Дзеткі малыя — праблемы вялікія

Падлетак і злачынства.  Здавалася б, несумяшчальныя паняцці. Але… 9-класніца Начаўскай САШ амаль апоўначы разам з сяброўкай наўмысна пашкодзілі 23 панэлі жалезабетоннай агароджы. Супраць непаўналетняй узбуджана крымінальная справа па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пашкоджанне пабудоў і  маёмасці).

Старшакласніца САШ №2 сярод белага дня ўкрала з гардэроба сваёй школы жаночыя боты, за што асуджана згодна часткі 1 артыкула 205 КК.

У выніку злачынства, учыненага адзінаццацікласнікам Мядзведзіцкай САШ, загінуў падлетак.  Нецвярозы 17-гадовы  юнак не толькі  сеў   на  скутар, але і павёз у якасці пасажыра  непаўналетняга. У выніку дарожна-транспартнага здарэння падлетак-пасажыр загінуў.  Супраць скутарыста ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне правіл дарожнага руху, якія пацягнулі за сабой смерць чалавека па неасцярожнасці.

Усе гэтыя злачынствы ўчынены напрыканцы мінулага года, а крымінальныя справы па іх завершаны сёлета.

За першае паўгоддзе да адміністрацыйнай адказнасці па лініі непаўналетніх  прыцягнута 53 чалавекі, з іх 13 падлеткаў — за распіццё спіртных напіткаў і з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, 5 — за дробнае хуліганства. За невыкананне бацькоўскіх абавязкаў пакаранне панеслі 11 гора-бацькоў, яшчэ 5 дарослых адкажуць перад законам за спойванне непаўналетніх.

А сёлета на тэрыторыі горада і раёна непаўналетнімі ўчынена 3 злачынствы – столькі ж і за аналагічны перыяд летась.

Дзякуючы актыўнай прафілактычнай рабоце з боку ўстаноў адукацыі, РАУС, камісіі па справах непаўналетніх не было дапушчана ніводнага выпадку паўторнага злачынства, учыненага адной і той жа асобай, знізілася ў параўнанні з мінулым годам і колькасць правапарушэнняў. Некаторых злачынстваў, учыненых падлеткамі, можна было б пазбегнуць, калі б не патуранне з боку дарослых і абыякавыя  адносіны да  таго, чым займаюцца  іх дзеці.

Канешне, робіцца нямала для прафілактыкі падлеткавай злачыннасці, але неабходна актывізаваць дзейнасць па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. І не толькі з боку ўстаноў адукацыі, але і медыцынскіх устаноў, маладзёжных арганізацый. Патрабуе ўдасканалення работа  камісій па справах непаўналетніх пры сельвыканкамах па своечасовым выяўленні неўладкаваных сем’яў.

Дзмітрый ДЫДЫШКА,
старшы ўчастковы  інспектар ІСН РАУС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *