Бусліная гісторыя

Супрацоўнікі ПАВП №14 в. Шчэрбава Віктар Янушкевіч і Аляксандр Кісляк з выратаванай птушкай.

Свет не без добрых людзей. І жыццё настойліва падкідвае прыклады ў пацвярджэнне гэтай народнай мудрасці.

Менавіта чалавечая нераўнадушнасць падарыла другое жыццё буслу. Пра гэта расказала “ЛВ” адна наша зямлячка, якая прадставілася проста Аленай.

– За гэтым буслам мы назіралі не адзін дзень – птушка па нейкай прычыне не магла вылецець з гнязда, хаця намагалася зрабіць гэта. Нават калі на мінулым тыдні быў моцны вецер, бусел сядзеў на гняздзе. Занепакоіліся, бо птушка яўна галадала…

Не па адным адрасе давялося патэлефанаваць і патлумачыць, што гэта не жарт, пакуль пытанне нарэшце вырашылася.

Алена расказала, што першымі на дапамогу прыйшлі работнікі электрасетак:

– І занятыя былі, позна вярталіся з выклікаў, але пра бусла не забыліся, прыехалі ў Альхоўцы, як і абяцаў майстар Вадзім Абіеў.

Аказалася, малады бусел зачапіўся за вяроўку, якая трапіла ў гняздо, магчыма, яшчэ на стадыі яго будаўніцтва. Работнікі электрасетак перарэзалі вяроўку, але, як высветлілася пасля, гэтага аказалася недастаткова – зляцець з гнязда, што мясцілася на слупе лініі электраперадач, у бусла так і не атрымалася.

Нягледзячы на іншыя важныя справы, не адмахнуліся ад просьбы дапамагчы птушцы ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Справу давялі да шчаслівага канца работнікі шчэрбаўскага паста РАНС Віктар Янушкевіч і Аляксандр Кісляк: знялі знясіленага бусла з вышыні і аказалі першую медыцынскую дапамогу. Пастка была настолькі моцнай, што вяроўку з буслінай нагі давялося выразаць лязом. Да ўсяго ў птушкі аказаўся зламаным палец, таму адштурхнуцца ад зямлі, каб паляцець, не хапала сілы. З гэтай праблемай нераўнадушным людзям давялося ехаць у ветлячэбніцу ў райцэнтры, дзе апрацавалі раны і наклалі гіпс.

За некалькі дзён бусел, які пакуль жыве ў Алены і яе бацькоў на дачы, акрыяў. З апаскай, але і з задавальненнем прымае ад людзей пачастункі: падапечны аказаўся прыхільнікам рыбнай дыеты. У панядзелак яго зноў чакае паездка ў ветлячэбніцу – здымаць гіпс. Ветэрынары паабяцалі, што ўсё будзе добра.

– Спадзяёмся, што наш бусел хутка далучыцца да сваіх суродзічаў. А на наступны год прыляціць да нас, каб зрабіць тут сваё гняздо, – марыць Алена.

Кажуць, такое суседства прыносіць людзям шчасце і ўдачу. Тыя, хто не прайшоў міма і не закрыў вочы на птушыныя пакуты, безумоўна, варты такога падарунка.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

У ветлячэбніцы буслу наклалі гіпс.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *