Адразу 7 шоу

Бясспрэчна, самая цікавая, прыгожая, непаўторная пара ў жыцці – студэнцтва. Гэта такі стан душы, калі на ўсё хапае часу: вучоба, падрыхтоўка да выбранай прафесіі, сябры і сяброўкі, актыўная жыццёвая пазіцыя, удзел ва ўсіх мерапрыемствах, падарожжы і экскурсіі, і, зразумела ж, каханне…
Здаецца, навучэнцы нашага аграрнага каледжа таксама не дрэмлюць, а стараюцца арганізаваць сваё жыццё цікава і змястоўна. Пацвярджэнне таму – традыцыйны фестываль “Студэнцкая восень-2010”, які на гэты раз сабраў не толькі навучэнцаў і выкладчыкаў, а і жыхароў райцэнтра. Па традыцыі галоўнымі дзеючымі асобамі на фестывалі былі першакурснікі. Яны павінны былі як мага больш цікава прадставіць сябе ў новай якасці – навучэнцаў аграрнага каледжа, паказаць, якой яны бачаць сваю будучую прафесію, але на пачатку – студэнцкае жыццё. З запалам, кемлівыя, з пачуццём гумару – такімі паказалі сябе рабяты з усіх сямі акадэмічных груп, якія вынеслі на суд гледачоў і журы сапраўдныя шоу-праграмы. І ўсё ж пераможцамі названы навучэнцы 11-ай групы аддзялення ветэрынарнай медыцыны, другое месца заняла 22-я група будучых аграномаў, трэцяе – 23-я група заатэхнічнага аддзялення. Журы адзначыла лепшых і ў намінацыях ”лепшы жарт”, ”вакал”, ”артыстызм”… – без прызоў не застаўся ні адзін удзельнік фестывалю.
Самымі хвалюючымі імгненнямі мерапрыемства было ўручэнне навучэнцам сімвалаў студэнцтва – “ключ да ведаў” і “студэнцкі білет”, якія перадаў рабятам дырэктар ЛДАКа Вячаслаў Сельмановіч.
Святлана ТАРАСЕВІЧ, намеснік дырэктара Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *