Прыём па дарожных пытаннях і не толькі. У мінулую сераду, 23 верасня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Георгій Хлябовіч
Сустрэчы з насельніцтвам – важная частка дэпутацкай дзейнасці, якая дапамагае напрамую пачуць праблемы і прапановы людзей, разабрацца ў пытаннях, што іх хвалююць, і знайсці
шляхі вырашэння. У мінулую сераду, 23 верасня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Георгій Хлябовіч правёў чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. На дэпутацкі прыём з рознымі пытаннямі звярнуліся чатыры чалавекі.

У цэнтры ўвагі – стан дарог і прылеглых тэрыторый. Так, стараста вёсак Падбарочча, Нівішча, Залужжа і Набярэжнай Валянціна Маслоўская расказала, што вяскоўцаў хвалюе стан гравійнай дарогі на ўчастку ад вёскі Набярэжнай да Падбарочча. Маўляў, каменне вост-
рае, а летам транспарт гаспадаркі дастаўляе кармы на ферму, і з-за пылу не відаць свету… Да таго, па меркаванні старасты, стан дарогі адбіваецца і на попыце на пустуючыя дамы ў вёсцы.
Начальнік ДРБУ-200 Максім Муха патлумачыў, што працягласць праблемнага ўчастка – больш за чатыры кіламетры. Каб заасфальтаваць дарогу, патрабуецца ўнушальная сума – больш за мільён рублёў.
– У першую чаргу ўвага надаецца дарогам запатрабаваным і загружаным, размешчаным у населеных пунктах з развітой інфра-структурай і сацыяльнымі аб’ектамі. Канешне, дарожнае пакрыццё ўсюды прыводзіцца ў парадак, аднак асфальтаваць абсалютна ўсё немагчыма, – адзначыў Георгій Хлябовіч і дадаў, што ў выпадку з Падбароччам сітуацыю, магчыма, вырашыць якаснае грэйдзіраванне.
Вясковага старасту таксама непакоіць, што поле перад Падбароччам зарасло травой. Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская патлумачыла, што зараз разглядаецца пытанне перадачы гэтых земляў запасу фермеру для ўцягнення іх у сельгасабарот.
Сярод узнятых праблем – і зварот жыхаркі Крывошына. Некалькі гадоў назад у вёсцы па вуліцы Савецкай праклалі асфальт, і пасля дажджу вада пачала заліваць яе двор. Дэпутат узяў пытанне на кантроль. Як і тэму магчымасці арганізацыі ў раёне артадантычнай стаматалагічнай дапамогі, іншыя пытанні.
У прыёме прынялі ўдзел старшыня Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

