Перамагла не ”Дружба”

Мы працягваем маніторыць ход чэмпіянату Брэсцкай вобласці па міні-футболе. Цікавасць да турніру справакаваў, канешне ж, удзел у ім каманды “Меліяратар”, што выступае пад патранатам Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Чэмпіянат мае ўжо гісторыю, заслужыў рэпутацыю прэстыжнага аматарскага спаборніцтва, вызначаецца папулярнасцю, маштабамі ад Брэста і да перыферыі вобласці. “Меліяратары” з’яўляюцца яго дэбютантамі, аднак, зусім не сталі хлопчыкамі для біцця. Хутчэй наадварот: гатовы выдатна і даюць бой любому з сапернікаў. Згуляна ўжо больш дзясятка тураў, у якіх каманда дазволіла сабе толькі два нічыйныя вынікі і па страчаных ачках размяшчаецца на другім радку турнірнай табліцы.

Свой крайні выхад на паркет Баранавіцкага спарткомплексу “Атлант” “Меліяратар” ажыццявіў тыдзень таму. У саперніках – “Колас-Дружба” з пасёлка Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Пра сілу каманды многае можа сказаць той факт, што ў яе складзе шэраг пазіцый на полі “закрывалі” спартсмены клубаў вышэйшай і першай ліг беларускага футбольнага чэмпіянату. Перыяд міжсезоння – могуць сабе дазволіць.

– Па складу каманда птушкафабрыкі “Дружба” нас пераўзыходзіла, – адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам дырэктар Ляхавіцкага ПМС Сяргей Юшкевіч.

Калі так, то атрыманая “Меліяратарам” з лікам 3:1 перамога прадстаўляецца ў больш яркіх эмацыянальных фарбах, тым большага яна варта.

– Гульня праходзіла на нервах, з пераменным поспехам, відовішчна. Цікавыя тэхнічныя дзеянні атрымоўваліся і ў адных, і ў другіх. Добра паказалі сябе варатары, а ў шэрагу выпадкаў ад гола каманды выратоўваў каркас варот. Ну а майстар – ён заўсёды майстар: тры з чатырох галоў у матчы запісалі на свой рахунак футбалісты каманд вышэйшай лігі Ігар Бабко, Сяргей Кавалюк і Сяргей Казека – вядомыя ў беларускім футболе прозвішчы. Гэтымі выхаднымі нам будзе супрацьстаяць каманда, якая прадстаўляе Баранавіцкі гарвыканкам, – дабавіў падрабязнасцяў Сяргей Юшкевіч.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *