Прафесія – дапамагаць

Сёння  прафесійнае свята адзначаюць работнікі сацыяльнай абароны – людзі, чыёй жыццёвай справай стала дапамагацьіншым – тым, каму асабліва неабходны клопат, падтрымка, абарона. Разам з калегамі ў гэтыя дні прымаюць віншаванні і супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама.

Пра будні і святы сацыяльнай службы – размова з яе кіраўніком Дзіянай ТРЫСЦЕНЬ. Яна, хоць і ўзначаліла ўпраўленне зусім нядаўна, у сацыяльнай службе не навічок – працуе тут больш за 23 гады.

– Дзіяна Іванаўна, наколькі за апошні час змяніліся  функцыі і задачы сацыяльнай службы?

— У свой час аддзел сацыяльнага забеспячэння займаўся толькі назначэннем пенсій і рознымі бытавымі пытаннямі. У сувязі са значным пашырэннем функцый і паўнамоцтваў у студзені 2002 года аддзел быў пераўтвораны ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне. Яшчэ праз 5 гадоў да нашай службы далучыўся цэнтр занятасці насельніцтва. Адпаведна зноў змянілася і назва. З таго часу і па сёння яна гучыць так – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Зараз у складзе ўпраўлення 5 сектараў,  кожны з якіх займаецца пэўным накірункам дзейнасці, мае канкрэтныя задачы і мэты. Пра апошнія, дарэчы, можна меркаваць па назвах сектараў: пенсій і дапамог; быту; аховы працы, сацыяльна-працоўных адносін і заработнай платы; занятасці; бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці. Акрамя таго, нашым падраздзяленнем з’яўляецца дзяржаўная ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” (раней яна функцыянавала як аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму).

— А з якімі пытаннямі землякі ўсё ж найчасцей звяртаюцца ў вашу службу?

— У асноўным – за назначэннем пенсій, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, дзіцячых дапамог, для аказання аднаразовай матэрыяльнай дапамогі. Мне здаецца, што лепш за ўсё пра гэтую работу, якая яскрава ілюструе клопат дзяржавы аб малазабяспечаных катэгорыях грамадзян, раскажуць лічбы. Напрыклад, такія.

На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на 1 снежня 2011 года налічвалася 9278 атрымальнікаў пенсій па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты кармілеля, за выслугу гадоў, сацыяльных пенсій. Толькі за мінулы год для назначэння пенсій паступіла 476 пенсійных спраў. 79 чалавек звярнуліся з заявай для назначэння дапамогі па доглядзе за інвалідамі І групы ці асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

За 11 месяцаў выплачана пенсій і дапамог за кошт фонда сацыяльнай абароны на суму 71,6 мільярда рублёў. 236 сем’ям аказана штомесячнай дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі на суму амаль 372 мільёны рублёў. Большасць атрымальнікаў такой дапамогі – мнагадзетныя і няпоўныя сем’і.

Матэрыяльная дапамога згодна указаў Прэзідэнта № 263 і 417 склала адпаведна 556 мільёнаў рублёў і 4121 мільён рублёў. Апошняя лічба – тая самая вераснёўская дапамога ў памеры 500 тысяч рублёў, якую ў нашым раёне атрымалі 8242 чалавекі.

Ёсць і іншыя лічбы, магчыма, не такія ўнушальныя, але для канкрэтных атрымальнікаў яны сталі важкай дапамогай. Напрыклад, амаль 6 мільёнаў рублёў выплачана 4 сем’ям, у якіх нарадзіліся блізняты, 114 сем’ям назначана і выплачваецца дапамога па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, практычна 177 мільёнаў летась пай-шло на бясплатнае харчаванне дзяцей да 2 гадоў, 23 інваліды атрымалі сацыяльную дапамогу ў памеры 11 мільёнаў рублёў на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, маючым патрэбу выдадзена 12 інвалідных крэслаў-калясак… Пералік далёка не вычарпальны.

— Дапамагаць людзям – справа, безумоўна, высакародная. І, здаецца, удзячная. Наколькі такое меркаванне супадае з рэальнасцю?

— На жаль, часам гэта аказваецца не такой ужо і прыемнай місіяй.  Пры разглядзе пытанняў аб аказанні матэрыяльнай дапамогі імкнёмся дасканала разабрацца ў кожнай сітуацыі. Таму што гэтую дапамогу дзяржава павінна аказваць толькі тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу, таму што не можа палепшыць уласнае матэрыяльнае становішча самастойна. А заяўнікам часта здаецца, што ім задаюць лішнія пытанні. Чамусьці часта заяўнікаў абражае элементарнае пытанне: а што вы самі зрабілі, каб палепшыць свой матэрыяльны стан? Здараецца, што пасля яго (ды і ў некаторых іншых сітуацыях) нашым супрацоўнікам самім па-трэбна абарона – ад абраз і грубасці наведвальнікаў. І нават у такіх, практычна надзвычайных, сітуацыях стараемся зразумець, як кажуць, увайсці ў становішча…

Тым не менш, сапраўды, дапамагаць людзям – місія высакародная. Менавіта пра гэта ў першую чаргу памятаюць усе нашы супрацоўнікі. Асабліва блізкія да людскіх патрэб, канешне, работнікі ТЦСАН. У цэнтры функцыянуе 5 аддзяленняў, тут аказваюцца самыя запатрабаваныя паслугі для насельніцтва – абслугоўванне грамадзян на даму, аказанне разавых платных паслуг насельніцтву, дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

У снежні прайшоў конкурс “Лепшы па прафесіі сацыяльны работнік”. Яго пераможцамі сталі Таццяна Гібеж, Зінаіда Бурак і Святлана Тарабаш. А наогул, прозвішчы сумленных і адказных работнікаў можна пералічваць яшчэ доўга.

— Пад кантролем упраўлення, як ужо згадвалася, і сацыяльна-працоўныя адносіны, і ахова працы, і занятасць насельніцтва…

– Так, і гэта  яшчэ адзін сур’ёзны ўчастак работы. За мінулы год сектарам аховы працы разгледжана 6 пісьмовых зваротаў грамадзян, у тым ліку 5 – па пытаннях захавання заканадаўства аб працы і калектыўны зварот па пытанні аховы працы.

Гэты сектар, акрамя іншага, аказвае практычную і метадычную дапамогу арганізацыям, прыватным прадпрыемствам і індывідуальным прадпрымальнікам у распрацоўцы штатнага раскладу, палажэнняў аб аплаце працы, праграм навучання і інструкцый па ахове працы. Ажыццяўляецца кантроль працоўных дагавораў, якія ІП заключаюць з наёмнымі работнікамі, на прадмет захавання заканадаўства аб працы і яе аплаце. Акрамя таго, у кампетэнцыі сектара аховы працы – правядзенне пастаяннага кантролю за выкананнем паказчыкаў па росце заработнай платы і многія іншыя пытанні.

Вялікае значэнне надаецца вырашэнню пытанняў занятасці насельніцтва, і гэта зразумела. Трэба сказаць, што ў нашым раёне ўзровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва на 1 снежня складаў 0,6 працэнта (на пачатак 2011-га – 0,8 працэнта). На працягу мінулага года ў службу занятасці звярнуліся за са-дзейнічаннем у працаўладкаванні 573 чалавекі, 389 з іх былі зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных. 347 землякам служба дапамагла працаўладкавацца на прадпрыемствы і ў арганізацыі, у тым ліку праз прафесійную падрыхтоўку і навучанне. 210 чалавек прынялі ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах. Сярод клопатаў службы занятасці – арганізацыя другаснай занятасці навучэнцаў, дапамога беспрацоўным у арганізацыі ўласнай справы, працаўладкаванне абавязаных асоб і яшчэ многае іншае.

– Сёння ў вашай службы прафесійнае свята…

– І, карыстаючыся магчымасцю, з гэтай нагоды літаральна некалькі словаў.

Ва ўпраўленні працуе 19 чалавек, з якіх 17 – дзяржслужачыя. Калектыў у асноўным жаночы. І, што вельмі важна, зла-джаны і кваліфікаваны. Выпадковыя людзі ў нас не затрым-ліваюцца.

У прафесійнае свята ўсім калегам  хочацца сказаць шчыры дзякуй за працу. А тым, хто на заслужаным адпачынку, — што мы памятаем пра вас і ўдзячны за вопыт, навуку, дапамогу. Канешне, каб усе былі здаровыя. І каб урэшце (як і звычайна на наша свята) была зіма, як і належыць  са снегам і марозам.

Гутарыла
Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *