Жыць сярод людзей

Знакаміты французскі пісьменнік 20 стагоддзя Альберт Камю самым важным пытаннем жыцця назваў пытанне “як жыць сярод людзей?”.
Калі пачынаеш разважаць над ім, першая думка, якая прыходзіць: трэба жыць сумленна.
Філасофскі слоўнік падае наступнае азначэнне сумлення – “вышэйшая форма здольнасці асобы да маральнага самакантролю, самаацэнка ўжо зробленых учынкаў, здольнасць крытычна ставіцца як да сваіх, так і да чужых меркаванняў”. А як разумеюць выказванне “жыць па сумленні” вашы знаёмыя, сябры, калегі, вучні? У якіх выпадках можна адступіцца ад сумлення?
Пра гэта разважалі ўдзельнікі чарговай сустрэчы за “круглым сталом”.

Марта КУДЗІНА, вучаніца 10 класа гімназіі:
– Мы часта чуем: “Мяне мучыць сумленне”. Або: “Маё сумленне чыстае”. Дык што ж такое сумленне?
Мне здаецца, адказ на гэтае пытанне трэба шукаць унутры сябе. Сумленне нельга ўбачыць, пачуць, дакрануцца да яго ці адчуць яго пах. Гэта хутчэй стан душы, унутраны голас, які не дазваляе рабіць дрэнныя ўчынкі, а калі ўсё ж рашыўся на нешта не зусім добрае, – мучыць чалавека, ные і баліць.
А яшчэ сумленне – гэта мужнасць прызнаваць свае памылкі, уменне заўсёды трымаць слова.
Я лічу, што жыць трэба па сумленні, а не ў разладзе з ім. Інакш чалавек – і не чалавек зусім.

Лаліта САБАЛЕЎСКАЯ, настаўніца пачатковых класаў гімназіі:
– Сумленне. Мы так часта ўжываем гэтае слова, што нават не задумваемся над яго значэннем.
Асабіста для мяне гэта – унутраны суддзя, вельмі строгі, справядлівы і непадкупны, якога нельга падмануць. Гэта тое, што падштурхоўвае людзей захоўваць законы маралі, галоўны з якіх – не рабіць іншым таго, чаго сабе не жадаеш.
“У цябе сумленне ёсць?” Мне здаецца, што гэтае рытарычнае пытанне ўжо нясе ў сабе адказ: чалавек не прымае мер, каб выправіць учыненае ім зло.
На пытанне, ці патрэбна сумленне, я без сумнення адкажу станоўча. Нават страшна падумаць, што было б з чалавецтвам, у якім законы сумлення не мелі б ніякай сілы!
Мне здаецца, што сапраўдным чалавекам можа называцца толькі той, для каго сумленне – не пусты гук, хто жыве згодна жыццёвай маралі, пастаянна ўдасканальвае свае ўнутраныя якасці.

Вераніка КОЗЕЛ, вучаніца 10 класа гімназіі:
– Кожны чалавек, калі знаходзіцца перад важным рашэннем, адказным крокам, доўга і сур’ёзна абдумвае ўсё, задае сабе пытанне: а ці па сумленні я раблю? Знайсці адказ на гэтае пытанне вельмі важна. А яшчэ важней – рабіць усё па сумленні, нават калі для сябе здаецца больш выгадным і зручным іншы варыянт.
Сумленне ніколі нас не пакідае. І час ад часу нагадвае пра тое, за што калісьці было сорамна, нават калі гэты наш учынак даўні і іншымі ўжо забыты. Унутраны голас прымушае нас выпраўляць свае памылкі. Калі змяніць ужо нічога нельга, у чалавека псуецца настрой, сумленне не дае яму спакойна спаць. Справіцца з такой напасцю, мне здаецца, можна толькі адным спосабам: жыць сумленна.

Ірына БОНДАР, сацыяльны педагог гімназіі:
– У аўтобус заходзіць бабуля ці цяжарная жанчына, а свабодных месцаў няма. Зможаце ўседзець? У краме вам далі рэшту грошай больш, чым трэба. Вернеце?..
На маю думку, сумленне – гэта асабісты паказчык маральных прынцыпаў чалавека, які не дае выходзіць яму за межы дазволенага. Калі ж гэта адбываецца, то чалавек пачынае адчуваць пакуты сумлення, што праяўляюцца ўнутраным дыскамфортам і пастаяннымі перажываннямі.
Канешне, каб не сумленне, усё было б значна прасцей. Але ці па-трэбна такая прастата – нізкая, грубая, бязмежная?
Марак вядзе карабель па хвалях бязмежнага акіяна, падарожнік ідзе па бязлюднай пустыні, пілот кіруе самалётам пад аблокамі… Без компаса кожны з іх можа трапіць у бяду. Компас – просты прыбор, калі ён працуе правільна, і калі ім умела карыстацца, можна пазбегнуць небяспекі і непрыемнасцяў. У некаторым сэнсе з компасам можна параўнаць і сумленне. Калі кожны з нас будзе да яго прыслухоўвацца, то сумленне дапаможа ісці па жыцці правільным шляхам.

Ганна РОГАЎЦАВА, вучаніца 11 класа гімназіі:
– На мой погляд, сумленне – гэта крык душы, які не дазваляе нам, людзям, рабіць зло адзін аднаму, дапамагае прызнаць свае памылкі.
У жыцці кожнага з нас здараюцца не зусім прыемныя сітуацыі. І ў такіх выпадках мы не заўсёды дзейнічаем правільна. Але многія людзі здольны прызнаваць свае памылкі, і гэта добра. Наша сумленне дапаможа пазбегнуць такіх памылак у далейшым.

Алена ГОРБІК, вучаніца 10 класа гімназіі:

– Кожны чалавек можа быць сумленным, але не кожны імкнецца да гэтага. На жаль, часам мы лічым дробязямі тое, што мае прынцыповае значэнне, а потым шкадуем пра свае ўчынкі.
Здараецца, даводзіцца стаяць перад выбарам: паступіць сумленна і нешта страціць ці наадварот. Многія, нават не задумаўшыся, зробяць па сумленні. Я пераканана, што калі перада мной паўстане такое пытанне, то і я выберу менавіта такі шлях. Лепш страціць нешта неістотнае, затое захаваць павагу сяброў і родных.

Анастасія ГАНЧУК, вучаніца 11 класа САШ №1:
– Сумленнасць – тая рыса характару, якая павінна прысутнічаць у кожным чалавеку. Калі чалавек сумленны, ён жыве са спакойнай душой. Яго думкі і ўчынкі чыстыя і светлыя. Так, гэта вельмі складана. Але вельмі хочацца, і, я думаю, не толькі мне, каб навокал былі менавіта такія людзі – шчырыя, надзейныя, на якіх ва ўсім можна спадзявацца.

Таццяна НІКАНАВА, выхавацель групы падоўжанага дня:
– Калі спытаць у людзей, што такое сумленне, адкажуць далёка не ўсе. Ды і адказы, як мне здаецца, будуць у кожнага розныя.
Сумленне – гэта ўнутраны голас чалавека, які кантралюе нашы думкі, учынкі, справы. Можна сказаць, што гэта закон, які жыве ўнутры кожнага чалавека, а, дакладней, супастаўленне нашых паводзін гэтаму закону.
Аляксандр Пушкін калісьці напісаў, што сумленне –“когтистый зверь, скребущий сердце”. І сапраўды, менавіта сумленне нагадвае чалавеку пра яго маральныя абавязкі, пра адказнасць, якую ён нясе перад іншымі людзьмі і перад самім сабой. Пры гэтым яно праяўляецца праз глыбокія перажыванні, трывожнасць і заклапочанасць чалавека маральнасцю і гуманнасцю сваіх учынкаў. Гэта тое, што называюць пакутамі сумлення.
Аднак, я лічу, што сумленне не проста трывожыць асобу, не дае ёй маральна заснуць, але і прымушае карэктаваць свае паводзіны.
Ці можна і ці патрэбна паступацца сумленнем у момант выбару? Вядома, не. Так адкажа чалавек, які ведае, што такое пакуты сумлення.
Хацелася б пажадаць, каб людзі ў момант выбару слухалі не толькі свой розум, але і сумленне, не здраджваючы яму нават у самых цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Можна шмат яшчэ разважаць пра тое, што такое сумленне. Але галоўнае, мець яго ў сабе – як фільтр таго, што ты робіш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *