Без вады ні туды і ні сюды

Дастаткова даўно ўжо не здараліся зімы з гурбамі снегу, а вясна, адпаведна, – з такой вадой, колькасці якой хапала, каб удосталь напаіць сенакосы і пашу, палеткі з азімымі, плошчы пад будучыя яравыя пасевы. Затое мела месца, напрыклад, леташняя летняя засуха, якая таксама панізіла водны гарызонт. Сёння перад карыстальнікамі зямель стаіць задача па максімальным затрыманні вільгаці – назапашванні ў натуральных вадаёмах і сістэмах штучных каналаў ападкаў, на якія сёлетняя зіма была беднай і якія яшчэ засталіся і, трэба думаць, здарацца. Задача можа быць вырашана, калі за справу спраўна возьмуцца сельгаспрадпрыемствы і меліяратары. І хоць апошняе слова азначае паляпшэнне, асноўным клопатам меліяратараў доўгія гады заставалася асушэнне пераўвільготненых зямельных участкаў. Зараз, наадварот, узнікла неабходнасць засяродзіцца на ўтрыманні вады ў нетрах сістэмы каналаў і захаванні яе на выпадак засушлівага надвор’я.
Як расказаў дырэктар ПМС Сяргей Юшкевіч, работы ў гэтым накірунку ўжо вядуцца. З 244 механізмаў водарэгулявання (шлюзаў, затвораў) у закрытым стане знаходзяцца 117. Гэта азначае, што працуюць яны іменна на ўтрыманне водных патокаў. Такі падыход характэрны, у першую чаргу, у тых магістральных каналаў (а на балансе ПМС знаходзяцца толькі яны), якія рэгулююць вод-ны баланс сенакосных угоддзяў і пашы. Індывідуальны, калі так можна гаварыць, падыход да каналаў, што прарэзваюць палеткі з азімымі пасевамі. Там высокая вада можа быць і лішняй. Падтапленне можа справакаваць вымаканне, таму рашэнне “закруціць” ці “адкруціць” шлюз у гэтым выпадку прымаецца выключна па ўзгадненні з землекарыстальнікам. Як і ў сітуацыі з каналамі, што прахо-дзяць праз палеткі, вызначаныя пад будучую яравую сяўбу. Рашэнне па іх таксама грунтуецца на падставе меркавання кіраўніцтва або спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Як запэўніў дырэктар ПМС, увесь студзень і часткова люты меліяратары прысвяцілі, у тым ліку, і рамонту водазапорных збудаванняў. “Рэвізію” прайшлі ўсе 244 аб’екты. 12, якія патрабавалі рамонту, былі адрамантаваны.
Акрамя таго, у адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, ляхавіцкія меліяратары зімовымі месяцамі займаліся ачысткай каналаў ад глею, іх схілаў – ад драўнінна-хмызняковай расліннасці. У адпаведнасці з абласным заданнем і за кошт вобласці ў бягучым годзе Ляхавіцкае ПМС павінна ачысціць 25 кіламетраў каналаў. Зроблена нямала: на сённяшні дзень работы выкананы на 19-кіламетровым сумарным адрэзку. У асноўным, у раёне населеных пунктаў Рагачы, Кулікі.
Але ж вельмі значная частка меліярацыйнай сеткі раёна знаходзіцца на балансе гаспадарак. І не ў кожным з выпадкаў за імі наладжаны неабходны нагляд і абслугоўванне. Недахоп фінансаў, часу, тэхнікі, людзей нярэдка ляжаць у аснове недагледжанасці меліярацыйнай гаспадаркі тых ці іншых сельгаскааператываў. ПМС гатова дапамагчы любому, але ж не на ўмовах дабрачыннасці. Пакуль толькі СВК “Шлях новы” значыцца ў ліку партнёраў Ляхавіцкага ПМС.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *