Каму патрэбна работа над памылкамі. У Ляхавіцкім раёне працягвае маніторынг рэйдавая група
Будаўнічыя матэрыялы, металалом складзіраваны, упарадкавана захоўванне цвёрдых камунальных адходаў на кантэйнернай пляцоўцы, тэрыторыя падкошана.
Такую карціну члены рэйдавай групы, што маніторыць ход правядзення раённага месячніка чысціні і парадку, убачылі на тэрыторыях шэрага прадпрыемстваў і арганізацый напрыканцы мінулага тыдня. Правяралася, як праведзена работа над памылкамі пасля таго, як маніторынг паказаў праблемныя моманты ў добраўпарадкаванні.


А тым часам рэйдавая група называе чарговыя аб’екты, якія з’яўляюцца прыкладам у навядзенні парадку, і тыя, дзе адзнака нездавальняючая. У панядзелак рэйдавая група маніторыла ход навядзення парадку на тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый прыватнай формы ўласнасці.
– Аўтацэнтр «Вікторыя» сустрэў чыстай і ўладкаванай тэрыторыяй. Усё на сваіх месцах – тэхніка, будаўнічыя і іншыя матэрыялы. Пытанняў няма, гаспадарскі падыход адчуваецца ва ўсім. Аднак, на іншых аб’ектах прыватнай формы ўласнасці праблем знайшлося нямала. Тычыцца гэта тэрыторый ТАА «Белпрамтрэйдзінг» (фота 1).
Далёка да парадку на пляцоўках ТАА «БудЛесЭкспарт» (фота 2), –
удакладняе начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і
ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
У аўторак маніторынг парадку ахапіў гарадскія ўстановы культуры і спорту. Па меркаванні рэйдавай групы, значных крытычных заўваг няма. Адзін з праблемных момантаў – раскіданыя рэшткі бетоннай і драўлянай агароджы, смецце на тэрыторыі гаражоў ГДК.
У сераду справаздачу аб добраўпарадкаванні трымалі ўстановы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў прамысловай зоне райцэнтра. І тут ёсць прыклады ўзорнай гаспадарлівасці. Размова пра ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». Падтрымлівае парадак на сваіх тэрыторыях і ТАА «Трансэлектракамплект». А вось для большасці іншых наведаных прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці на прамысловай зоне пытанняў куды больш. Менавіта там рэйдавая група выявіла шэраг праблемных момантаў: неўладкаванае захоўванне металалому, зарослыя хмызняком участкі тэрыторыі, раскіданае смецце і іншы беспарадак. На выпраўленне сітуацыі дадзена некалькі дзён.
Як заўжды ўзорна ўтрымліваюць тэрыторыю ў зоне сваёй адказнасці работнікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».
Месячнік навядзення чысціні і парадку прадаўжаецца.
Галіна КАНЬКО.

