Скажам «не» небяспецы. Завяршыўся абласны месячнік бяспекі працы на жывёлагадоўчых фермах і комплексах

Нягледзячы на значную, даўнюю, па ўсіх накірунках папераджальную работу, вытворчы траўматызм у сельскай гас-падарцы працягвае заставацца хвалюючай тэмай. Аператыўная статыстыка сведчыць, што толькі за студзень-верасень бягучага года ў сельгасарганізацыях вобласці загінулі 4 работнікі, мелі месца 17 фактаў цяжкага вытворчага траўматызму. На шчасце, у нашым раёне смяротных выпадкаў на вытворчасці сёлета не здаралася. А вось без траўмаў не абышлося: на фермах у гэтым годзе адзначаны 2 такія выпадкі, у мінулым годзе іх было ўтрая больш.

У якасці прафілактычнай меры па змяншэнні, а ў ідэале – недапушчэнні вытворчага траўматызму апошнія некалькі гадоў у лістападзе праводзіцца абласны месячнік аховы працы на жывёлагадоўчых фермах і комплексах. У ходзе яго раённая мабільная група (яе ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба) пабывала на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах і праверыла іх на прадмет дасканаласці выканання патрабаванняў ТБ і ўмоў аховы працы.

У адным з такіх выездаў раённую мабільную групу суправаджаў карэспандэнт “Ляхавіцкага весніка”.   У большасці выпадкаў убачылі карціну, выкананую ў аптымістычных фарбах. Адна толькі тэндэнцыя апошніх гадоў, якая заключаецца ў наданні сучаснасці старым і будаўніцтве новых фермаў, дае нямала пераваг у плане тэхнікі бяспекі і аховы працы. Так, перавод статкаў на бяспрывязнае ўтрыманне, а падобнае ў раённым АПК стала ўжо даволі шырокай практыкай, азначае і адсутнасць транспарцёраў гноевыдалення. Між тым, гэты, яшчэ нядаўна паўсюдны элемент аснасткі, патрабуе да сябе ўвагі, асцярожнага абыходжання, павінны захоўвацца вызначаныя стандартам нормы тэхнічнай адпаведнасці. Што ёсць не заўсёды і не ўсюды, як паказалі праверкі ў рамках месячніка. Напрыклад, адсутнасць абгароджвання раменных прывадаў сістэм гноевыдалення была выяўлена на МТФ “Шавялі” СВК “Жарабковічы”, “Бажкі” і “Галавачы” – “Шлях новы”. На ферме ў Галаўнінцах (ЗАТ “Белпрампрыбор”) праверка зафіксавала частковую адсутнасць поручняў вакол жыжказбіральнікаў і прывадных станцый транспарцёраў. У падобных выпадках да бяды, у літаральным сэнсе, паўкрока.

Пабудаваныя за апошні час сучасныя малочныя фермы-фабрыкі – гэта ўжо больш высокае слова ў пытаннях аховы працы і тэхнікі бяспекі. Чысціня, многа святла і паветра, поўны пералік санітарна-бытавых памяшканняў, наяўнасць пральных машын-аўтаматаў для мыцця рабочага адзення і іншае, падымаюць пытанні аховы працы на высокі ўзровень. Даенне ва ўмовах даільнай залы, у тым ліку, зводзіць да мінімуму нават патэнцыяльную магчымасць атрымання аператарам траўмы. На сёння ў нашым раёне працуюць 4 такія высокатэхналагічныя фермы – у “Ляхавіцкім”, райаграсэрвісе і дзве ў “Шляху новым”. Пакуль дзве: з’яўленне яшчэ адной супер-фермы ў “Шляху новым” заяўлена як вельмі блізкая перспектыва.

Дарэчы, пра пральныя аўта-маты: гэтым пазатэхналагічным, але абсалютна патрэбным абсталяваннем аснашчаны многія жывёлагадоўчыя аб’екты раёна. “Жарабковічы”, напрыклад, абсталявалі імі ўсе свае МТФ, стаіць падобная тэхніка на ферме ў Галаўнінцах і на многіх іншых. Сярод гэтых іншых не значыцца, аднак, ні адзін з жывёлагадоўчых аб’ектаў “Тальмінавіч”. Праве-дзеная некаторы час таму рэканструкцыя фермаў чамусьці не прадугледжвала абсталявання бытавых памяшканняў. Так што пагрэцца-пераапрануцца-памыцца застаецца для тамашніх жывёлаводаў праблемай.

Даўно і на многіх фермах раёна практыкуецца так званае механізаванае кармленне, калі трактар у агрэгацыі з раздатчыкам падае корм непасрэдна да “стала” жывёлы. І, здараецца, робіцца гэта з парушэннем правіл ТБ. Зафіксаваны выпадкі, калі прыстасаванне, з дапамогай якога адбываецца перадача магутнасці ад трактара на прычэп-раздатчык, не было абсталявана ахоўным кожухам. Такое дастаткова грубае парушэнне нормаў ТБ трапіла на вочы мабільнай групы на ферме ў Галаўнінцах, у Вялікім Гарадзішчы. Грэх некаторых заключаецца ў адсутнасці абгароджання вакуумных помпаў (там, дзе яны яшчэ захаваліся) у сістэмах даення.

Нягледзячы на ўсё большую і большую механізацыю, аўтаматызацыю, камп’юта-рызацыю работ і працэсаў, нават самую “наварочаную” ферму сёння цяжка ўявіць без добрага коніка. Гэты заўсёдны сялянскі памочнік працягвае заставацца ў “трэндзе” і ў век высокіх тэхналогій. Але ўсё павінна быць у адпаведнасці з правіламі і нарматывамі. А яны патрабуюць абавязковага дакументальнага замацавання канкрэтнага коніка за канкрэтным жывёлаводам. І справа зусім не ў бюракратызме: жывёла прывыкае да чалавека, чалавек вывучае нораў каня, ведае яго паводзіны. У адпаведнасці з чым і карэкціруе свае дзеянні падчас работы. Факты парушэнняў выяўлены на МТФ “Сваятычы” СВК “Жарабковічы”, у “Начы” на ферме “Цэнтр”. Неабсталяванне гужавых павозак святлоадбівальнымі элементамі – выяўлена на райагра-сэрвісаўскай МТФ “Альхоўцы”, “Тальмінавічы” аднаіменнай гаспадаркі “Дамашы” СВК “Жарабковічы”. Тлумачэнні работнікаў, маўляў, за тэрыторыю фермы павозкі ні “нагою”, членаў мабгрупы не пераканалі.

Цяпло ў памяшканнях МТФ, як правіла, падтрымліваюць вартаўнікі. І хоць работа апальшчыка не з’яўляецца іх асноўнай, – людзі павінны прайсці іструктаж па правілах карыстання і ТБ пры рабоце з печкамі ці катламі. Запісаў, якія б пацвярджалі падобнае, члены мабільнай групы не знайшлі ў журналах інструктажоў МТФ “Сваятычы”, “Нача-Цэнт”, “Галаўнінцы”.

Пратэрмінаваныя вогне-тушыцелі, заўвагі па электрыцы – сцёртыя надпісы, непафарбаваныя электрашчыткі і іншае, неашчаднае вядзенне неабходных “папер” таксама значацца ў спісе найбольш тыповых парушэнняў “ферменных” правіл ТБ і нормаў АП.  Усяго ж у выніку праверкі 20 фермаў і комплексаў было выяўлена 141 парушэнне.

У якасці рэзюме могуць служыць словы сакратара мабгрупы галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Бурбуця:

– Як паказаў маніторынг, інжынеры па ахове працы сельгаспрадпрыемстваў не надаюць належнай увагі пытанням ТБ і АП на жывёлагадоўчых фермах і комплексах.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *