Вучыцца самому, каб вучыць іншых

У наш час установам адукацыі патрэбны не проста спецыялісты-прафесіяналы, а настаўнікі высокай культуры, зацікаўленыя ў развіцці творчага патэнцыялу вучняў і выхаванцаў, здольныя да самаўдасканалення.

Праграма прафесійнага развіцця педагога прадукцыйная ў тым выпадку, калі аб’ядноўвае ў сабе даследчую, пошукавую дзейнасць і не абыходзіцца без творчасці.  Трэцяя па ліку канферэнцыя «Вучыцца самому, каб вучыць іншых» для педагогаў з 2-3-гадовым стажам работы прайшла напрыканцы сакавіка. 12 маладым спецыялістам з 11 сярэдніх школ і 3 дашкольных устаноў была дадзена магчымасць праявіць творчасць, паспяхова самарэалізавацца і прадэманстраваць свае дасягненні.

Адразу выдзеліўся на фоне сваіх калег настаўнік англійскай мовы СШ №1 Аляксандр Стэльмацкі. Эрудыцыя,  свабоднае валоданне камп’ютарам, творчы падыход да рэалізацыі педагагічных праектаў у спалучэнні з элегантным знешнім выглядам — усё на карысць маладога настаўніка.  Яго ўрок па тэме «Музыка» натхняе і захапляе, адкрывае новыя гарызонты выкарыстання камп’ютарных тэхналогій. Наогул, даклад Аляксандра Стэльмацкага можна было ацаніць як майстар-клас прафесіянала. Сам малады педагог сціпла ацаніў сваю прэзентацыю: «Я толькі вучуся».

Яшчэ адна настаўніца замежнай мовы СШ № 2  Наталля Аўчынка пад кіраўніцтвам свайго куратара  Алены Сокал прадставіла даклад па тэме «Камунікатыўны падыход да навучання  англійскай мове», які быў паспяхова апрабаваны на раённым семінары дырэктараў школ.

Маладая настаўніца англійскай мовы гімназіі  Наталля Дашкевіч з захапленнем расказала аб асаблівасцях арганізацыі тэатральнай дзейнасці школьнікаў на замежнай мове. Дарэчы, менавіта па гэтай тэме юныя гімназісты прымаюць удзел у адпаведным абласным конкурсе.

Практычную накіраванасць мела  выступленне настаўніка-дэфектолага СШ № 1 Вольгі Салодкай па тэме «Фарміраванне ў дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні функцыянальнага базіса навыку чытання». Пра асноўныя накірункі  экалагічнага выхавання малодшых школьнікаў у групе падоўжанага дня прааналізавала выхавальнік ГПД   СШ № 1 Кацярына Тарлюк.

Увогуле, на канферэнцыі маладыя спецыялісты закраналі разнастайныя пытанні, якія датычацца патрыятычнага выхавання  падрастаючага пакалення, асаблівасцей паводзін непаўналетніх, прафесійнага самавызначэння, гульнёвых тэхналогій і метадаў.

Па выніках работы канферэнцыі была прынята рэзалюцыя. Маладыя педагогі атрымалі падарункі ад райкама ГА БРСМ.

Таццяна КУЗНЯЦОВА,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *