“Хто не са мной, той супраць мяне”?..

Відаць,  дамы на гэтай вуліцы ў Ліпску будаваліся ўжо тады, калі людзі, перажыўшы пасляваенную разруху, трывала сталі на ногі. Амаль усе па адным праекце: прасторныя, з вялікімі вокнамі, ашаляваныя і пафарбаваныя. Кажуць, што Іван Дыдышка падаў такую моду, першым пабудаваў дом і па-гаспадарску ўладкаваў сядзібу. Яна і цяпер выглядае дагледжанай: хоць здароўя няма ў Івана Пятровіча, аднак і дом свежа пафарбаваны, і летняя кухня пабелена, і двор упарадкаваны. Праўда, жыццё ў гаспадара гэтай сядзібы склалася крыху не так, як планаваў: Бог не даў дзяцей. Вякуюць з жонкай. Вера Васільеўна маладзейшая і здароўе мае лепшае (Іван Пятровіч – інвалід 1 групы), яна бярэ на сябе большую частку клопатаў па гаспадарцы. Дапамагае і дзяржава: пенсію абое атрым-ліваюць, прычым у Івана Пятровіча яна большая за мільён. Сацыяльны работнік прыстаўлены да гэтых людзей шаноўнага ўзросту, калі трэба, дапаможа і па гаспадарцы, і лекі купіць, і прадукты прынясе. Зноў жа, на зіму торфабрыкет назапасіць можна па льготнай цане як інваліду.

Здаецца, жыць ды пажываць гэтым людзям, падтрымліваючы адзін аднаго ў горы і радасці. Але, ці то ад суму і адзіноты, ці па іншай прычыне, Іван Пятровіч узяўся пісаць. Не мемуары, а скаргі. Магчыма, здалося яму, што ён самы справядлівы і самы сумленны чалавек у вёсцы, акрузе, раёне, што ён можа   кожнага ”вывесці на чыстую ваду”.

Дарэчы, пра чыстую ваду. Менавіта з яе і пачаўся паток скаргаў Івана Пятровіча. Якраз на мяжы з агародам суседкі ён некалі пабудаваў калодзеж і, як сцвярджае, вада ў ім была чыстая, бы сляза. А некалькі гадоў назад гаспадар пераканаўся, што вада стала бруднай, і зрабіў выснову: вінаватая ў тым суседка, якая выкарыстоўвае на сваіх градках мінеральныя ўдабрэнні, і яны трапляюць у калодзеж. Пасля шматлікіх праверак, праведзеных раённымі службамі, было ўстаноўлена, што калодзеж Іван Дыдышка ўтрымлівае без захоў-вання санітарных нормаў і правілаў. Улічваючы ўзрост людзей, інваліднасць гаспадара, райвыканкам даручыў мясцовай гаспадарцы — СВК “Ліпнянка” — навесці парадак. Неўзабаве вакол калодзежа быў пабудаваны так званы гліняны замок, паверхню якога зацэментавалі. Акрамя таго, некалькі разоў, зноў-такі па распараджэнні райвыканкама, РАНС накіроўваў сюды машыны для адкачкі вады з калодзежа, які папярэдне быў пачышчаны.

“Вадзяная” тэма Івану Пятровічу падкінула шмат новых, накшталт “нядобрасумленнасці” людзей, якія працуюць на кіруючых пасадах у раёне, вобласці і г.д., узначальваюць суды, пракуратуру, дайшоў нават да Мітрапаліта Філарэта… На беспадстаўныя скаргі даводзіцца рэагаваць – праводзіць праверку, выязджаюць на месца, дасылаць адказы.

Між іншым, пакуль працягвалася перапіска Івана Дыдышкі са шматлікімі інстанцыямі, у вёсцы адбываліся добрыя перамены. Вось і водаправод працягнулі па вуліцах. Мясцовыя жыхары абрадаваліся такой зручнасці, паспяшаліся падаць заявы і аплаціць работы, каб мець выгоду ў сваіх дамах. Усяго ў 28 метрах ад сядзібы Івана Пятровіча (пры тым, што нормай лічыцца адлегласць у 300 метраў) пабудавана калонка. Аднак ён не думае скарыстаць такую магчымасць і падвесці сабе ваду з артэзіянскай свідравіны, а працягвае страчыць скаргі – “шукаць праўду”.

На стале старшыні раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча – гара (без перабольшвання) папер, да ўзнікнення якіх самае непасрэднае дачыненне мае жыхар вёскі Ліпск Іван Дыдышка. Каб паставіць, у рэшце рэшт, кропку ў гэтай перапісцы, вырашана было наведацца да яго ў Ліпск. Паехалі да Івана Пятровіча дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Майсюк, старшыня Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, старшыня Крывошынскага сельвыканкама Георгій Буйкевіч, галоўны ўрач райЦГіЭ Віталій Ціханаў, спецыяліст райвыканкама Наталля Гачко, прадстаўнікі рэспубліканскай і раённай прэсы.

Іван Пятровіч не чакаў такіх гасцей. Але тут жа, з дапамогай жонкі, дастаў некалькі папак з пісьмамі-адказамі з розных інстанцый.

— Гэта не ўсе, – запэўніла нас Вера Васільеўна. – Вунь паўмяха іх стаіць…

Падумалася: колькі ж людзей адарваў ад важных спраў гэты чалавек, вымусіў у каторы раз весці праверкі, траціць бензін на бессэнсоўныя паездкі, каб напісаць чарговыя адказы на ягоныя новыя-старыя пытанні. Іван Пятровіч сцвярджае, што ўсе,        хто яго не падтрымлівае, – тыраны, з якімі ён намераны змагацца да канца сваіх дзён. Калі перайшоў на канкрэтныя асобы, то, напрыклад, у прысутнасці ўсіх стаў патрабаваць, каб суседку “аштрафавалі і пасадзілі ў турму”. Старшыня сельвыканкама, наогул, па словах Івана Дыдышкі, хацеў забіць яго палкай, і “каб не сусед…”. Дарэчы, і пасля  ён сцвярджаў па тэлефоне, што падчас нашага візіту “… вы не бачылі, а Буйкевіч і зноў хацеў мяне набіць…”

На пытанне, “чаго ўсё ж, Іван Пятровіч, вам не хапае ў жыцці”, яго першы адказ быў такі:

— Правесці водаправод мне  ў летнюю кухню бясплатна, за кошт маіх крыўдзіцеляў. Звольніць з пасадаў усіх “нашчадкаў сталінізму”…

Вось такая пазіцыя ў  Івана Пятровіча. Дарэчы, з якой нагоды бясплатна аказваць платныя паслугі? Хіба што пад страхам чарговай скаргі, якую ён абавязкова зноў напіша? А як тады глядзець у вочы, напрыклад, суседцы, што жыве насупраць, – Стэфанідзе Ламанос? Яна  атрым-лівае зусім невялікую пенсію, стараецца знайсці работу, каб зарабіць грошы, бо адна гадуе чатырох унукаў. Яна здолела правесці ваду ў хату. Не маюць асаблівых прыбыткаў і многія іншыя вяскоўцы. Дарэчы, а як яны ставяцца да паператворчасці Івана Дыдышкі? Многія скептычна, з гумарам, маўляў ён усё жыццё піша і калі перастане, то страціць свой “імідж”; іншыя з асуджэннем гавораць, называюць “паклёпнікам”; знайшліся і такія, што папярэдзілі: “Калі толькі Дыдышку будзе бясплатна праведзены водаправод, мы таксама пачнём пісаць…” Як бачна, ён і сярод сваіх вяскоўцаў застаецца чужым.

…Між тым, у жыцці вышэй за ўсё – закон.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *