СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Паспяховы стыль

Вядучы інжынер-механік Вячаслаў Плескацэвіч.

За год больш за 45 тысяч тон малака, закупленага ў сельгаспрадпрыемствах і падсобных гаспадарках раёна, ператвараюцца ў цэхах Ляхавіцкага малочнага завода ў натуральную, смачную і карысную прадукцыю да нашага стала. У асартыментным пераліку – каля паўсотні відаў: заўсёды запатрабаваная цэльнамалочка, разнастайныя дэсерты, масла. Прадукцыю папулярных брэндаў “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок” і “Ляхавіцкае” можна знайсці ў самых розных кутках краіны, на паліцах і гіпермаркетаў, і вясковых магазінаў. Акрамя таго, мясцовы завод вядомы і далёка за межамі Беларусі як буйны вытворца казеіну.

Складальнікі паспяховай работы тут не трымаюць у сакрэце: высокакваліфікаваны калектыў, выключная вытворчая дысцыпліна, самы строгі кантроль якасці і, безумоўна, пастаянная мадэрнізацыя. Прычым, любы крок, кожная прапанова пралічваюцца да дробязяў: акупіцца яны павінны ў бліжэйшыя гады, інакш губляюць сэнс, перакананы дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі. А да яго аўтарытэтнага меркавання прыслухоўваюцца вельмі многія. Нездарма кіраўнік Ляхавіцкага малочнага завода ў 2014 годзе быў прызнаны “Чалавекам года” Брэстчыны, сёлета атрымаў такі ж статус у раёне.

Дарэчы, шыльда з назвай прадпрыемства другі год запар упрыгожвае раённую Галерэю славы. За працоўныя заслугі сёлета сюды ж занесены прозвішчы намесніка дырэктара завода Галіны Шастак і вырабляльніка казеіну Алены Козел.

Штогод прадстаўнікі Ляхавіцкага малочнага ўваходзяць у спіс лепшых па прафесіі, што вызначаецца да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Сёння ў гэтай якасці на сцэну ГДК падымаўся вядучы інжынер-механік завода Вячаслаў Плескацэвіч. Галоўны клопат інжынера-механіка і яго каманды – забяспечыць бесперабойную работу абсталявання ва ўсіх заводскіх цэхах. Несумненна, у тым ліку і добрасумленнае выкананне гэтай задачы фарміруе паспяховы стыль работы Ляхавіцкага малочнага завода.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *