Падсмалілі!

Працягвае свой шчодры крок масленічны тыдзень. Вось ужо трэці дзень, калі ёсць нагода і традыцыйна законная падстава для гулянняў. Цалкам натуральным з’яўляецца, напрыклад, паход у госці. А хіба ж то госці, калі без частавання? Ды не проста, а з абавязковымі ў такім выпадку блінцамі. Пачастунак просты, аднак, сімвалічна-сонечны і, значыць, асабліва дарэчны ў нашым жаданні прывітаць вясну, задобрыць яе на хутчэйшы ўжо надыход. Ну і да блінцоў, вядомая справа, – розныя там начынкі, напіткі, спевы ды танцы, гульні ды спартыўныя забавы.
Усё тое, а таксама яшчэ шмат чаго цікавага адбывалася ў мінулую нядзелю на стадыёне “Колас” у Ляхавічах. Прайшоўшае тут народнае гулянне “Гуканне вясны” можна лічыць удалым стартам масленічнага тыдня.
“Сцэнарнага” дзеда, які камфортна размясціўся на лаве і, мяркуючы па ўсім, зусім нядрэнна адчуваў сябе ўвесь зімовы час, з соннага царства вывеў спеў пеўня. Ён жа таксама стаў і сігналам і апавясціў прысутных аб пачатку святкавання-гуляння. На сцэну падымаліся асобныя выканаўцы і лепшыя аматарскія творчыя калектывы Ляхавіччыны. Не толькі песнямі задавальнялі яны глядацкую цікавасць – тэатралізаваныя міні-пастаноўкі былі вельмі дасціпнымі, смела гучалі жарты, прыгожа распускаліся танцавальныя нумары. Канцэптам жа канцэрта можна лічыць сустрэчу пастановачных Зімы і Вясны. Прадугледжваўся і інтэрактыў: калі да ўдзелу ў гульнях і конкурсах запрашаліся жадаючыя з ліку гледачоў. Прызы, дарэчы, чакалі не толькі пераможцаў, але і ўсіх канкурсантаў.
А вось катанне на запрэжаным у сані коніку выклікала ў дзяцей ды і ў дарослых сапраўднае захапленне. Толькі скрып палазоў аб марозны снег, меладычны гук званочка ды клубы пару з ноздраў упрыгожанага кветкамі коніка.
Аматарам спартыўнага баўлення часу таксама было дзе разгарнуцца, паказаць сваю ўдаласць. Прапаноўваліся бег у мяшках, баскетбольны конкурс, конкурсы на дакладнасць і цвёрдасць рукі, калі неабходна было зрабіць трапны кідок сняжком альбо дроцікам для дартсу і іншае.
Быў і касцёр Вясны, а права запаліць яго атрымала маладая сям’я. Дзень шлюбу ляхавічан Вольгі і Сяргея Койпішаў прыйшоўся іменна на тыя выхадныя.
“Няхай надзеі стануць явай, збудуцца ўсе вашы сны.
Маладым даецца права запаліць касцёр вясны!”.
Акрамя таго, на свяце “Гуканне вясны” была падрыхтавана выстава работ майстроў народнай творчасці Ляхавіччыны. Напрыклад, далікатнае, выключнай прыгажосці саломапляценне, вышыванкі і іншае.
Каля гандлёвых кропак мясцовага райпо было шматлюдна. Дзень выдаўся даволі марозны, з ветрыкам, і пачаставацца шашлыком, падагрэцца кубкам гарбаты, кавы жадаючых хапала.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *