Калі ў таварыствах згоды няма

Падчас чарговай “панядзелкавай” нарады ў старшыні райвыканкама адбылася, у тым ліку, “зверка” плана добраўпарадкавання населеных пунктаў, аб’ектаў, тэрыторый Конькаўскага сельсавета. Пра адпаведнасць зробленага папярэдне вызначанаму гаварыў старшыня сельвыканкама Рамуальд Бубен.

Шчыльная населенасць садаводчымі таварыствамі з’яўляецца адметнай акалічнасцю сельсавета. З 20-ці размешчаных у раёне падобнага кшталту аб’яднанняў 7 маюць конькаўскую прапіску. У гэтым “канёк” сельсавета і аснова аднаго з пытанняў, якое патрабуе, далікатна кажучы, больш якаснага вырашэння. Справа ў тым, што ні адно з таварыстваў не пайшло на заключэнне з камунгасам пагаднення на збор і вываз бытавых адходаў. Без апошніх у працэсе вядзення садова-агароднай гаспадаркі не абыходзіцца – гэты факт не патрабуе доказу. Як і тое, што далёка не кожны дачнік знаходзіць свайму смеццю цывілізаванае выкарыстанне. Нярэдка “ўтылізацыйнымі” пляцоўкамі для яго становяцца бліжэйшыя ўзлескі, прыдарожныя палосы, іншыя зусім не для таго прызначаныя месцы. І хоць пры дамамозе СВК “Шлях новы” 5 брудных, зусім не альпійскіх горак сёлета ліквідаваны, паспець за тымі, хто смеціць (а грашыць у гэтым пытанні выключна на дачнікаў, верагодна, не варта), атрымліваецца не заўсёды.

У адрозненні ад уладальнікаў дачных сотак, 92 працэнты аграгарадскіх і вясковых домаўладанняў на тэрыторыі сельсавета “ахоплены” дагаворамі на збор і вываз бытавых адходаў. Як і ў выпадку з іншымі сельскімі тэрыторыямі раёна, камунальная служба сваю работу выконвае тут двойчы на месяц.

Нягледзячы на ўвагу, што надаецца гэтаму пытанню, патрэбу ў рамонце маюць практычна ўсе вясковыя вуліцы. Не ўсё з запланаванага зроблена і па добраўпарадкаванні могілак. Выдаляюцца непатрэбныя дрэвы, убіраецца кустоўе, аднак, “паспець” за хуткім ростам апошняга, за ўборкай стыхійных “ачагоў” смецця складана. Па-ранейшаму ў планах кіраўніцтва сельвыканкама значыцца і ўстаноўка агароджы вакол адных з могілак. Дзе былі раней, чаму не выканалі гэту работу ў найбольш спрыяльны для таго цёплы час? Вельмі ўжо блізкая зіма і перспектыва маразоў памочнікам у гэтай справе не з’яўляецца. У такім сэнсе, аднак у больш жорсткай танальнасці выказаўся з данай нагоды старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *