Жніво гаворыць дзякуй. Уборачная на Ляхавіччыне фінішавала!
Час жніва-2026 падвёў фінішную мяжу. Здаецца, зусім нядаўна раёнка фіксавала першы выхад на жніўныя палеткі, а гэтымі днямі ўборачная падвяла вынікі і назвала рэкорды і імёны лепшых.
Неаспрэчны факт, што хлебаробы ААТ «Жарабковічы» сёлета часцей за ўсіх прымалі віншавальныя брыгады з нагоды перамогі ў раённых спаборніцтвах. Жарабковіцкія 4 015 гектараў рупліўцы сельгаспрадпрыемства ўбралі якасна і ў тэрмін, ураджайнасць сёлетняга жніва – 59,7 цэнтнера з гектара, што вышэй мінулагодняй. Нельга не адзначыць і самы вялікі ўклад у хлебны каравай раёна – агульны намалот гаспадаркі амаль 24 тысячы тон з раённых
70 тысяч.
Дзякуй усім удзельнікам жніва за самаадданую працу, любоў да зямлі, працавітасць, імкненне занатаваць назву гаспадаркі і Ляхавіччыны ў гісторыю жніва-2026. Сярод лідараў уборачнай кампаніі –
экіпаж-чатырохтысячнік у складзе Георгія Жука і Аляксандра Пронькі, малады вадзіцель-чатырохтысячнік Уладзіслаў Бурак, аператары ЗСК з больш як 8-тысячным вынікам Вадзім Кудзін і Ігар Літвіновіч.

Вось гэта насушылі! Паабяцалі і выканалі. Калі жарабковіцкія аператары ЗСК Вадзім Кудзін і Ігар Літвіновіч прымалі віншаванні з насушанай пяцітысячнай мяжой, абяцалі ўзяць сямітысячную вышыню. І, варта сказаць, недаацанілі свае магчымасці.
Сённяшні вынік механізатараў перасягнуў 8 000 тон.
– За іх справы гаворыць вынік. Яны ведаюць, што гэтымі спякотнымі днямі на іх плячах адказны этап уборачнай – сушка. Дзякуй кожнаму рупліцу нашай гаспадаркі. Сёлетняе жніво складанае, характарнае, часта даводзілася падстройвацца пад капрызы надвор’я. Вынікам задаволены, але, канешне, заўжды хочацца больш. Жніво прайшло ў штатным рэжыме, безумоўна, былі тэхнічныя нюансы, якія крыху ўплывалі на ход уборачнай, але ж гэта бытавое для нас, спраўляліся хутка. Наш малады вадзіцель Уладзіслаў Бурак перавёз больш за 4 000 тон, яшчэ адзін вадзіцель Міхаіл Праневіч перавёз больш за 3 000 тон. Сем вадзіцеляў перасягнулі двухтысячную мяжу. Што тычыцца камбайнераў, то экіпаж у складзе Георгія Жука і Аляксандра Пронькі на камбайне GН-800 намалаціў больш за 4 000 тон збожжа. Тры экіпажы зайшлі на 3 000 тон і столькі ж намалацілі больш за 2 000 тон збожжа. Не адстаюць ад перадавікоў па сушцы Аляксандр Пілецкі і Віктар Лойка: на М-819 перапрацавалі больш за 7 000 тон. Кожнаму хочацца сказаць сардэчны дзякуй за працу, што не падвялі. У суботу на жарабковіцкіх «Дажынках» абавязкова ўзнагародзім сваіх герояў! – адзначыў дырэктар ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.



