Першая ноч Дракона

Таямнічая, прыгожая і ўрачыстая навагодняя ноч заўсёды абяцае падарыць цуды. А сёлета яна была яшчэ больш добразычлівай: без траскучых маразоў,  толькі злёгку кружыліся сняжынкі, прыкрываючы не па сезоне танюткай наміткай зямлю. Рамантычнае надвор’е паклікала на вуліцы райцэнтра і вёсак яшчэ большую, чым звычайна, колькасць людзей.

Між іншым, і такой прыгожай ноччу святкавалі не ўсе: аварыйна-выратавальныя службы знаходзіліся ў рэжыме гатоўнасці. Як паведаміў начальнік РАНС Валерый Равінскі, падраздзяленні выратавальнікаў былі ў поўнай баявой яшчэ з вечара. На пульт адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службы паступіла паведамленне пра пажар  у вёсцы Конькі, гарэў дом на вуліцы Лугавая, 14. Калі прыбылі пажарныя машыны, полымем быў ахоплены дах, гарэла ўсё ўнутры пабудовы. Прычыны пажару высвятляюцца.

Далейшую сваю службу выратавальнікі неслі ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, усё было спакойна.

Па інфармацыі аператыўна-дзяжурнай службы РАУС  у навагоднюю ноч супрацоўнікам міліцыі давялося 15 разоў выязджаць на ўтаймаванне сямейных скандалістаў. І вінаватыя, і пацярпелыя ўжывалі спіртныя напіткі.

Падобны выпадак адбыуся таксама у горадзе Докшицы. На жаль, не абышлося і без трагедый.  Начальнік аддзялення ДАІ  РАУС Юрый Малевіч паведаміў, што вечарам на ўчастку дарогі Рачканы—Пашкоўцы транспартны сродак наехаў  на пешахода, які загінуў. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк. Пачатак новага года таксама быў напружаны: 1 студзеня на тэрыторыі раёна адбылося 2 ДТЗ, людзі ў іх, на шчасце, не пацярпелі.

Неспакойна было ў навагоднюю ноч і медыкам. 17 выклікаў паступіла ў хуткую дапамогу, 5 чалавек шпіталізаваны з траўмамі,  трое пацыентаў былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Дракон быў літасцівы ў навагоднюю ноч да работнікаў камунальнай службы: надзвычайных здарэнняў не зарэгістравана. Праўда, напярэдадні Новага года ім давялося “рэанімаваць” гарадскую ёлку, якую паваліў моцны парыў ветру.

Што датычыць Дзеда Мароза, Снягурачкі, казачных персанажаў і самадзейных артыстаў, то яны паспелі пабываць у многіх працоўных калектывах раёна, выступіць на галоўнай плошчы горада, віншавалі і дарылі найлепшыя пажаданні ляхавічанам аж да самай раніцы.

Звесткі збірала Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *