Армія вучыць

Гэта толькі ў ваенных камісарыятах з адпраўкай апошняга прызыўніка ўсе пачуцці нібы сціхаюць, затое ў воінскіх часцях – самы напружаны час. Сустрэць новае папаўненне салдат – адказная задача. Афіцэрам і прапаршчыкам даводзіцца прадумваць усё да дробязяў: за кароткі тэрмін “зразумець” навабранца, накіраваць яго ў патрэбнае падраздзяленне, у рэшце рэшт, дакладна падабраць патрэбны размер ботаў і ўдакладніць ці няма ў яго алергіі на салдацкую кашу. Але гэта толькі першы этап.
Далей – яшчэ больш складана: накіраваць салдата на воінскую пасаду, пачаць навучанне па ваеннай спецыяльнасці. Іншымі словамі – спрафіліраваць.
Калі навабранец ідзе служыць у войскі СПА, напрыклад, у нашу 8 радыётэхнічную брыгаду, ён вельмі абстрактна ўяўляе гэтую самую супрацьпаветраную абарону. У ваенкамаце або ад сяброў даведваецца, што ёсць “нейкі камандны пункт, дзе шмат салдат, якія малююць шклографам на празрыстым шкле трасы розных самалётаў”.
Але тыя ж войскі СПА, тая ж 8-я радыётэхнічная брыгада прапануюць шматлікія спецыяльнасці, якія салдаты паспяхова могуць асвоіць. Прычым, спецыяльнасці як ваенных, так і грамадзянскіх накірункаў.
На планшэтыстах спыняцца не станем. Гэта класіка і аснова камандных пунктаў брыгады. Іх дзейнасць – бесперапыннае і дакладнае нясенне баявога дзяжурства, адсочванне і суправаджэнне палётаў. Спецыяльнасць, да слова, творчая: сутнасць – ”рысаванне” авіяпалётаў за вялікімі празрыстымі планшэтамі.
Спецыяльнасць “дызеліст-электрык” асаблівай творчасці не патрабуе, затое патрабуе ўвагі і зладжанасці дзеянняў. У лічаныя мінуты пры аб’яўленні гатоўнасці нумар адзін дызеліс-ту неабходна зарыентавацца, выканаць свае функцыянальныя абавязкі і забяспечыць электрасілкаваннем тэрыторыю ўсёй часці. Гатоўнасць аб’яўляецца не кожны дзень. Рукі хоць і ў “мазуце”, затое абавязкі не з самых клапатлівых.
Спецыяльнасць “назіральнік ПВН” часам і спецыяльнасцю не лічыцца, але ад гэтага не менш цікавая і важная. Пункт візуальнага назірання (ПВН) – спецыяльна абсталяваная вышка пры кожнай часці брыгады. Назіральнік ПВН штодзень заступае на дзяжурства. Асноўныя “інструменты” яго работы немудрагелістыя: бінокль, компас, секундамер. Але ёсць і спецыяльныя, якія дазваляюць візуальна не толькі выявіць паветраныя і наземныя аб’екты, але і вызначыць шмат карыснай інфармацыі пра іх. Здараецца, не ўсё прыкмячае тэхніка, тады візуальнае назіранне – надзейная падтрымка ў вызначэнні месцазнаходжання самалёта.
Назіральнік ПВН батальёна ўпраўлення 8-й радыётэхнічнай брыгады Павел Кухнавец не адразу ўбачыў сябе назіральнікам. “Інтарэсу ў гэтым спачатку не бачыў ніякага. Выбралі мяне хутка: вышыні ніколі не баяўся, з дакладнасцю і скорасцю рэакцыі ўсё ў парадку, мог крыху падвесці зрок, але, дзякуючы біноклю, праблем не ўзнікала. Адрозніць самалёты было не лёгка. Толькі калі зблізку ўбачыў СУ-27 і МіГ-29, па-сапраўднаму зацікавіўся і адзначыў яўныя адрозненні. Зараз можна нават не глядзець – па шуму рухавіка ўсё становіцца зразумелым. А потым пачаў вывучаць характарыстыкі нашай і замежнай авіяцыі”.
Слова “камутатар” нагадвае пра стары савецкі фільм, дзе гераіня актрысы Святланы Дружынінай загадкава гаварыла: “Я працую на камутатары”. І яшчэ – гэта месца работы ў часці, дзе сплятаюцца ўсе лініі сувязі паміж падраздзяленнямі. Сувязіст, які працуе тут, пастаянна “ў эфіры”. Злучаць размовы абанентаў, быць пасрэднікам сувязі – місія сур’ёзная. У гэтай спецыяльнасці ногі і рукі не стамляюцца, затое трэба шмат ведаць і запамінаць.
Адпраўляць і прымаць тэлеграмы – справа таксама не жартаўлівая. Яшчэ нядаўна салдату-тэлеграфісту неабходна было асвойваць азбуку Морзэ. Цяпер прасцей. Але тэле-грамы, якія ляжаць у яго на стале, падобныя, хутчэй, на серпантын. Чаму так – ведае толькі тэлеграфіст.
А некаторыя спецыяльнасці воінскай часці могуць упаўне знайсці свой працяг у грама-дзянскім жыцці.
Так, прафесіі повара салдат вучыцца тры месяцы, пасля чаго новаспечаны ўмелец бярэцца за справу – накарміць больш як сто чалавек. Пры звальненні салдат атрымлівае “картку” з правам работы поварам у грамадзянскіх арганізацыях.
Яшчэ больш адказная роля няштатнага фельчара. Канечне, такому салдату за кароткі перыяд не растлумачаць і не давераць, скажам, зрабіць унутрывенную ін’екцыю, аднак, аказаць першую немедыкаментозную дапамогу, зрабіць перавязку навучаць.
Спіс спецыяльнасцяў, якім можа навучыцца радавы 8-й радыётэхнічнай брыгады, можна працягваць яшчэ. Важнае іншае: тут салдат не адчувае сябе непатрэбным. А за асваенне некалькіх спецыяльнасцяў забяспечваецца класнасць – выдатны стымул у службе.
Прафесіі розныя патрэбны. Прафесіі розныя важныя. Батальён кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады – зусім не выключэнне. Спадзяёмся, малады салдат ужо на першых парах службы зможа адчуць сябе спецыялістам. І галоўнае – быць карысным арміі і дзяржаве.
Сяргей ЗАДОРСКІ, камандзір батальёна кіравання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *