Гімн мужнасці

Для майго пакалення Вялікая Айчынная вайна – гэта гісторыя. Але пакуль яшчэ побач з намі многія яе героі, ветэраны, удзельнікі – нашы дзяды і прадзеды, якія бачылі яе жахі не па кінафільмах, мы імкнёмся асэнсаваць, зразумець, уявіць…
Нядаўна паглядзела кінафільм “Брэсцкая крэпасць”. Яго прэм’ера адбылася 22 чэрвеня 2010 года непасрэдна ў Брэсцкай крэпасці. А цяпер кінастужка дайшла і да нас.
Брэсцкая крэпасць прыняла на сябе першай удар нямецкіх захопнікаў 22 чэрвеня 1941 года. У фільме апавядаецца пра тры пазіцыі абароны крэпасці. Першую ўзначальваў камандзір палка Пётр Гаўрылаў, ролю якога таленавіта сыграў артыст А. Коршунаў. Другі фланг знаходзіўся пад камандаваннем Яфіма Фаміна (акцёр П. Дзеравянка) і трэці – Андрэя Кіжаватава, ролю якога выканаў А. Мярзлікін. Падзеі, што адбываюцца ў крэпасці, мы бачым вачыма звычайнага маленькага хлопчыка Сашкі Акімава (А. Капашоў), які за першыя дні вайны неаднойчы праявіў смеласць і пасля змагаўся разам з дарослымі. Абаронцы Брэсцкай крэпасці паміралі, але не здаваліся. У сцэнарыі трагічныя моманты вайны звязаны з гісторыямі кахання герояў, момантамі расстання з роднымі.
Пасля прагляду кінастужкі, калі ў кіназале запалілі святло, убачыла я вільготныя вочы сваіх аднакласнікаў. Гэта не проста мастацкі фільм, не проста наша гісторыя – гэта гімн мужнасці, самаадданасці, вернасці і любві.
Марына ЖАБІК, вучаніца САШ № 1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *