Даліна поспехаў і чароўны куфэрак

“Людзям, якія вераць у дабро і дружбу, не страшныя горы цяжкасцяў і мора сумненняў. Разам мы пераадолеем усё”, —  дэвіз  3-й змены , якая  17 ліпеня стартавала ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Кожны дзень цікавага жыцця  падпарадкаваны правілам сюжэтна-ролевай гульні “ Скарбы нацыі”, якая мае свае законы і традыцыі, і дзе рабяты, іх важатыя і выхавальнікі – жыхары таямнічага  казачнага вострава.

Запамінальна прайшло ўрачыстае адкрыццё змены, на лінейцы запалілі факел ад маленькіх атрадных  кастроў. Чаргаваліся танцавальныя і песенныя нумары, паказальныя выступленні спарт-сменаў і музычныя паўзы.

Галоўная мэта для ўсіх атрадаў  на працягу змены —  знайсці чароўны куфэрак. За перамогу падчас разнастайных конкурсаў, віктарын, спаборніцтваў хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць спецыяльныя бонусы і імправізаваныя часткі карты скарбаў.

Рабятам цікава на ўсіх мерапрыемствах, бо вынік кожнага непрадказальны. Яны штодня спрабуюць знайсці выйсце з інтэлектуальных лабірынтаў, адкрываюць раней незаўважаныя таленты, дэманструюць свае здольнасці. Калі ўсе перашкоды будуць пераадолены, удзельнікі экспедыцыйных груп збяруцца дружнай камандай у “даліне поспеху”, з частак складуць чароўную карту і абавязкова ”знойдуць” куфэрак са скарбамі. А “вялікі савет” падвядзе вынікі гульні і ўзнагародзіць самых актыўных удзельнікаў, найбольш дастойным прысвоіць  званне  ганаровых захавальнікаў. І, канешне, будзе адкрыта галоўная тайна “скарбніцы талентаў”.  Але якой бы яна ні была, для ўсіх з  ”Чайкі”  галоўнымі скарбамі з’яўляюцца дружба,  узаемаразуменне, падтрымка, шчырасць, актыўнасць, творчасць і дабрыня. Летнік  працягвае здзіўляць, радаваць і  натхняць.

Вольга ПРЫХАЧ,
старшы выхавацель   3-й змены а/л “Чайка”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *