16 адпаведна). Сёлета за шэсць месяцаў наймальнікамі аб’яўлена 28 заўваг, 27 вымоў, 11 работнікаў звольнены і 42 пазбаўлены стымулюючых выплат.
Для аказання практычнай і метадычнай дапамогі, з мэтай кантролю за студзень – чэрвень 2026 года праведзена 58 рэйдаў раённай мабільнай групы і выяўлена 597 парушэнняў патрабаванняў бяспекі. Найбольш парушэнняў у прамысловасці і малым бізнесе (320), сельгаспрадпрыемствах (247).
За першыя шэсць месяцаў бягучага года наймальнікамі выяўлена 57 чалавек, якія знаходзіліся на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
За дапушчаныя парушэнні заканадаўства аб працы і аб ахове працы з пачатку года прадстаўнікамі Баранавіцкага міжраённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты восем вінаватых службовых асоб, вынесена чатыры папярэджанні іншым работнікам.
Галіна КАНЬКО.

