Падарожжы ў часе і прасторы вабяць юных выхаванцаў Ляхавіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства

Экскурсію праводзяць выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Музеязнаўства» сш № 2.

Каля будынка спартыўнай школы шумна і весела: ставяцца палаткі, правяраецца амуніцыя, укладваюцца рукзакі. Гэта выхаванцы раённага цэнтра турызму і краязнаўства адпраўляюцца ў паход, ці рыхтуюцца да спаборніцтваў, а, можа, збіраюцца правесці экскурсію. За любую справу бяруцца з энтузіязмам юныя аматары прыгод. Ці можна прамяняць падарожжы, новыя знаёмствы, вячэрнія пасядзелкі з цікавымі гісторыямі ля кастра, песні, пах бульбы і тушонкі на сядзенне дома?

Работа ва ўстанове вядзецца па двух напрамках – турыстычным і краязнаўчым. У аб’яднанні па інтарэсах “Юныя турысты” вучацца першапачатковым паходным сакрэтам. А старэйшыя і больш падрыхтаваныя школьнікі займаюцца ў аб’яднанні “Турызм і спартыўнае арыентаванне”. Тут задачы складаней: умець пракласці маршрут, вызначыць азімут і інш.

У дзясятку лепшых увайшла зборная каманда Ляхавіцкага раёна ў абласных комплексных турыстычных спаборніцтвах, была другой у спартыўным скалалажанні, а турыстычная група Крывошынскай СШ узяла 2 месца ў спаборніцтвах на лепшы турыстычны паход  «Пазнай Радзіму – выхавай сябе».

У краязнаўцаў таксама выдатная прастора для даследчай дзейнасці. Адным з напрамкаў з’яўляецца музеязнаўства. У раёне на базе ўстаноў адукацыі функцыянуюць 4 музеі і музейны  куток, дзе юныя краязнаўцы праводзяць экскурсіі, займаюцца пошукам новых экспанатаў, даследуюць, знаходзяць пра іх інфармацыю, каб потым падзяліцца з іншымі. У мінулым навучальным годзе дыпломам  I ступені ўзнагароджаны савет музея Свяціцкай СШ па выніках абласнога конкурсу музеяў баявой славы “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”. Каманда Ляхавіцкага раёна ў складзе Дар’і Блашэнка, Сяргея Сяргейчыка, Кацярыны Ксёнжык заняла 2 месца ў абласной краязнаўчай алімпіядзе навучэнцаў, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Менавіта краязнаўчыя аб’яднанні па інтарэсах дазваляюць дзецям максімальна наблізіцца да гістарычных каранёў сваёй Радзімы. У аб’яднанні “Мой горад” яны робяць сапраўдныя адкрыцці.

Імёны краязнаўцаў нашага раёна гучаць на абласных спаборніцтвах. На конкурсе юных экскурсаводаў “Мая радзіма – Беларусь” праславіліся Дар’я Дыдышка, Наталля Емельянчык, дыпломамі ўзнагароджаны Таццяна Чаранкевіч, Ульяна Азімка, а пераможцамі сталі Мілана Канановіч і Кацярына Рахманец. Ёсць поспехі і на рэспубліканскім узроўні: за прафесійнае правядзенне экскурсіі ў рамках конкурсу юных экскурсаводаў “Мая радзіма – Беларусь”, рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” дыпломам узнагароджаны  Дар’я Дыдышка, Ульяна Азімка і Юлія Голя.

Турысты і краязнаўцы распрацоўваюць маршруты па ўсіх населеных пунктах раёна, – пра кожны могуць расказаць шмат цікавага. Сёння прапаноўваецца больш за 15 маршрутаў і індывідуальныя экскурсіі, а стаць удзельнікам і ўбачыць прыгажосць роднай зямлі можа любы, хто звернецца ў цэнтр.

Хутка на сайце ўстановы з’явіцца сапраўдная бібліятэка відэаэкскурсій – гэта віртуальныя падарожжы па Ляхавіччыне, якія праводзяць і здымаюць самі дзеці. Пачатак ужо пакладзены, таму кожны карыстальнік сеткі інтэрнэт можа “наведаць” вёскі Грушаўка і Флер’янова.

Адна з формаў дзейнасці ўстановы – аздараўленне дзяцей. З гэтай мэтай у 9-дзённы турыстычны перасоўны палатачны лагер “Рабінзоны” летам адправіліся 20 самых загартаваных непасед. Менавіта ў дарозе, калі наперадзе яшчэ некалькі кіламетраў, а за спіной цяжкі рукзак, пачынае загартоўвацца характар. Выхоўваецца сіла волі, цярпенне, уменне працаваць у   камандзе, пераадольваць цяжкасці.

У цэнтры працуюць 19 педагогаў, якія стараюцца, каб дзеці, адкінуўшы смартфоны і камп’ютары, захапіліся турызмам. Метадыст Ларыса Дзярэчык турыстычнай справе прысвяціла  16 гадоў:

– Маё жыццё – бясконцыя вандроўкі, паходы і злёты. І гэта вельмі добрая школа. Ужо дарослая дачка Кацярына ўсё дзяцінства таксама правяла ў гушчыні турыстычных падрыхтовак і вандровак, і калі я спытала, чаму навучылася, без ваганняў адказала: – Ні пры якіх умовах не здавацца!

Дырэктар Надзея Лапіч, загадчык аддзела Алена Белавус, педагогі Валерый Кендыш, Ганна Маісеенка, Ігар Вітко і іншыя іх калегі могуць пацвердзіць: заняткі турызмам загартоўваюць.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская работай цэнтра задаволена і адзначае яго ролю ў выхаванні дзяцей. Па-першае, гэта занятасць школьнікаў, па-другое, набыццё ў аб’яднаннях па інтарэсах карысных навыкаў, што ў сваю чаргу развівае інтэлектуальны ўзровень. Хацелася б адкрыць ліцэнзію на турыстычныя паслугі, у прыватнасці, экскурсійныя. Ёсць мара пабудаваць свой скаладром, паколькі гэты від спорту вельмі запатрабаваны сярод юных ляхавічан.

Выдатна і тое, што кіраўнік цэнтра турызму і краязнаўства ў доб-рым сэнсе гэтага слова чалавек не спакойны, Надзея Лапіч з тых, хто заўсёды ў дарозе.

…Зноў падрыхтоўка і зборы – дзеці адпраўляюцца ў новае падарожжа. Яны нібы заўсёды ў руху, нешта даследуюць, некуды накіроўваюцца – часу сумаваць няма, ды і для выхаванцаў цэнтра, здаецца, такога слова не існуе.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара і з архіва ЦТіК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *