Парадак патрабуе падтрымкі. Што ўбачылі ўдзельнікі рэйду ў Ляхавічах
Лета прадаўжае радаваць рознакаляровымі фарбамі на вуліцах горада і сельскіх населеных пунктаў, на прыватных сядзібах і на тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. Хочацца, каб парадак быў ва ўсіх і ва ўсім. На жаль, як паказвае практыка, сустракаюцца і зусім іншыя прыклады. У гэтым яшчэ раз пераканаліся падчас сумеснага рэйду па Ляхавічах спецыялістаў аддзелаў архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, землеўпарадкавання райвыканкама, карэспандэнтаў «ЛВ».
У поле зроку трапілі пустуючыя дамы, на якія складзены акты для ўключэння іх у рэестр пустуючых дамоў. У кожным з іх ніхто не жыве больш за тры гады, і знаходзяцца яны па наступных адрасах райцэнтра: завулак Южны, 2; вуліца Першамайская, 87; вуліца Матросава, 21; вуліца Цітовіча, 23; вуліца Мінская, 43; завулак Цітова, 7. Дарэчы, спіс быў апублікаваны ў ліпені на старонках «ЛВ».
Убачаная карціна настройвае на мінор. Ні пра якія 20 сантыметраў пустазелля размова не ідзе. Трава – у рост чалавека, а то і больш, агароджы паўразвалены, будынкі нахіліліся. Як гаворыцца, без слёз не глянеш.
Як расказалі ў аддзеле землеўпарадкавання, вынесены дзве пастановы суда аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ўласніка дома № 21 па вуліцы Матросава за невыкананне мерапрыемстваў па ахове земляў. Таксама ўстаноўлены тэрміны на ўхіленне выяўленых парушэнняў. Калі прадпісанне не будзе выканана, то райвыканкам можа прыняць рашэнне аб адабранні ўчастка. Дарэчы, за мінулы год за такое парушэнне адабраны тры зямельныя ўчасткі, сёлета ўжо адзін. Летась 21 гаспадар прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне мерапрыемстваў па ахове земляў, а сёлета такую адказнасць панеслі 18 землекарыстальнікаў.
Недалёка ад гэтага адраса па Матросава яшчэ адзін праблемны дом – № 14. Начальнік аддзела архітэктуры, будаў-ніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская расказала, што было выдадзена прадпісанне аб неабходнасці замены агароджы і навядзення парадку на землях агульнага карыстання, якія прылягаюць да домаўладання. Што ўбачылі? Каля дома трава скошана, а вось у двары – зараснікі яшчэ тыя, у тым ліку і небяспечнага залатарніка канадскага. Што тычыцца агароджы, то, па словах суседзяў, гаспадыня зрабіла заказ на выраб і плануе ў верасні ўстанавіць. Зусім супрацьлеглы – станоўчы прыклад убачылі ў доме насуп-раць. Тэрыторыя добраўпарадкавана, мноства кветак, дагледжаныя кусты, трава скошана. Адразу відаць: жывуць дбайныя гаспадары.
– У мінулым годзе ў Правілах добра-ўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў з’явіліся некаторыя новаўвядзенні. Тычыцца гэта і скошвання травы. Згодна з правіламі дапушчальная норма вышыні травы складае 20 сантыметраў. Калі больш – трэба касіць. Прычым землекарыстальнік павінен абкошваць не толькі ўласны участак, але і тэрыторыю побач. Пры вызначэнні памераў тэрыторыі зыхо-дзяць ад межаў зямельнага ўчастка, якім валодае грамадзянін, да тратуара. А калі тратуар адсутнічае – да краю праезнай часткі. Астатнія бакі ўчастка – максімум 10 метраў ці палова адлегласці прамежку да суседняга землекарыстання, але не больш за 10 метраў, – удакладняе Марына Завадская.
Абавязковы пакос травы прадыктаваны перш за ўсё клопатам пра агульнае добраўпарадкаванне, дагледжанасць участкаў, а таксама здароўе і бяспеку землекарыстальнікаў. Бо небяспеку могуць уяўляць не толькі баршчэўнік Сасноўскага, залатарнік канадскі, але і звычайны сухастой – правакатар пажараў. Дастаткова, як гаворыцца, кінуць недакурак. Па гэтай прычыне ўжо неаднойчы б’юць трывогу суседзі ўласнікаў дома № 64 па вуліцы Савецкай.
Паваленая агароджа (а месцамі яна і ўвогуле адсутнічае), зарослы хмызняком двор, па прычыне чаго і дома амаль не відаць – і такая сітуацыя тут далёка не першы год. Гэта пра ўчастак з домам па завулку Южным, 2. У адрозненне ад іншых нікому не патрэбных, гаспадыня гэтага дома жыве ў Ляхавічах, і яна далёка не сталага ўзросту. Праўда, ні на тэлефонныя званкі, ні на паштовыя запыты райвыканкама яна не адказвае.
– Патэнцыяльным уласнікам ці наслед-нікам неабходна на працягу двух месяцаў з моманту апублікавання звестак пра пус-
туючыя і старыя дамы, якія падлягаюць уключэнню ў рэестр пустуючых дамоў, паведаміць у Ляхавіцкі райвыканкам пра намер выкарыстоўваць яго для пражывання, а таксама прыняць на працягу аднаго года меры па прывядзенні жылога дома і зямельнага ўчастка, на якім ён знаходзіцца, у стан, прыгодны для выкарыстання па прызначэнні, – расказвае Марына Завадская.
Яшчэ адна надзвычай хвалюючая тэма. Ну ніяк не пасуюць нашым гасцінным і добраўпарадкаваным Ляхавічам зарослыя бур’яном і пустазеллем (па вуліцы Пташука) ці закіданыя смеццем і разбітым шклом (вуліца Матросава) землі агульнага карыстання. Як падкрэслілі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» неабходна пастаянна маніторыць парадак на падведамасных тэрыторыях і адразу вырашаць праблемныя моманты.
Галіна КАНЬКО.



