А ў фінала была перадгісторыя

Начное здарэнне на рыначнай плошчы горада напрыканцы сакавіка гэтага года мела надзвычай шырокі рэзананс, а для нашага, у крымінальным сэнсе спакойнага раёна і ўвогуле стала чымсьці надзвычайным. Маладыя людзі напачатку другой гадзіны ночы нахабна перашкаджалі супрацоўнікам міліцыі выконваць свае непасрэдныя абавязкі (праваахоўнікі паспрабавалі затрымаць юнака ў нецвярозым стане), прымянілі фізічную сілу да ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Ляхавіцкага РАУС і двух міліцыянераў асобнай роты палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Была ўзбуджана крымі-нальная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (насілле ці пагроза прымянення насілля ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў) у дачыненні групы асоб. Следства вялося некалькі месяцаў, цяпер справа перададзена ў суд. Калі суд Ляхавіцкага раёна вынясе вердыкт “вінаватыя”, то гэтым маладым людзям пагражае арышт да 3 месяцаў, абмежаванне волі тэрмінам да 5 гадоў ці пазбаўленне волі да 6 гадоў.

Падчас следства высветлілася, што трое з нападаючых на міліцыянераў раней парушалі закон. Два браты, 1993 і 1995 гадоў нараджэння, вырашылі “адкасіць” ад службы ў арміі, падалі ў ваенкамат фальшывыя даведкі, што з’яўляюцца студэнтамі вочнага аддзялення вышэйшых навучальных устаноў Расійскай Федэрацыі, хаця на справе абодва – студэнты-завочнікі і не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву. Магчыма, пра супрацьзаконныя дзеянні ведалі б толькі яны, калі б чарговы раз не парушылі закон і следства не выявіла, што дакументы фальшывыя. Дарэчы, старэйшы брат, атрымаўшы пад роспіс павестку аб неабходнасці з’явіцца ў райбальніцу для праходжання медыцынскага агляду (адно з мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу), не палічыў неабходным гэта зрабіць.

Не сябраваў з законам і 21-гадовы нідзе не працуючы ляхавічанін. Напачатку лютага гэтага года ён быў асуджаны да пакарання ў выглядзе 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу: за незаконны абарот наркатычных сродкаў і крадзёж. Не паспеў прыгавор уступіць у сілу (заставаўся тыдзень), як ён пайшоў на чарговае злачынства.

Алкагольны дурман прывёў у гэту кампанію і 33-гадовага жыхара раёна, які працуе, мае сям’ю і раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Так ці інакш, цяпер яму таксама давядзецца адказваць перад законам за свае супрацьпраўныя дзеянні.

Аналізуючы гэта злачынства, следчыя прыйшлі да высновы, што яго прычынай стала адчуванне беспакаранасці, уседазволенасці, непавагі да закону і людзей у форме.

Віталій ЛАБАНАЎ,

начальнік райаддзела СК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *