Вера і любоў Надзеі

Кожны, хто ведае Надзею Патапчык, не перастае здзіўляцца, наколькі гарманічна ў ёй спалучаюцца пяшчота іэнергічнасць, спагада да іншых і патрабавальнасць да сябе, цвёрдасць характару і вера ў людзей.  Яна ніколі не шукала лёгкіх шляхоў ні ў жыцці, ні ў прафесіі: упэўнена,  мэтанакіравана, крок за крокам ішла да пастаўленай мэты. І пры гэтым паспявала выхоўваць дзяцей, утрымліваць ва ўзорным парадку вялікую гаспадарку, укладваць душу ў любімую прафесію.

Кожны, хто мае хоць якое-небудзь дачыненне да летняга адпачынку рабят, не ўяўляе цяпер ужо адзіны на Ляхавіччыне загарадны аздараўленчы лагер “Чайка” без яго начальніка Надзеі Патапчык. І сапраўды, Надзея Пятроўна і “Чайка” даўно ўжо нераздзельныя.

— Гэта месца ў прыгожым маляўнічым куточку роднай Ляхавіччыны, дзе знаёмая кожная сцяжынка, для мяне вельмі значнае, адметнае, дарагое і любімае. Як маці пяшчотна і клапатліва адносіцца да свайго дзіцяці, так і я жыву “Чайкай”, – з цеплынёй у голасе гаворыць Надзея Пятроўна.

Летнік, якому ў мінулым годзе “стукнула” 25 гадоў, без перабольш-вання — самае жаданае месца адпачынку юных ляхавічан.  Пра змену ў ім у час канікулаў мараць многія рабяты. А дарослыя яшчэ напачатку кожнай вясны імкнуцца зарэзерваваць сюды пуцёўку для сваіх дзяцей, бо цвёрда ўпэўнены, што ім тут будзе вельмі добра.  У такой папулярнасці ёсць і пэўная заслуга начальніка, які падчас кожнага з сезонаў аб’ядноўвае вакол сябе ініцыятыўных, творчых, дысцыплінаваных выхавальнікаў і важатых, медыкаў і повараў, каб стварыць усе ўмовы для паўнацэннага дзіцячага адпачынку.

І як радаваўся ўвесь летнік – рабяты і дарослыя, і, канешне, начальнік, калі летась “Чайка” была адзначана дыпломам І ступені ў абласным конкурсе сярод загарадных аздараўленчых лагераў Брэстчыны.

— Нават цяжка падлічыць, колькі  хлопчыкаў і дзяўчынак адпачывалі ў “Чайцы” за амаль 50 змен – з 1998 года – калі я ўпершыню была прызначана на пасаду начальніка. Многіх з іх памятаю, яны для мяне, як родныя. І вельмі прыемна, калі праз гады ўжо дарослыя, мае некалі гарэзлівыя выхаванцы тэлефануюць, прыязджаюць і проста помняць, –  расказвае Надзея Пятроўна.

Начальнік летніка — гэта і  педагог, і медык, і будаўнік, і повар, і  дэкаратар, і  “даставала” – усё ў адной асобе.  А яшчэ Надзея Патапчык абаяльная жанчына, якая складае душэўныя вершы пра прыроду, каханне і пра “Чайку”. Паспявае ўсюды, да работы ставіцца выключна адказна, унікае ў любое пытанне, не падзя- ляе справы на галоўныя і другасныя.  Можа ў гэтым сакрэт яе паспяховай кіраўніцкай дзейнасці. І калі раней яна спяшалася ў “Чайку” пешшу ці на веласіпедзе толькі летам,  то ўжо 5 гадоў запар Надзея Патапчык круглагадовы начальнік. І шлях ад невялікай вёскі Бенькаўцы, дзе яна жыве з дзяцінства, да месца работы  ляжыць у любую пару года.

Дарэчы, шлях у настаўніцтва для выпускніцы Востраўскай сярэдняй школы пачынаўся далёка не з педагагічнай дзейнасці.  Не прайшоўшы па конкурсе ў інстытут народнай гаспадаркі, малодшая з чатырох сясцёр засталася ў Мінску і ўладкавалася на працу токарам на падшыпнікавы завод. Пасля смерці мамы Надзея вярнулася ў родную вёску, каб  быць побач з бацькам. Пайшла завочна вучыцца ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, настаўнічала ў Малагарадзішчанскай СШ, доўгі час была  загадчыцай Галаўнінскага дзіцячага сада. Мяняліся пасады, калектывы, але нязменнымі заставаліся любоў да дзяцей, павага да калег і зайздросная адданасць  рабоце.  Надзея Патапчык неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі аддзела адукацыі райвыканкама, у яе паслужным спісе – ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў,  абкама прафсаюза работнікаў адукацыі,  упраўлення адукацыі аблвыканкама. І ўсё гэта заслужана.

А яшчэ яна – вельмі клапатлівая, любячая і любімая мама – самы галоўны і дарагі чалавек для сыноў Сяргея і Яўгенія.

— Нават не паспела заўважыць, як хутка павырасталі мае сыны. Цяпер яны дарослыя, жывуць і працуюць у Мінску, але з задавальненнем прыязджаюць дамоў.  Падрастае ўнучак Мацвей, пакуль адзіны, але, спадзяюся, што не апошні, – расказвае мама і бабуля ў адной асобе. У Надзеі Патапчык ёсць яшчэ адна адметная якасць – яна ўмее сябраваць, а гэта сапраўдны дар.  Дзеля блізкіх і дарагіх людей яна не шкадуе ні душэўных сіл, ні часу. Шчыры, добразычлівы і надзейны чалавек, які не здрадзіць, не падвядзе.  Яна з дзяцінства прывыкла верыць іншым і любіць людзей.  Можа таму Надзея Пятроўна так захапляецца кветкамі, якія расцвітаюць рознымі колерамі ад клопату, любові і пяшчоты. Са школьнай пары лепшая сяброўка Надзеі – аднакласніца Таццяна. Праз гады іх жаночая дружба стала яшчэ больш моцнай. Яны адна адной бліжэй, чым сёстры…

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *