Дзякуй, Ляхавічы!

Беларусь. Колькі рамантыкі, духоўнай прыгажосці ў кароткай, але такой выразнай назве суверэннай рэспублікі.  Белая – значыць  чыстая. Чыстая  не толькі чысцінёй сваіх вуліц і праспектаў, гарадоў і вёсак, а ў першую чаргу – сваімі справамі і памкненнямі, шчырым і працавітым народам.

Нам, пошукавікам з далёкага Паўднёвага Урала, Беларусь нагадвае  вольналюбівага бусла з распасцёртымі крыламі, які нясе радасць жыцця.  Нездарма яшчэ падчас нашай першай пошукавай экспедыцыі  рабяты з Азерска назвалі Беларусь  краінай добрых сэрцаў.

Пра гэта ведаюць не ўсе: некаторыя расійскія СМІ неаб’ектыўна расказваюць пра вашу краіну. Прызнаюся, мы збіраліся ўбачыць пустыя паліцы ў магазінах, недахоп  неабходных прадуктаў. На самай справе ўсё аказалася інакш: сусветны крызіс, калі  і дайшоў  да Беларусі, то закрануў яе не так адчувальна. Лічу, што гэта — дзякуючы палітыцы вашага Прэзідэнта і ўрада.

Шостая экспедыцыя атрада “Уралец” праходзіла ў старажытным і цудоўным Ляхавіцкім краі.  Ляхавічы – гэта гістарычнае месца,  горад дабрыні, духоўнасці, шчырых, ветлівых, добразычлівых людзей.  Нас,  расіян, тут сустрэлі і прынялі, як родных братоў і жаданых гасцей. На працягу некалькіх тыдняў экспедыцыі мы ніколі не адчувалі сябе іншаземцамі.

Тут, як нідзе, мы не толькі ўбачылі, але і адчулі  рэальную талерантнасць паміж канфесіямі і людзьмі розных нацыянальнасцей. Маленькая Беларусь у цэнтры Еўропы з’яўляецца ў гэтым пытанні яўным настаўнікам і ўзорам для многіх краін не толькі Садружнасці незалежных дзяржаў, але і свету.

Мы з рабятамі былі шчыра ўсхваляваны, адчулі сапраўдны гонар, калі нас у Ляхавічах запрасілі прыняць удзел у святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, чарговай гадавіны з дня  вызвалення раёна  ад фашысцкіх захопнікаў. Уся цырымонія свята, сцэнарый былі прадуманы да дробязяў. Нават сама прырода праліўным летнім дажджом аплаквала тых, хто аддаў свае жыцці за мірнае неба над галовамі нашчадкаў. Кожнае слова, якое гучала, кожнае дзейства, якое адбывалася на плошчы Перамогі ў райцэнтры, былі набатам памяці ў гонар тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы. Памяць для народа Беларусі не проста ўзнёслае слова – яна свяшчэнная.

Падчас сумеснай пошукавай экспедыцыі атрада “Уралец” і 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага  батальёна   быў распрацаваны не адзін аб’ект:  знойдзены астанкі савецкіх воінаў, выбухованебяспечныя рэчывы і іншае. Мы ўбачылі, што  беларускай моладзі неабыякава мінулае яе краіны. Разам з намі выказвалі жаданне працягваць пошукавую работу і навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. У выніку сустрэч рабят з “Уральца” і ляхавіцкіх юнакоў і дзяўчат, з’явілася ідэя – стварыць сумесны палявы лагер на дзве змены, напрыклад, чэрвень – на Урале, ліпень – на Ляхавіччыне. Сумеснае выхаванне падрастаючага пакалення не толькі ўзмоцніць выхаваўчы эфект, але і навучыць рабят паважаць і разумець гісторыю і культуру розных народаў,  дапаможа маладым людзям стаць сапраўднымі патрыётамі.

Беларусь  сёння –  сучасная еўрапейская краіна, якая беражліва захоўвае свае народныя, духоўныя, культурныя і гістарычныя карані. У гэтым мы яскрава змаглі пераканацца і на святкаванні Купалля, якое праходзіла ў гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Народныя і сучасныя песні і танцы ў выкананні самадзейных артыстаў ГДК былі сплецены ў адзіны непаўторны вянок культурнай спадчыны і дня сённяшняга. Дзейства заварожвала не толькі самабытнасцю, але і ўменнем і жаданнем ляхавічан святкаваць і адпачываць.

Дзе б мы ні былі на  ляхавіцкай зямлі – усюды сустракаліся толькі з гасціннасцю, шчырасцю, падтрымкай і добразычлівасцю.  Ад імя ўсіх рабят з “Уральца” выказваю шчырую ўдзячнасць усім, хто нам дапамагаў і падтрымліваў. Словы асаблівай падзякі — старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Бурдуку, яго намесніку Уладзіміру Круку, дырэктару Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Вячаславу Сельмановічу, ваенкаму раёна Ігару Гусаку, галоўнаму спецыялісту райваенкамата Таццяне Дарашэнка. Жадаем усім жыхарам Ляхавіччыны здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага   чыстага неба. Беражы вас Гасподзь!

— А мы ў нашым Азерску будзем  з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаць Ляхавічы – горад  старажытнай гісторыі і добрых людзей. Шчыра спадзяёмся, што  яшчэ неаднойчы пабываем у гэтым непаўторным ціхім куточку цудоўнай Беларусі!

Барыс ЧЫГІРЫН,
кіраўнік пошукавага атрада “Уралец”   горада Азерск Чалябінскай вобласці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *