Будзьце здаровы і не чхайце!

Як толькі прыходзяць халады, псуецца надвор’ е, вострыя рэспіраторна-  вірусныя інфекцыі, грып выбіваюць нас сазвыклага рытму. Цяжка знайсці чалавека, якому былі б не знаёмы прастудныя ці грыпозныя сімптомы. Насмарк, галаўны боль,  павышэнне тэмпературы цела, пяршэнне ў горле, агульная млявасць… Не сакрэт, што менавіта позняя восень, зіма і пачатак вясны становяцца «зорным часам» для гэтых маштабных непрыемнасцей. Як сведчаць медыкі,  хранічнае пераахаладжэнне разам з вялікай колькасцю носьбітаў шкодных вірусаў з’яўляюцца ідэальнай атмасферай для развіцця прастудных захворванняў.

Як засцерагчыся  ад гэтых «монстраў» (ВРВІ, грып, прастуда), разважаюць спецыя-лісты-медыкі УАЗ «Ляхавіцкая раённая бальніца»: урач-валеолаг Таццяна УСЦЮШКОВА,  загадчыца інфекцыйнага аддзялення Аліна  КУРЛОВІЧ, раённы педыятр Інэса ДРАЗДОВІЧ і ўрач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Васілій СКАРАХОД.

В. Скараход:

— Згодна даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у свеце на грып хварэюць 20-30 працэнтаў дзяцей і 5-10 працэнтаў  дарослых, каля 5 тысяч захварэўшых паміраюць.  Эканамічныя страты ў свеце ад штогадовых  эпідэмій складаюць ад 1 да 6 мільёнаў долараў на 100 тысяч насельніцтва.

Што датычыць Беларусі, па статыстыцы  грыпам і ВРВІ штогод хварэе кожны 4-ы жыхар краіны — гэта каля 2,5 мільёна чалавек.

На Ляхавіччыне традыцыйна пад’ём захваральнасці чакаецца напрыканцы лютага-у сакавіку.

Не адкрыю новага, калі скажу: адным з найбольш эфектыўных і эканамічна абгрунтаваным спосабам прафілактыкі грыпу  з’яўляецца вакцынацыя. У гэтым сезоне супрацьгрыпозную прышчэпку атрымалі 9315 жыхароў горада і раёна.

Для чытачоў «ЛВ» нагадаю: грып — рэспіраторнае інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з’яўляюцца вірусы грыпу некалькіх тыпаў. Асноўны шлях перадачы ад чалавека да чалавека — пры кашлі, чханні, размове. Пры першых прыкметах ВРВІ  ці грыпу неабходна застацца дома, захоўваць пасцельны рэжым і выклікаць урача. Хвораму выдзяляецца асобны посуд, ручнік, аднаразовая медыцынская маска і насавыя сурвэткі. Пакуль урач не пры-значыць лячэнне, не выкарыстоўвайце прапанаваныя блізкімі ці сябрамі лекі, а лепш часцей і ўжывайце цёплае піццё.

Мікрафлора кватэр, офісаў, іншых закрытых памяшканняў утрымлівае мікробы. Праветрыванне (не менш за 3 разы ў дзень) і вільготная ўборка зменшаць колькасць цыркулюючых у паветры мікраарганізмаў.

Варта адмовіцца ад шкодных звычак. Так, курэнне зніжае імунітэт і адпаведна ў разы павялічвае верагоднасць узнікнення ВРВІ. Адной з самых эфектыўных  форм актыўнага адпачынку для прафілактыкі грыпу і ВРВІ  з’яўляецца гімнастыка. Важна, каб характар адпачынку быў супрацьлеглым характару работы.

Ну і яшчэ парады: аснову разнастайнага і збалансаванага харчавання павінны складаць лёгказасваяльныя вугляводы (кашы, зерневы хлеб, крупы), клятчатка (агародніна і фрукты).  Па-спрабуйце абмежаваць колькасць тлустай, смажанай ежы, фастфуда і паўфабрыкатаў.  Не забывайце ўзбагачаць свой рацыён  вітамінам С, якога дастаткова ўтрымліваецца ў цытрусавых, квашанай капусце, шыпшыне.  Выдатна змагаецца з грыпам і вітамін А, якога даволі шмат у малацэ, сліўках, пячонцы, рыбіным тлушчы.

І.  Драздовіч:

— Навукова пацверджана, што ў перыяд халадоў  гэтыя  хваробы ахопліваюць  вялікую частку насельніцтва. Сярод захварэўшых пераважаюць дзеці, бо іх імунная сістэма значна слабейшая, чым у дарослых. Таму і хварэюць дзеці ВРІ і грыпам ад 6 да 10 разоў у год.

Мы імкнёмся засцерагчы сваіх дзяцей ад «палону» інфекцый, аднак, нягледзячы на ўсе забароны і перасцярогі, яны прыходзяць дамоў пасля гульні на вуліцы з прамоклымі нагамі і рукамі, спацелыя — да прастуды рукой падаць. Вось чаму  аптэкі не вытрымліваюць націску бацькоў — усе закупляюць навамодныя прэпараты, мікстуры, таблеткі. На жаль, мала хто задумваецца пра тое, што ўсе гэтыя лекавыя прэпараты не лепшым чынам уплываюць на здароўе. Значна прасцей і карысней будзе папярэдзіць захворванне, чым потым яго лячыць.

Адзін з аспектаў прафілактыкі — захаванне рэжыму дня. Дарослыя павінны абмежаваць заняткі дзяцей (гульні на камп’ютары, доўгае  знаходжанне перад экранам тэлевізара), якія прыводзяць да ператамлення  і пераўзбуджэння нервовай сістэмы. У халодную пару года працягласць сну неабходна павялічыць на 1-1,5 гадзіны. Вельмі карысныя штодзённыя прагулкі на свежым паветры, асабліва перад сном. Пазбягайце месцаў, дзе збіраецца многа людзей. Калі  дома нехта захварэў, па магчымасці ізалюйце хворага ў асобны пакой і купіце для ўсіх дамашніх марлевыя павязкі.  Дарослыя, сябруйце з гігіенай самі і прывучайце да  яе дзяцей. Варта навучыць  іх паласкаць рот і нос, асабліва з выкарыстаннем розных адвараў лекавых раслін, раствораў з марской солі. Не грэбуйце  воднымі  загартоўваючымі працэдурамі, фізкультурай, не забывайце своечасова даць згоду на вакцынацыю вашага дзіцяці.  Пастарайцеся забяспечыць  усе вышэйназваныя кампаненты, і арганізм дзіцяці будзе больш трывала супрацьстаяць хваробам.

Т.  Усцюшкова:

—  Згаджуся са сваімі калегамі і яшчэ раз паўтару вядомую ісціну: хваробу лягчэй папярэдзіць, чым  потым яе лячыць. Грып і ВРВІ таму не выключэнне. Перад пачаткам эпідэміі  ці непасрэдна ў час яе  штодзённа на працягу 20-30 дзён прымайце полівітамінныя прэпараты накшталт «Гексавіта», «Ундэвіта», «Дэкамевіта» ці аскарбінавую кіслату.  У якасці абароны падыдуць супрацьвірусныя сродкі «Рэмантадзін», «Антыгрыпін», «Антыгрыпакапс» і іншыя. І яшчэ адна важная рэкамендацыя: перад тым, як выйсці на вуліцу, змазвайце слізістую абалонку носа (сваю і свайго дзіцяці) сродкамі накшталт аксалінавай мазі ці нават растворам гаспадарчага мыла, якія дапамагаюць увільгатніць слізістую абалонку і не дазволяць трапіць на яе вірусам. Эфектыўна змазваць, лёгка масіруючы, пераносіцу і крылы носа, бальзамам «Залатая зорка».

Вось некалькі рэцэптаў для санацыі носа і горла, якія не толькі засцерагуць вас ад вірусаў, але і дапамогуць у лячэнні  прастуды. У літры цёплай гатаванай вады размяшайце  па 1 ст. л. харчовай соды і солі, 1 ч. л. 5-працэнтнага ёду — і паласкайце горла на здароўе.  Карысны і наступны настой: 1 ст.л. сухіх лісцяў маліны заліце 2 шклянкамі кіпеню, настойвайце 10 хвілін, праца-дзіце, дадайце 1 ч.л. мёду і паласкайце хворае горла.  Растворам  яблычнага воцату (на шклянку цёплай гатаванай вады — 1 ч.л.  воцату) палошчуць горла, рот і прамываюць нос.  Выдатным сродкам для паласкання  з’яўляецца і спіртавая настойка эўкаліпту (40 кропель на шклянку цёплай вады). Дапамогуць пры хваробе і лячэбныя ванны для ног з выкарыстаннем гарчычнага парашку (майце на ўвазе, іх забараняецца прымаць, калі тэмпература цела паднялася вышэй за 37 градусаў), а таксама інгаляцыі на аснове травяных раствораў (рамонак, календула і інш.). І калі  вы не засцерагліся ад прастуды ці грыпу, хутка прымайце меры, каб спыніць распаўсюджванне заразы,  не забывайце пра паўнацэнны адпачынак. І самае галоўнае — не займайцеся самалячэннем,  а абавязкова звярніцеся за кваліфікаванай дапамогай да ўрача. Не падвяргайце рызыцы захварэць сваіх калег, суседзяў, проста незнаёмых людзей. Паверце, тое што хворы чалавек прыйшоў на працу, гаворыць не пра яго адданасць рабоце, а хутчэй пра непавагу да тых, то знаходзіцца побач з ім і можа падхапіць інфекцыю.

А. Курловіч:

— У клінічнай карціне грыпу пераважаюць  сімптомы інтаксікацыі. Пачынаецца хвароба з высокай тэмпературы, якая на працягу першых сутак дасягае 39-40 градусаў, з’яўляецца моцны галаўны боль у вобласці лба, вочных яблык, а таксама боль у мышцах і касцях, за 2-3 дні да гэтых сімптомаў дадаюцца  чханне, сухі пакутлівы кашаль, насмарк нязначны.  Гарачка пры неўскладненым грыпе працягваецца 1-3 дні (максімум да 5 дзён). Кашаль захоўваецца 7-10 дзён. У некаторых дзяцей грып можа суправаджацца стратай прытомнасці, насавым кровацячэннем, высыпаннем на скуры.

ВРВІ аб’ядноўвае вялікую колькасць захворванняў, у многім падобных адно на другое.  Яны маюць  амаль аднолькавую клінічную карціну з грыпам, але выклікаюць такія хваробы звыш 200 зусім іншых вірусаў. Найбольш частым і цяжкім ускладненнем грыпу з’яўляецца пнеўманія, бываюць таксама ларынгатрахеіты,  бранхіты, танзіліты, атыты, сінусіты, цыстыты і іншыя.

Грып — небяспечны, таму адносіцца да яго трэба з усёй сур’ёзнасцю, не займацца самаахвяраваннем, імкнучыся пераносіць хваробу на нагах. Даверцеся медыкам,толькі яны могуць прызначыць патрэбныя медыцынскія прэпараты. Да сустрэчы з урачом карысна піць журавінны морс, мінеральную ваду, гарачы чай з лімонам, малінавым варэннем, адвары траў, шыпшыны. Пасцельны рэжым назначаюць на вост-ры перыяд хваробы (не менш 3-5 дзён). Хворыя з цяжкімі формамі грыпу і ўскладненнямі, а таксама дзеці ранняга ўзросту шпіталізуюцца.

Грып лечыцца, але лепш ім не хварэць.

Матэрыялы «круглага стала»

падрыхтавала Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *