МАЗ для РАНС

Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка перадае ключы ад новай тэхнікі начальніку Ляхавіцкага РАНС Валерыю Равінскаму.

20 студзеня міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка перадаў ключы ад новай магутнай пажарнай аварыйна-выратавальнай спецтэхнікі кіраўнікам аддзелаў па надзвычайных сітуацыях вобласці. Сярод тых, каму адрасавана тэхнічнае папаўненне, –  і наш РАНС.
За апошнія 2 гады гэта ўжо трэцяя аўтацыстэрна, якая з’явілася на ўзбраенні ў ляхавіцкіх выратавальнікаў па праграме перааснашчэння галіны. Першым быў ЗІЛ з ёмістасцю цыстэрны для вады 3 тоны, які зараз “служыць” на Шчэрбаўскім ПАВП. МАЗ з 10-тоннай ёмістасцю, атрыманы раней, прапісаўся ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 райцэнтра.
Па словах начальніка РАНС Валерыя Равінскага, новы МАЗ – АЦ-10/40 айчыннай вытворчасці мае шэраг пераваг. Да месца ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі аўтамабіль можа даставіць баявы разлік з 6 чалавек. Павялічаны ў ім і запас сродкаў для тушэння агню: аўтацыстэрна змяшчае 10 тон вады і 500 літраў пенаўтваральніка. Часта пры пажары і мінута мае вялікае значэнне, а такі аб’ём вады дазваляе тушыць пажар на вялікай плошчы без дадатковай запраўкі. Тэхніка аснашчана электрастанцыяй для асвятлення месца НС. Да таго ж абноўка мае павышаную праходнасць і вельмі зручная ў выкарыстанні, маецца ў ёй і сістэмны абагрэў.
Спецмашына будзе служыць на Ліпскім ПАВП. Тутэйшыя вогнеборцы за мінулы год ліквідавалі больш за 15 пажараў, больш за 40 разоў выязджалі на тушэнне ўзгаранняў у экасістэмах. Таму такая сучасная тэхніка будзе вельмі дарэчы. Для таго, каб яна ўвайшла ў гараж, ліпскім выратавальнікам нават давялося рабіць у ім пэўныя змяненні.
Дарэчы, цана такой машыны каля 2,5 мільярда рублёў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва АУМНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *