“Узаемаразуменне” для бяспекі

Пачынаючы з 2007 года ў Беларусі дзейнічала ініцыяваная Міністэрствам унутраных спраў праграма “Мінус 100”. Ужо ў першы год яна прадэманстравала сур’ёзны эфект – на дарогах загінула на 208 чалавек менш, чым за 2006 год. Наогул, на сённяшні дзень на рахунку праграмы – 572 захаваныя жыцці.
За час рэалізацыі праграмы былі выяўлены некаторыя тэндэнцыі і найбольш актуальныя праблемы бяспекі дарожнага руху, якія, на жаль, пакуль засталіся нявырашанымі. І асноўная з іх – канфлікт удзельнікаў дарожнага руху: вадзіцеляў і пешаходаў. Масавыя парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў і правілаў прыпынку-стаянкі, парушэнне ПДР пешаходамі, узаемныя агрэсія і непаразуменне, высокая колькасць ДТЗ з удзелам нецвярозых, гібель дзяцей… Сітуацыя патрабуе выхаду на новы, больш эфектыўны ўзровень узаемадзеяння, выпрацоўкі канцэптуальна новых, дзейсных форм і метадаў у арганізацыі работы. У сувязі з гэтым МУС аб’яўляе аб пачатку новай праграмы “Уаемаразуменне”, накіраванай на стварэнне ўмоў максімальнай абароненасці ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. І заклікае ўсіх і кожнага прыняць у ёй самы актыўны і непасрэдны ўдзел. Кожнаму па сілах захоўваць правілы дарожнага руху. І, напрыклад, усе, хто ўласным прыкладам згодны дэманстраваць гэта, а таксама праяўляць разуменне і павагу да іншых удзельнікаў дарожнага руху, аказваць дапамогу, у тым ліку і ДАІ, змогуць размясціць на сваіх транспартных сродках спецыяльна распрацаваныя наклейкі. Плануецца стварэнне так званай добраахвотнай дружыны – партнёраў ДАІ. Распрацаваны эфектыўныя формы супрацоўніцтва Дзяржаўтаінспекцыі з вадзіцелямі і пешаходамі, у тым ліку школьнікамі. Асноўныя мерапрыемствы праграмы аб’яднаны па 10-ці накірунках. Усе яны маюць адзіную мэту – зрабіць нашы дарогі больш бяспечнымі.
Дарэчы, такую ж задачу выконвае і правядзенне з 7 па 16 лютага на дарогах Брэстчыны спецыяльнай аперацыі “Пешаход”. Ужо ў студзені ў нашым раёне на аўтадарозе Ляхавічы-Крывошын-Свяціца сур’ёзна пацярпеў у ДТЗ пешаход. Летась такіх аварый было 2, адзін пешаход загінуў. Ва ўсіх выпадках пешыя ўдзельнікі дарожнага руху ў цёмны час сутак не выкарыстоўвалі флікеры. Сумныя вынікі такіх аварый – сур’ёзная нагода задумацца і зрабіць адпаведныя высновы…
Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *