Толькі прафесіяналам скараюцца п’едэсталы

Прафесіяналы гэтай справы вучаць абараняцца. І каму як не ім ведаць, што лепшай абаронай з’яўляецца атака. Толькі ў ёй можна знайсці поспех, здабыць перамогу, чым заслужыць у свой адрас апладысменты. Апошні фактар для спорту вельмі важны – гоніць наперад, выступае ў ролі незабароненага ніякімі правіламі стымулятара. Але гэта толькі ў далёкім дадатку: у аснове любой спартыўнай вяршынькі, вяршыні стаіць праца трэнера. Дзіцячага. “Выглядзець” талент, зацікавіць, загартаваць юнае цела, развіць характар, паставіць тэхніку, навучыць тактыцы …

Футбольны настаўнік ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Васілій Бут-Гусаім не адзін дзясятак гадоў на трэнерскім мосціку. А гэта многія каманды і сотні выхаванцаў. Няхай не зорных чэмпіёнаў – проста спартсменаў, юнакоў і дзяўчат, якія ведаюць, як не апынуцца па-за гульнёй.
Жаночая версія гульні №1 з’яўляецца дастаткова маладым відам спорту. З мэтай яго папулярызацыі міжнародная федэрацыя – ФІФА – робіць нямала і ў розных накірунках. Самым маштабным праектам развіцця жаночага футбола ў нашай краіне з’яўляецца маладзёжнае першынство Рэспублікі Беларусь сярод дзяўчат трох узроставых груп. Пры падтрымцы і ў каардынацыі з ФІФА, арганізатарам турніру выступае Беларуская федэрацыя футбола (АБФФ). На першым – восеньскім – этапе да спаборніцтваў дапускаецца звыш сотні каманд і каля паўтары тысячы юных футбалістак. Да фіналаў дахо-дзяць лепшыя абласныя і дзве мінскія каманды – па 8 дружын ад кожнага ўзросту.
Некалькі тыдняў назад у сталіцы на комплексе палёў ФК “Мінск” адбыліся фінальна-медальныя разборкі. У дэбютным матчы каманда Брэсцкай вобласці ў складзе 11-12-гадовых дзяўчынак не пакінула ніводнага шанца сваім гродзенскім равесніцам. Лік 4:0 з’яўляецца красамоўным сведчаннем моцнай атакі і надзейнай абароны брэсцкай каманды. Далей – тытульны паядынак супраць гаспадароў – другой сталічнай дружыны. Пачатак яўна не заладзіўся. Не прайшло і дзясятка мінут пасля стартавага свістка, а брастаўчанкі ўжо “гарэлі”. На два трапныя ўдары мінчанак іх апаненткі “прамаўчалі”. Пры такім раскладзе і завяршыўся першы тайм.
Пасля перапынку пайшоў ужо іншы футбол. Абласная каманда змяніла тактыку, правяла пазіцыйныя перастаноўкі, узмацніла націск на вароты саперніка. Вароты тыя не выстаялі: гол, другі – і табло высвеціла ўжо нічыйны вынік. Гульня, здавалася, так і завершыцца. Аднак, за пару-тройку мінут да фінальнага свістка сталічніцы “арганізавалі” аўтагол. Мітусня ў штрафной пляцоўцы прывяла да таго, што адна з футбалістак з “Мінск-2” накіравала мяч у рамку ўласных варот. Брэсцкая вобласць – пераможца маладзёжнага першынства краіны. Для нас двайную важкасць падзеі надае факт: гэтую перамогу ў складзе каманды кавалі і нашы зямлячкі. Чэмпіёнскімі медалямі адзначаны Карына Валынец, Аксана Глазунова і Анастасія Пабягайла, якая ў дадатак “забрала” яшчэ і прыз “Лепшы паўабаронца турніру”.
Міжтаймавы перапынак у футболе для ігракоў, каб перавесці дух. У гэтыя 10-15 мінут у ход паядынка звычайна актыўна ўключаецца трэнер. Зрабіць высновы з пройдзенага, падкарэкціраваць тактыку і гульнявы склад у адпаведнасці з планамі і задачамі на другую палову сустрэчы з’яўляецца яго абавязкам і сведчыць пра прафесіяналізм.
А цяпер вернемся на пару абзацаў назад, туды, дзе даецца эскізнае апісанне рашэнняў і дзеянняў, прынятых трэнерам брэсцкай каманды ў перапынку гульні з “Мінск-2”. Каментарыі, думаецца, не патрэбны. Хіба толькі адзін і галоўны: старшым трэнерам брэсцкай каманды з’яўляецца ляхавічанін Васілій Бут-Гусаім (на здымку ўверсе). Ён жа і быў прызнаны лепшым трэнерам маладзёжнага першынства Рэспублікі Беларусь.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *