Тэмпы і якасць – асноўныя патрабаванні

Доўгачаканая і такая капрызная выдалася сёлета вясна. Але ж хлебаробу няма часу чакаць, пакуль яна, прыгажуня, утаймуе свой нораў, а кожную спрыяльную мінуту трэба выкарыстаць для будучага ўраджаю. Сяўба ранніх зерневых і зернебабовых культур — гэтая работа захапіла ўсіх хлебаробаў раёна: не ўпусціць спрыяльныя тэрміны, адсеяцца якасна — галоўная ўмова…

У СВК «Жарабковічы» прама на полі перад пачаткам сяўбы, у прысутнасці галоўных спецыялістаў яшчэ раз правяраюць наладку агрэгатаў: норму высеву, глыбіню задзелкі зерня ў глебу, захаванне адлегласці паміж стыкавымі міжраддзямі — усё ў парадку. Наогул, культура земляробства ў гэтым сельгаскааператыве на вышыні. Дарэчы, паспяхова вядзецца сяўба ранніх зерневых і зернебабовых культур у СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы»,»Канюхі», «Дарава», «Ліпнянка».

На жаль, сказаць тое ж самае пра ўсе гаспадаркі нельга. Як паведаміў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, сустракаліся і такія выпадкі, калі галоўныя спецыялісты нават не з’яўляліся на пасяўныя палеткі, па-кідаючы вырашэнне ўсіх магчымых праблем механізатару. Тлумачэнне адно: прыспешваюць тэмпы. Аднак, гэта ні ў якой меры не павінна адбівацца на якасці выконваемых работ.

Між іншым, у раёне засеяна ўжо амаль 62 працэнты плошчаў, адведзеных пад раннія зерневыя і зернебабовыя культуры. ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» ужо завяршае сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых і мяркуе неўзабаве прыступіць да пасеву ранніх сартоў ільну.

Каб не зацягнуць тэрміны сяўбы кукурузы, пасадку бульбы, нельга адкладваць таксама  ўнясенне арганікі пад пасевы гэтых культур. У СВК «Ляхавіцкі» паралельна з сяўбой ужо амаль заканчваюць і гэтую работу. Стараюцца ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», спецыялізаванае звяно з гэтай арганізацыі працуе таксама на палетках СВК «Тальмінавічы». Марудзяць СВК «Ліпнянка», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік».

Гэтай парой павінна ўзмацніцца работа па падсеву шматгадовых траў. Акрамя СВК «Шлях новы», «Тальмінавічы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ніхто не спяшаецца брацца за гэтую справу.

Вясной работ на палетках вельмі многа і ўсе трэба выканаць у аптымальныя тэрміны. Аднак і пра якасць забывацца нельга: адно другому не павінна быць перашкодай.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *