Рамонт завершаны. Праблемы вырашаюцца. Чым незадаволены жыльцы дома № 9 па завулку Южакова ў Ляхавічах

Ад імя жыльцоў дома № 9 па завулку Южаковаў райцэнтры на гарачую лінію «ЛВ» звярнулася ляхавічанка. Жанчына расказала, што ў іх доме завяршыўся капітальны рамонт, якога яны вельмі чакалі. Здавалася, мара збылася – жыві і радуйся. Аднак, як аказалася, адны праблемы капітальны рамонт вырашыў, але стварыў новыя. І некаторыя абноўкі прыносяць нязручнасці тутэйшым жыльцам. Яны з аналагічнай просьбай, што і да раёнкі, звярнуліся ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», якое з’яўляецца заказчыкам капітальнага рамонту дома № 9, і на суботнюю прамую лінію райвыканкама.

Звароты грамадзян знаходзяцца пад пільным кантролем раённай улады. Дзейнічае прынцып – кожны зварот павінен быць пачутым і не пакінутым без увагі. На мінулым тыдні адбылася сустрэча жыльцоў дома № 9 па завулку Южакова з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, камунгаса, падрадчыка рамонтных работ – ПБУП «МанархБуд».

Варта адзначыць, што дыялог праходзіў у спакойнай дзелавой атмасферы і без павышаных тонаў. Жыльцы дома агучылі свае праблемныя моманты. У прыватнасці, адзін з іх тычыўся сцёкавай канавы. Людзі выказалі непаразуменне, навошта яна пакладзена такім чынам, што вада цяпер цячэ ў падвал. Пасля аналізу сітуацыі камунгас прапанаваў выйсце, каб зняць праблему – падоўжыць вадасцёкавыя трубы.
Жыльцы адной з кватэр паскардзіліся, што падчас дажджоў вада трапляе праз рамы на балкон. Пасля агляду прадстаўнікі «МанархБуд» патлумачылі, што будзе зроблены контрухіл на лоджыях, і праблема павінна быць знята.
Наступны аспект – асвятленне. Размова ідзе пра падачу святла ў месцах агульнага карыстання – падвалах. Запланавана, што падрадчык уладкуе дадатко-вае асвятленне ў падвалах у месцах агульнага карыстання. Да правядзення сустрэчы актуальным было яшчэ адно пытанне наконт асвятлення: не працавала рэле рэгуліроўкі падачы асвятлення на пад’ездзе. Але праблемны момант ужо зняты. Акрамя вырашэння пытанняў, якія засталіся пасля капіталь-нага рамонту, жыльцоў дома цікавіла не менш важная тэма – добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі, у тым ліку асфальтаванне падыходаў да пад’ездаў, рамонт ці замена лавачак. Намеснік дырэктара камунгаса Віталій Калупановіч адзначыў, што пры неабходным фінансаванні асноўная частка работ па добраўпарадкаванні запланавана на 2027 год. Але некаторыя віды работ накшталт афарбоўкі ўваходаў у пад’езд, магчыма, будуць рэалізаваны ўжо сёлета. Таксама Віталій Калупановіч адзначыў, што ўсе прэтэнзіі жыльцоў занесены ў пратакол і вызначаны тэрміны іх ухілення.

Хочацца спадзявацца, што арганізацыі, у зоне адказнасці якіх знаходзіцца вырашэнне ўзнятых пытанняў, свае абяцанні выканаюць.

Галіна КАНЬКО.