Не ўпусціць час. Выяўленне рака на ранняй стадыі дае падставы для спрыяльнага прагнозу

Праблемы распаўсюджвання анкалагічных захворванняў знаходзяцца ў цэнтры складанага комплексу сацыяльных, эканамічных і маральных пытанняў, што выводзіць гэту паталогію за рамкі медыцынскай. Злаякасныя новаўтварэнні – адна з асноўных прычын смяротнасці. У нашым раёне статыстыка наступная: у 2010 годзе выяўлена 129 хворых ракам рознай лакалізацыі, у 2015 годзе – 139. На першым месцы сярод выяўленых выпадкаў – рак скуры, на другім – лёгкіх, на трэцім – малочнай залозы, на чацвёртым – страўніка, прастаты.

Сярод насельніцтва існуе няправільнае ўяўленне аб невылечнасці анкалагічных захворванняў. Па выніках статыстычных даных, смяротнасць ад рака знізілася, павялічылася колькасць пацыентаў, якія пражылі больш за 5 гадоў, пасля таго, як выяўлена захворванне і пацыент пралечаны. Паспяхова лечыцца рак скуры, малочнай, шчытападобнай залозаў і іншых лакалізацый пры ўмове яго ранняга выяўлення, якое забяспечваецца своечасовым зваротам пацыента да ўрача.

Любое новаўтварэнне амаль ніколі не ўзнікае ў здаровым арганізме. Важную ролю ў папярэджанні развіцця пухліны мае прафілактыка злаякасных новаўтварэнняў. Яна ўключае пярвічную прафілактыку – гэта нейтралізацыя ўздзеянняў неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і ладу жыцця, павышэнне ўстойлівасці арганізма. Актуальным момантам прафілактыкі рака з’яўляецца індывідуальная абарона, якая ўключае выкананне правілаў асабістай гігіены; неадкладнае лячэнне змяненняў, якія з’явіліся ў арганізме; правільнае рацыянальнае харчаванне; адмову ад шкодных звычак; вядзенне здаровага ладу жыцця.

Асабліва адзначу лад жыцця. Сярод тых нашых землякоў, у каго выяўлены рак лёгкіх і гартані, 90 працэнтаў рэгулярна курылі. Вялікая негатыўная роля курэння ва ўзнікненні рака стрававода, падстраўнікавай залозы, мачавога пузыра. Устаноўлена пэўная сувязь ва ўзнікненні рака скуры з празмерным апраменьваннем прамымі сонечнымі промнямі.

Сваю ролю ва ўзнікненні пухлін адыгрывае характар харчавання. Рэкамендуемая збалансаваная дыета павінна ўтрымліваць менш жывёльных тлушчоў, больш прадуктаў расліннага пахо-джання, морапрадуктаў. Забруджанне пітной вады нітратамі, солямі цяжкіх металаў – не на карысць здароўю. Ужыванне такой вады прыводзіць да развіцця рака страўніка, кішэчніка. Асабліва высокі працэнт забруджання шахтавых калодзежаў на прысядзібных участках, размешчаных побач з пабудовамі, у якіх утрымліваецца жывёла, складзіруецца гной. Неабходна правесці хімічны аналіз калодзежнай вады, перш чым яе спажываць. Асабліва гэта важна для сем’яў, у якіх ёсць маленькія дзеці: нітраты ў вадзе прыводзяць да цяжкага атручвання ў дзяцей першага года жыцця.

Па-ранейшаму фактарам, які правакуе развіццё анкалагічных хвароб, з’яўляецца спадчыннасць.  Асобам, родныя якіх хварэлі анкалагічнымі захворваннямі, неабходна часцей, не радзей аднаго раза ў год, абследавацца ва ўчастковага тэрапеўта, праходзіць рэнтгенаабследаванне лёгкіх, здаваць аналіз крыві, мачы. Жанчыны павінны быць агледжаны акушэр-гінеколагам, мужчыны пасля 50 гадоў праходзіць УГВ-абследаванне на вызначэнне ўзроўню прастата-спецыфічнага антыгену (ПСА), аналіз крыві.

Вельмі важная акалічнасць – самакантроль за станам здароўя: агляд малочных залоз для жанчын, кантроль артэрыяльнага ціску, рэгулярны агляд скуры.

Сяргей СЯРЖАНТАЎ,

урач-анколаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *