Наваселле для цялят. У ААТ «Нача» здадзены ў эксплуатацыю прафілакторый для ўтрымання цялят
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2025 года № 46
«Аб асаблівасцях будаўніцтва і прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю» істотна спрасціў будаўніцтва юрасобамі шэрага аб’ектаў і даў чарговы штуршок для будаўніцтва новых і рэканструкцыі колішніх сельгасаб’ектаў.

Так, ААТ «Нача» ў чэрвені мінулага года за кошт уласных сродкаў пачало ўзвядзенне прафілакторыя для ўтрымання цялят ад нараджэння да трох месяцаў на МТФ «Цэнтр». Будаўніцтва вялося гаспадарчым спосабам. Сёлета 31 жніўня прафілакторый быў афіцыйна здадзены ў эксплуатацыю.
– Прафілакторый-новабудоўля разлічаны на адначасовае ўтрыманне да 300 цялят. У бліжэйшыя дні наваселле справяць 80 цялят ва ўзросце ад нараджэння да трох месяцаў, якія пачнуць абжываць свае міні-пакоі. Тут створаны выдатныя ўмовы для росту і развіцця маладняку буйной рагатай жывёлы. Прафілакторый – гэта сучасны высокатэхналагічны комплекс. Устаноўлена неабходнае абсталяванне, і памяшканні пабудаваны такім чынам, што прадугледжаны індывідуальны падыход да кожнага цяляці. Гэта – персанальны ўлік кармлення, выпойванне цёплым малаком ці малодзівам. А яшчэ ўсё прадугледжана для таго, каб своечасова бачыць і хутка рэагаваць на любыя змяненні ў стане здароўя кожнай жывёлы, – расказвае галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Нача» Галіна Рамейка.
Утульныя індывідуальныя боксы з ПВХ, што дазваляе пазбегнуць прамога кантакту паміж цялятамі, і тым самым значна зніжаецца рызыка перадачы магчымай інфекцыі. Бакавыя шторы, сучасная вентыляцыя і адсутнасць скразнякоў – усё для камфорту цялят. У ізаляваным памяшканні прафілакторыя маецца разнапланавае абсталяванне: малочнае таксі МТ-300 з электрапрыводам, аўтаматычная мыйка сосак, вёдраў са спецыяльнай шчоткай і падагрэвам, размарожвальнік малака, халадзільнік.
Клапаціцца пра маленькіх гадаванцаў прафілакторыя будзе жывёлавод Ганна Чарапавіцкая, якая, нягледзячы на малады ўзрост, мае вопыт работы з рагуліным папаўненнем. Зараз ёй падбіраюць такога ж руплівага калегу.
– Разумеем, што поспехі ў жывёлагадоўлі ў поўнай меры залежаць ад здароўя маладняку. Сённяшнія цяляты – гэта будучы высокаўдойны статак. А, значыць, інвестыцыі ў іх здароўе і развіццё ў далейшым акупяцца шматразова. Без сумненняў, з часам аб’ект прынясе куды больш прыбытку, чым сродкі, затрачаныя на яго будаўніцтва і набыццё абсталявання. А работнікі МТФ «Цэнтр», якую ўзначальвае наша вопытная Людміла Чарапавіцкая, прыкладуць усе намаганні, каб цяляты набіралі вагу і раслі здаровымі, – удакладняе Галіна Рамейка.


Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

