Краязнаўчыя чытанні “Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся…”: у Свяціцы гучалі галасы мінулага і сучаснасці
23 кастрычніка 2026 года вёска Свяціца Ляхавіцкага раёна стала цэнтрам прыцягнення тых, для каго любоў да роднага краю — не проста словы. Краязнаўчыя чытанні “Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся…” сабралі бібліятэкараў, мясцовых жыхароў, майстроў і аматараў гісторыі сваёй радзімы, каб яшчэ раз дакрануцца да каранёў, з якіх пачынаецца наша ідэнтычнасць. Гэтая сустрэча стала не проста чарговым мерапрыемствам, а сапраўдным падарожжам у глыбіню часу.
Ад граніту памяці да цяпла кніжных паліц
Пунктам адліку гэтага падарожжа сталі помнік 19-й партызанскай брыгадзе імя В. М. Молатава і брацкая магіла. Тут, пад адкрытым небам, сярод звыклых пейзажаў, па-асабліваму востра адчуваюцца адгалоскі ваеннага ліхалецця. Бібліятэкар Свяціцкай сельскай бібліятэкі Ірына Сокал распавяла пра подзвіг партызан, пра баі і дыверсіі, што некалі грымелі ў гэтых лясах, і пра трагічны лёс вёскі, якая стала сястрой Хатыні. Яе словы нібы ніткі злучылі гераічнае мінулае і ціхмяную сучаснасць. У знак глыбокай пашаны і ўдзячнасці да подзвігу продкаў удзельнікі чытанняў ускладзлі кветкі да падножжа помніка і на брацкую магілу. Гэты ціхі жэст стаў красамоўным сведчаннем таго, што памяць жыве ў сэрцах нашчадкаў.
Ад граніту памяці, сагрэтага кветкамі ўдзячнасці, гучанне гісторыі перайшло ў сцены бібліятэкі — сапраўднага сэрца вёскі. Тут удзельнікі чытанняў пазнаёміліся з сённяшнім днём установы і яе ўласнай біяграфіяй — ад першай хаты-чытальні 1947 года да абноўленай, светлай сучаснай прасторы. Бібліятэкар нібы разгарнула перад прысутнымі шырокае палатно жыцця самой Свяціцы: ад старажытных паселішчаў эпохі мезаліту, загадкавых курганоў крывічоў і паэтычнай легенды пра трох катаржан, што далі пачатак мясцовым родам, да гісторыі школы і падзей мінулых стагоддзяў. Гэта вандроўка ў часе лагічна падвяла да самай драматычнай і гераічнай старонкі ў лёсе вёскі. Таму наступным крокам стаў музейны пакой “Партызанская слава”, дзе гісторыя перастае быць проста датамі ў падручніку, а набывае жывыя рысы. Экскурсію па трох раздзелах экспазіцыі правяла Валянціна Бурава, былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры, удава ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Яе жывы голас, яе асабістыя ўспаміны сталі тым самым мостам паміж пакаленнямі, які немагчыма пабудаваць без шчырай любові да сваёй зямлі.
Дрэва і нітка: умелыя рукі, якія ткуць гісторыю
Ад слоў і ўспамінаў — да практыкі. Гісторыя жыве не толькі ў дакументах, але і ў традыцыях, якія перадаюцца з рук у рукі. Гэтая думка асабліва востра адчувалася падчас майстар-класаў. Загадчык Свяціцкага СДК Мікалай Буйкевіч, чалавек з “залатымі рукамі”, вучыў гасцей слухаць гоман дрэва, адкрываючы сакрэты разьбы. Побач, у атмасферы ціхамірнасці, Лідзія Курловіч, захавальніца старажытных традыцый, нібы ткала палатно самога часу. Яна падзялілася сакрэтамі народнага ткацтва, дазволіўшы ўсім дакрануцца да жывой спадчыны продкаў. У гэтых умелых руках дрэва і нітка ператвараліся ў сапраўдныя творы мастацтва.
Гучанне слова і фарбаў: зоркі на небасхіле Свяціцы
Побач з рамёствамі ў прасторы сустрэчы раскрывалася і духоўная спадчына. Спачатку ўвага гасцей была скіравана да магіі слова. Былы бібліятэкар Кацярына Буйкевіч, якую тут памятаюць і шануюць, падзялілася ўспамінамі пра паэтку Веру Дыдышка. Яе вершы – гэта шчыры голас зямлі, што нарадзіўся з любові да роднага куточка.
Ад паэзіі думка плаўна перайшла да мастацтва фарбаў. У фае ўвазе гасцей была прадстаўлена выстава карцін мастака Анатоля Майсеенкі. Пра творчасць свайго мужа, пра яго бачанне свету і ўласнае разуменне прыгажосці распавяла Людміла Майсеенка. Так, побач, слова і фарба дапаўнялі адзін аднаго, ствараючы цэласны вобраз духоўнага жыцця вёскі, дзе нараджаюцца сапраўдныя таленты.
Кульмінацыя: калі душа спявае
Фіналам гэтага насычанага дня стала музыка — самая шчырая мова душы. Прагучалі аўтарскія песні “Край ты мой Палескі” і “Свяціцкая лірычная”, дзе вершы Веры Дыдышка арганічна зліліся з музыкай Мікалая Сокала. Вакальная група ўзняла настрой усіх прысутных. Сам Мікалай Сокал выканаў пранікнёную песню “Сон”, прысвечаную ўсім мамам. Кацярына Буйкевіч падарыла ўсім свае аўтарскія творы, а Вера Буйкевіч, кіраўнік фальклорнага калектыву “Свяцічанка”, падарыла голас самой спадчыне: ад старажытнай песні, якой яе вучыў бацька, да задорных частушак, што прымушалі сэрцы біцца часцей.
Краязнаўства — гэта рэка, у якой няма канца. І пакуль мы вывучаем свае карані, мы маем будучыню. Няхай жа гэтае неба, пад якім мы нарадзіліся, заўсёды асвятляе наш шлях да новых адкрыццяў і захоўвае памяць пра тых, хто жыў тут да нас.
Лізавета Мацулевіч, заг. аддзела маркетынгу, сацыякультурнай
дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Ляхавіцкая
раённая цэнтрлізаваная бібліятэчная сістэма”.






