Газ у быце: правілы, якія нельга ігнараваць

Ёсць правілы, якія трэба выконваць безумоўна. Не таму, што так напісана ў дакуменце, а таму, што ад гэтага залежыць жыццё. У газавай галіне сярод асноўных – Правілы карыстання газам у быце, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад
19 лістапада 2007 года. За правіламі – вопыт і, на жаль, сумныя гісторыі тых, хто грэбаваў бяспекай.

У чым прычына парушэнняў? Пэўна, у тым, што газ здаецца чымсьці звычайным. Мы не бачым і не адчуваем яго небяспекі, пакуль не стане позна. Між тым простыя дзеянні, якія павінны быць звычнымі, зусім не патрабуюць намаганняў: пасля кожнага карыстання плітой – закрыць краны, перад запальваннем калонкі ці катла – праверыць цягу. Не пакідаць прыгатаванне ежы без нагляду. Нельга прывязваць да газаправодаў вяроўкі, нагружаць іх і выкарыстоўваць як апоры, абмяжоўваць доступ да раздымных злучэнняў і адключаючых устройстваў. Нельга сушыць рэчы над полымем гарэлак, выкарыстоўваць памяшканні, дзе ўстаноўлена газавае абсталяванне, не па прызначэнні. І, вядома, нельга прымяняць агонь для выяўлення ўцечкі газу – класічная памылка, якая прыводзіць да выбухаў.

Не раскоша і не дадатковая опцыя – абавязак

Ёсць працэдура, якую мы не заўсёды лічым важнай, – тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання. І гэта дзіўна, бо мы ж не пакідаем без рамонту дах дома, не ездзім на машыне, якая дрэнна працуе. Газавае абсталяванне штодня робіць наша жыццё зручным і камфортным. Менавіта таму важна надаваць увагу «дробязям», якія прыводзяць да праблем, сярод якіх знос абсталявання, разгерметызацыя злучэнняў, засмечаныя ці разбураныя дымаходы. Своечасовае тэхнічнае абслугоўванне – гарантыя таго, што пліта, кацёл ці калонка працуюць як трэба.
Згодна з Правіламі карыстання газам у быце, спажывец абавязаны забяспечваць своечасовае правядзенне тэхнічнага абслугоўвання газавага абсталявання – адзін раз у год. Рэкамендуецца рабіць яго перад пачаткам ацяпляльнага сезона. Акрамя таго, важна адначасова з тэхабслугоўваннем звярнуцца ў спецыялізаваныя арганізацыі для праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў і атрымаць адпаведны акт.
Варта памятаць і пра ўзрост абсталявання, устаноўлены заводам-вытворцам – гэта адзін з ключавых фактараў бяспечнай і эканамічнай работы прыбораў. У старых газавых плітах, ацяпляльных катлах ці калонках, як правіла, адсутнічаюць сучасныя сістэмы бяспекі (напрыклад, функцыя «газ-кантроль», якая аўтаматычна адключае падачу газу, калі патухла полымя, ці датчыкі цягі і перагрэву). Да таго ж, «узроставыя» катлы і калонкі спажываюць значна больш газу, чым іх сучаснікі. Калі прыбор і выглядае акуратна, унутры ўсё ж адбываецца натуральнае старэнне металу, усыханне пракладак і парушэнне герметычнасці злучэнняў. Нарматыўны тэрмін службы большасці газавых прыбораў (калі іншае не пазначана ў пашпарце вытворцы) складае 10 гадоў. Пасля гэтага тэрміну абсталяванне патрабуе абавязковай дыягностыкі спецыялістамі газавай службы, якія выносяць вердыкт: падоўжыць тэрмін эксплуатацыі ці тэрмінова замяніць абсталяванне.
І яшчэ адно. Часта спадзяёмся на аўтаматыку, на тое, што «разумная» тэхніка сама ўсё пракантралюе. Сігналізатар чаднага і прыроднага газу – не раскоша і не дадатковая опцыя. Яго наяўнасць – абавязковае патрабаванне для памяшканняў, дзе ёсць газавае абсталяванне з адводам прадуктаў згарання. Невялікі прыбор можа разбудзіць ноччу, калі вы не адчуваеце небяспекі.

Лічбавыя паслугі – бліжэй да людзей

– Для спажыўцоў газу ў Беларусі працуе дзяржаўная інфармацыйная сістэма «ГАЗ». Асабісты кабінет спажыўца газу. Гэта магчымасць вырашаць большасць пытанняў анлайн, не выходзячы з дому. Чым зручны ДІС «ГАЗ»? Можна правяраць бягучую запазычанасць або наяўнасць пераплаты, афармляць заяўкі на тэхнічнае абслугоўванне, рамонт або замену газавага абсталявання, бачыць сваю гісторыю плацяжоў і г.д., – пералічвае перавагі «асабістага кабінета спажыўца газу» начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Вадзім Сотнікаў.

За бяспеку разам

Акрамя тэхнічных і лічбавых аспектаў, важная і асветніцкая работа спецыялістаў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. Днямі фінішавала рэспубліканская прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». Сёння газавікі выхоўваюць граматных спажыўцоў і нават калег ужо са школы. Для гэтага праводзяць дні адкрытых дзвярэй і экскурсіі па прадпрыемстве са знаёмствам аб’ектаў і дзейнасці аварыйна-дыспетчарскага ўчастка, выязджаюць ва ўстановы адукацыі, дзе дэманструюць прафесійныя ўменні і спецабсталяванне, здольнае выяўляць уцечкі газу, расказваюць пра правілы абыходжання з газам у бытавых умовах.

Газ – гэта цяпло, ежа і камфорт, але гэта і адказнасць. Важна не ігнараваць правілы бяспекі і быць уважлівымі. Закрыць кран, пазваніць у аварыйную службу газу 104, калі адчулі пах, і прааналізаваць, ці ўсё зрабіў для бяспечнага дома.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.