І прачнуцца бярозы

Як толькі мінусавая тэмпература канчаткова саступіць месца плюсавой, пачнецца нарыхтоўка бярозавіку.
Сёлета лясгасы Брэстчыны плануюць нарыхтаваць не менш за 5 тысяч тон гаючага соку. Ляхавіцкі раён традыцыйна сярод тых, хто назапашвае найбольшыя аб’ёмы. Як расказаў галоўны інжынер ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” Аляксандр Татарыновіч, у 2016-м, калі не падвядзе надвор’е, плануюць нарыхтаваць каля 800 тон бярозавіку. У асноўным ён пойдзе на прамысловую перапрацоўку на Ляхавіцкі кансервавы завод. Але, безумоўна, без увагі не застанецца і насельніцтва. Для яго патрэб плануецца пакінуць 6,5 тоны бярозавіку.

Усе лясніцтвы гатовы распачаць сезон нарыхтовак. Галоўная ўмова падсочкі – узрост бярозы павінен быць не менш за 55 гадоў.
Што датычыцца насельніцтва, то дастаткова са сваёй тарай прыехаць у лясніцтва, заплаціць грошы, адправіцца прама ў бярозавую “сталоўку” і купіць гатовы бярозавік.
Нямала жадаючых самастойна збіраць сок. У лясгасе пацвердзілі: самастойная падсочка бяроз у лесе не дазваляецца. Рабіць гэта могуць толькі работнікі лясгасу на спецыяльна адведзеных участках ляснога фонду, захоўваючы пэўную тэхналогію.
Забараняецца нарыхтоўка соку, напрыклад, у прыбярэжных палосах вадаёмаў, у межах адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый, у населеных пунктах. Нельга збіраць сок у дэндралагічных парках, батанічных садах, месцах, дзе сустракаюцца рэдкія віды раслін, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя і ў месцах масавага адпачынку людзей.
За нарыхтоўку соку ў забароненых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *