Ад насення ў раллі да цукру на паліцах. І зноў аграрыі Ляхавіччыны сярод лідараў уборачнай кампаніі. Гэтымі днямі нашы землякі паказваюць майстар-клас на ўборцы цукровых буракоў

Палеткі сельгаспрадпрыемстваў раёна даюць адну з лепшых на Брэстчыне ўраджайнасць салодкага караняплода – 605 цэнтнераў з гектара (сярэднеабласны паказчык – 425 цэнтнераў з гектара). Сярэдняя цукрыстасць па раёне трымаецца на ўзроўні 16,94 працэнта, што таксама вышэй сярэднеабласнога паказчыка.

Цукровыя буракі, накапаныя на Ляхавіччыне, ідуць для далейшай перапрацоўкі на Жабінкаўскі цукровы завод, дзе за суткі перапрацоўваецца каля 10 тысяч тон караняплодаў. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы адпраўляюць салодкі ўраджай на Баранавіцкі буракапрыёмны пункт Жабінкаўскага завода, а, напрыклад, ААТ «Жарабковічы» вязе напрамую на Жабінку. Адтуль вяртаецца з бурачнымі жамерынамі, што з’яўляюцца каштоўным дапаўненнем
у рацыён БРЖ.
– Сёлета ў раёне пад цукровыя буракі адведзена 1 870 гектараў. Каля 40 працэнтаў з гэтых плошчаў – 740 гектараў – займае цукровы караняплод у ААТ «Жарабковічы». Таксама гэту культуру вырошчваюць ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Фораланд», СУП «Ліпнянка», СФГ «Агравыгада плюс». Калі гаварыць пра ўраджайнасць, то, па стане на 23 кастрычніка, лепшы паказчык у «Шляху новым» – 718 цэнтнераў з гектара, далей ідуць «Фораланд» – 608 цэнтнераў з гектара і «Жарабковічы» – 581 цэнтнер на круг. Чакаем, што «Фораланд» яшчэ прыбавіць па ўраджайнасці, паколькі лічбы на палетках каля Адахаўшчыны будуць больш унушальныя. У раёне ўбрана ўжо 60 працэнтаў цукровых буракоў, – расказвае галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук.

«ЛВ» адсачыў шлях салодкага караняплода ад поля да вытворчасці на прыкладзе ЗАТ «Фораланд». У сельгаспрадпрыемстве цукровыя буракі займаюць 630 гектараў. Да іх уборкі сёлета прыступілі раней звычайнага. Ураджайнасцю, хаця яна пакуль і не максімальная, тутэйшыя аграрыі задаволены.
За штурвалам камбайна – Аляксандр Кунік, ён трэці сезон займаецца ўборкай салодкага караняплода.
– За гэты час навучыўся адчуваць тэхніку і поле. Мая галоўная задача – убраць ураджай акуратна. Стараюся капаць так, каб страт было як мага менш. Пачынаем уборку звычайна ў пяць гадзін раніцы, завяршаем каля 22 гадзін. Шырыня захопу камбайна тры метры,
бункер змяшчае да 25 тон. Звычайна за спрыяльны дзень накопваю да 700–800 тон. За змену магу ўбраць да 15 гектараў, – адзначае механізатар Аляксандр Кунік.
Па-майстэрску кіруе пагрузчыкам інжынер гаспадаркі Уладзіслаў Лось.
– Пакуль мы яшчэ не дацягваем да леташняй ураджайнасці, якая перасягнула 800 цэнтнераў з гектара. Але сёлета, нягледзячы на не зусім спрыяльнае надвор’е, плануем з кожнага гектара сабраць больш за 700 цэнтнераў, бо самыя ўрадлівыя плошчы наперадзе, – удакладняе аграном «Фораланда» Аляксандр Кожакар.
Назіраючы за ўборачным працэсам, ловіш сябе на думцы, што тут сярод гулу машын нараджаецца ўпэўненасць: у нашых цукровых заводаў не будзе праблем з салодкай сыравінай, а паліцы магазінаў будуць запоўнены цукрам.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.