ПазаКЛАСная падрыхтоўка

Сітуацыі з забяспечанасцю сельскагаспадарчых арганізацый механізатарскімі кадрамі ўласціва вясенняе абвастрэнне.Неабходнасць выканання за кароткі прамежак часу вялікіх аб’ёмаў палявых работ прадугледжвае максімальную канцэнтрацыю выкарыстання тэхніка-матэрыяльных сродкаў. Нягледзячы на высокатэхналагічнасць, усе гэтыя сродкі нічога не вартыя без інтэлекту, прафесійных навыкаў і ўмелых механізатарскіх рук.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Тухавіцкі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат» з’яўляецца тым самым месцам, дзе гэтыя рукі рыхтуюць, дзе са школьнікаў «лепяць», у тым ліку, і трактарыстаў-машыністаў. У працэсе вучобы старшакласнікі і старшакласніцы — ёсць і такія выпадкі — знаёмяцца таксама з асновамі агратэхналогіі, асвойваюць прыёмы вядзення тых ці іншых сельскагаспадарчых работ. На «выхадзе»          атрымліваецца гатовы механізатар — трактарыст-машыніст катэгорыі «А».

Ці для многіх спецыяльнасць, атрыманая ў сценах Тухавіцкага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната, становіцца прафесіяй? Канешне, сказаць дакладна немагчыма. Аднак і пры-блізная статыстыка, якую прывяла дырэктар установы Валянціна Новік, з’яўляецца даволі паказальнай і дастатковай, каб зрабіць пэўныя высновы: «Калі прааналізаваць механізатарскі склад бліжэйшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — СВК «Востраў-Агра», «Ліпнянка», а таксама нашага торфабрыкетнага завода, думаю, атрымаецца, што прыкладна палова з’яўляецца выпускнікамі Тухавіцкага вучэбна-вытворчага камбіната розных гадоў. І яшчэ: штогод прыкладна 10 працэнтаў выхаванцаў установы або ўладкоўваюцца на працу па атрыманай спецыяльнасці, або працягваюць навучанне па спецыяльнасці ў нечым блізкай. Напрыклад, працягам лічыцца, калі             нехта паступае ў вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову сельскагаспадарчага профілю».

Адлік часу для Тухавіцкага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната пачаўся ў 1978, праз тры гады пасля адкрыцця  ўстановы падобнага тыпу ў Ляхавічах.

За Тухавіцкім МВВК «замацавана» 5 бліжэйшых сярэдніх агульнаадукацыйных школ: Тухавіцкая, Востраўская, Свяціцкая, Ліпская, Крывошынская. У гэтым навучальным годзе сакрэты прафесіі тут спасцігаюць 80 вучняў трох апошніх школьных класаў. Дзевяцікласнікі, як адзначыла Валянціна Новік, праходзяць дапрафесійную падрыхтоўку. Дзяўчынкі знаёмяцца з асновамі швейнай справы. Як бы прыглядаюцца, праектуюць яе на сябе: наколькі падабаецца, ці атрымліваецца, прысутнічаюць або не матывацыя і жаданне гэтым займацца. У хлопцаў-дзевяцікласнікаў усё тое ж самае — толькі ў дачыненні прафесіі трактарыста-машы-ніста.

Падобны падыход дазваляе школьнікам вызначыцца: на каго «пайсці» вучыцца. І хоць выбар не прадугледжвае асаблівай альтэрнатывы — ён ёсць. Як паведаміла Валянціна Юльянаўна, у Тухавіцкім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце спецыяльнасць трактарыста-машыніста асвойваюць, у тым ліку, і тры дзяўчынкі. Адна з іх — сёлетняя выпускніца, у дзвюх іншых — вучаніц 10 класа — наперадзе больш як год вучобы.

А сярод тых, хто навучаецца прафесіі швачкі, — выключна прыгожае прадстаўніцтва.

Хто іх выводзіць у майстры? Педагагічны калектыў Тухавіцкага МВВК налічвае 5 чалавек. У іх ліку і майстар практычнага навучання ваджэнню трактара ад якога залежыць вельмі шмат. Думаецца, у значнай ступені і тое, наколькі школьнікі «прыкіпяць» да прафесіі, ці застануцца. Увогуле, пра вопыт, прафесіянальныя якасці выкладчыкаў гаворыць хоць бы і тое, што тры з іх атэставаны на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *