Працуйце, на здароўе. У Ляхавічах адбыўся чарговы раённы Дзень аховы працы

У чым сутнасць аховы працы, што з’яўляецца яе характарыстыкай? Калі коратка, адказ на пытанне можа быць такім: сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне бяспекі людзей пры выкананні імі сваіх працоўных абавязкаў. Адказ на пытанне аб эфектыўнасці і ступені дзейснасці гэтай сістэмы на Ляхавіччыне павінен быў даць чарговы раённы Дзень аховы працы. Ён жа – свайго роду навучальны праект, пляцоўка па абмене вопытам па пытаннях здаровай працы, працы на здароўе. Яшчэ да таго, як адправіцца на маршрут, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч канстатаваў: “Ёсць добрыя, ёсць вельмі добрыя, але ні ў адной з арганізацый пытанні бяспекі і аховы працы да канца не адпрацаваны”.

Практычная частка пачалася з “візіту” ў фермерскую гаспадарку “Уладзімір плюс”. Наведалі адну з вытворчых баз гаспадаркі, азнаёміліся з тым, што ў плане санітарна-бытавых умоў для работнікаў уяўляе сабой вытворчы аб’ект.

Далейшая дарога – да дарожнікаў у асобе філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Ляхавіцкае ДРБУ-200. Па пастаноўцы работы па ахове працы дарожнікі з’яўляюцца аднымі з лепшых у раёне.
Істотную частку пляцоўкі перад уездам на тэрыторыю ДРБУ заняла спецыяльна прымеркаваная спецыялізаваная выстава. Было прадстаўлена супрацьпажарнае абсталяванне, тэматычная плакатная і іншая друкаваная прадукцыя, сродкі індывідуальнай аховы, спецабутак і спецадзенне, у тым ліку і вытворчасці нашых камунгаса і льнозавода. І калі якасць крою і пашыву, пытанні функцыянальнасці і зручнасці прыняць за канстанту, то па цане рабочая спецоўка ляхавіцкіх швейнікаў уяўляе меншую прывабнасць у параўнанні з прадстаўленым побач немясцовым таварам.
У ДРБУ належна абсталяваны і працуе на карысць вытворчай бяспекі кабінет па АП. А з параўнальна нядаўняга часу дарожнікі наладзілі выраб бар-дзюрнага каменя і дробнаштучнай дарожнай пліткі. Безумоўна, міні-завод з’яўляецца нядрэнным сумежна-профільным актывам прадпрыемства. Знятыя з канвеера вырабы адпавядаюць стандартам якасці, могуць быць выкарыстаны і выкарыстоўваюцца як пры выкананні ўласных падрадаў, так і служыць таварам.
Малочнатаварная ферма “Падбарочча” райаграсэрвіса — адна з чатырох у сваім класе ў раёне. У СВК “Шлях новы” працуюць дзве падобным чынам абсталяваныя МТФ і ў “Ляхавіцкім” – адна. Класнасць такіх жывёлагадоўчых аб’ектаў заключаецца ў першую чаргу ў наяўнасці сучаснай даільнай залы. Працэс дойкі ажыццяўляецца пад пільным вокам камп’ютара. Гэта калі кантроль па ўсіх тэхналагічных параметрах і ў рэжыме рэальнага часу. Адсочваецца, напрык-лад, удойнасць буронкі, якасныя характарыстыкі малака, іншае. Дарэчы, пра якасць падбароччанскага малака — усё гатунку экстра. За “сеанс” зала можа абслужыць 28 кароў.
Пакуль дзейнічае, і то не на поўную магутнасць, толькі першая чарга праекта – дойны статак складае каля 90 галоў. Фінішная ж магутнасць МТФ разлічана на ўтрыманне 720 жывёл рознага перыяду развіцця. Чысціня, мінімум характэрных жывёлагадоўчаму аб’екту ”з гісторыяй” пахаў. У пераліку выкарыстаных у працэсе будаўніцтва матэрыялаў, кафля ў ліку прыярытэтаў. Дарэчы, кафельная падлога даільнай залы абсталявана сістэмай падагрэву.
Аналізуючы на пленарным пасяджэнні стан работы па ахове працы ў арганізацыях раёна начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса прывёў некаторыя лічбы. Так, рэалізацыя мерапрыемстваў, што станоўча адбіваліся на ўмовах працы людзей, пацягнула ў 2014 годзе на 196,9 мільярда рублёў. З іх192 мільярды каштавала тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя шэрагу вытворчасцяў. І тыя ж фермы могуць служыць у якасці прыкладу. Але і непасрэдна на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў затрачана 4,8 мільярда рублёў, што дазволіла прывесці ў адпаведнасць гігіенічным нарматывам 27 працоўных месцаў. За першы квартал сёлета на выкананне раённых мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў працы і АП затрачана амаль 3 мільярды рублёў. На пачатак года сістэма кіравання аховай працы дзейнічае ў 56 працоўных калектывах раёна. І гэта 100-працэнтны ахоп арганізацый з сярэднегадавой колькасцю работнікаў 16 і больш чалавек.
Для аказання практычнай дапамогі ў забеспячэнні бяспекі працы, узмацненні адказнасці наймальнікаў і спецыялістаў арганізацый практыкуюцца рэйды мабільнай групы. У гэтым годзе ў ходзе 54 такіх рэйдаў выяўлена 408 парушэнняў заканадаўства аб АП. Найбольш тыповымі з’яўляюцца невыкарыстанне работнікамі сродкаў індывідуальнай аховы (касак, спецадзення і іншага), эксплуатацыя сродкаў падмошчвання вышынёй больш за 1,3 метра без поручняў і драўляных лесвіц, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.
За выключэннем СВК “Тальмінавічы”, дзе абавязкі інжынера па АП выконвае аграном гаспадаркі, арганізацыі ўкамплектаваны кваліфікаванымі спецыялістамі. З 31 інжынера па ахове працы 17 маюць вышэйшую адукацыю.
Нягледзячы на прынятыя і прымаемыя меры летась адзначаны рост вытворчага траўматызму. Усяго адбылося 11 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Што асабліва горка – адзін з іх прывёў да смерці пацярпелага. Сёлета ў арганізацыях раёна зарэгістравана 2 няшчасныя выпадкі. Абодва – з лёгкім зыходам.
Праведзены спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аналіз сведчыць, што ў палове выпадкаў прычынай вытворчага траўматызму з’яўляецца невыкананне правілаў тэхнікі бяспекі самымі пацярпелымі. У 13,6 працэнта выпадкаў трэба гаварыць тое ж, але ў дачыненні да кіраўнікоў вытворчасці і спецыялістаў.
Начальнік Баранавіцкага міжрайаддзела Брэсцкага аблупраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Канстанцін Турыбрын прывёў статыстыку вытворчага траўматызму на прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны, вобласці. Спыніўся на асноўных прычынах, якія найчасцей прыводзілі да сумных выпадкаў, назваў лепшых у раёне ў пастаноўцы АП і тыя прадпрыемствы, да каго ёсць у гэтых пытаннях пытанні.
Штогод у раёне праводзіцца агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Рашэннем райвыканкама па выніках мінулага года ў сваіх намінацыях такімі сталі ДРБУ-200, лясгас, СВК “Ляхавіцкі”, райбальніца, аўтацэнтр “Вікторыя”. Дыпломы лаўрэатам уручыў старшыня райвыканкама. Сярод іншага Вячаслаў Сельмановіч завастрыў увагу на тым, што пытанні аховы працы павінны быць таксама і адной з найпершых задач і клопатаў прафсаюзаў.
Па выніках Дня старшыня райвыканкама даў даручэнні канкрэтным службам і арганізацыям. З гэтага часу Днём аховы працы ў калектывах раёна становіцца другі аўторак месяца.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *