Што ў “Чайцы” на абед?

Да першавераснёўскага школьнага званка яшчэ больш за месяц. Рабятам гэты час – паўнацэнна адпачываць, дарослым – ствараць усе ўмовы для іх адпачынку.

Пра тое, як адпачываецца нашым юным землякам у мясцовым аздараўленчым лагеры “Чайка”, “ЛВ” сёлета расказваў ужо не аднойчы. Сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Святланай ЮРЛЕВІЧ – пра тое, з чаго складваецца здаровае лета нашых школьнікаў.

– Святлана Іванаўна, арганізацыя летняга дзіцячага ад-пачынку – справа клапотная і адказная, але, бясспрэчна, вельмі важная. Чым аддзел адукацыі кіруецца ў гэтай рабоце?

– Летнія канікулы складаюць значную частку вольнага часу дзяцей. Лета – час гульняў, забаў, свабоды ў выбары заняткаў, зняцця напружання, што накапілася за навучальны год, папаўнення зрасходаваных сіл, аднаўлення здароўя. Гэта яшчэ і перыяд актыўных зносін дзяцей рознага ўзросту.

Адна з найбольш цікавых і эфектыўных формаў работы з дзецьмі ў летні перыяд – арганізацыя аздараўленчага лагера. Ён выконвае вельмі важную ролю ў аздараўленні і выхаванні дзяцей. У нашым раёне ў летніку  “Чайка” з кругласутачным знаходжаннем штогод адпачывае 400 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Канешне, у гэтай справе мы абавязкова кіруемся патрабаваннямі бяспекі, у тым ліку санітарнай, імкнёмся наладзіць для рабят зручны быт, цікавае і змястоўнае правядзенне часу. Безумоўна, улічваем шэраг “летніх асаблівасцяў”. Напрыклад, тое, што ў гэты перыяд у большасці дзяцей істотна мяняецца лад жыцця. Значную частку часу яны праводзяць на свежым паветры, шмат бегаюць, гуляюць, купаюцца. Усё гэта суправаджаецца значнай тратай энергіі, больш інтэнсіўным цячэннем абменных працэсаў. Памятаем і пра тое, што летам працэсы росту дзіцяці ўзмацняюцца, а гэта патрабуе дадатковага паступлення бялку. Акрамя таго, падчас моцнай спякоты дзіцячы арганізм разам з потам губляе значную колькасць мінеральных рэчываў і вітамінаў, асабліва С і групы В, што таксама патрабуе павелічэння харчовай каштоўнасці рацыёну.

Наогул, харчаванне з’яўляецца адным з істотных фактараў, што ўздзейнічае на рост і развіццё дзяцей, фарміраванне адаптацыі да ўздзеяння неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя, са-дзейнічае ўмацаванню дзіцячага здароўя. Таму харчаванню школьнікаў у лагеры надаецца асаблівая ўвага.

– На харчаванні давайце і спынімся больш падрабязна. Несумненна, гэтая тэма вельмі хвалюе бацькоў адпачываючых рабят.

– Для дзяцей, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры, арганізавана пяціразовае харчаванне на аснове прыкладнага двухтыднёвага меню ў адпаведнасці з узроставымі групамі 6-10, 11-13 і 14-17 гадоў.

Грашовая датацыя на харчаванне аднаго дзіцяці ў дзень складае адпаведна ўзроставай групе  9093, 9920 і  10704 рублі. Гэта, як разумееце, не так ужо і многа. Каб выключыць лішнія траты, аддзелам адукацыі заключаны прамыя дагаворы з вытворцамі на пастаўку малочнай, мясной і плодаагародніннай прадукцыі, хлебабулачных вырабаў, сокаў.

Харчовыя прадукты паступаюць штодзень, завозяцца яны на спецыяльным транспарце з кузавам-халадзільнікам.

Меню распрацавана ў адпаведнасці з натуральнымі нормамі харчавання, фізіялагічнымі па-трэбамі дзяцей і падлеткаў у асноўных харчовых рэчывах, энергетычнай каштоўнасці і асноўных вітамінах. Акрамя ўсяго, яно яшчэ і разнастайнае, на працягу тыдня стравы практычна не паўтараюцца. Напрыклад, на падвячорак у меню могуць быць запяканка, амлет, аладкі, сырок і г.д., на абед і вячэру прапануюцца самыя розныя гарніры: макароны, грэчка, бульба і г.д. Пры гэтым, стравы спалучаюцца паміж сабой (не супадае аснова супу і гарніру да другога). У рацыён дзяцей уключаны свежая агародніна, зеляніна, фрукты, натуральныя сокі, полівітаміны. Дзецям любога ўзросту карысны кісламалочныя прадукты, што аказваюць спрыяльнае ўздзеянне на працэсы стрававання і мікрафлору кішэчніка. Таму ў штодзённы рацыён на падвячорак або вячэру ўключаюцца кефір, ёгурт, тварог, якія ўтрымліваюць паўнацэнныя бялкі, што лёгка засвойваюцца. Не застаюцца нашы юныя адпачываючыя і без салодкага: за кошт мармеладу, зефіру, павідла яны атрымліваюць да 15 працэнтаў агульнай колькасці вугляводаў.

Адна з умоў правільнага рацыёну, канешне ж, захаванне рэжыму харчавання. У лагеры дзяцей кормяць, як і належыць, праз 3-4 гадзіны.

– Думаецца, што з такім меню не можа быць незадаволеных.

–  Ну, не зусім так. Сапраўды, былі выпадкі, калі некаторыя дзеці адмаўляліся есці тыя ці іншыя стравы, а іх бацькі выстаўлялі прэтэнзіі: маўляў, чаму катлета, а не сасіска, дзіця любіць так, як прывыкла дома. Але пра смакавыя прыхільнасці рабят можна паспрачацца: сёння яны кашу з’елі, а заўтра і глядзець у той бок не хочуць. А ў тым, што нашы дзеці не жадаюць піць, напрыклад, малако ці есці катлеты, вінаваты самі бацькі, якія прывучаюць сваіх сыноў і дачок да шкоднай ежы: каўбасных вырабаў, прадуктаў з вялікай колькасцю спецый, булёнаў “з кубіка”, чыпсаў, газіраванай вады з араматызатарамі і іншых прадуктаў з кансервантамі. А, між тым, такое харчаванне з’яўляецца адной з прычын пагаршэння здароўя дзяцей і падлеткаў. У выніку сярод школьнікаў павялічваецца колькасць выпадкаў хвароб страўнікава-кішачнага тракта.

Магу запэўніць, што ў нашым лагеры харчаванне не толькі смачнае і пажыўнае, але і здаровае.

– Многае ў харчаванні залежыць ад кваліфікацыі персаналу харчблока…

– Безумоўна. Таму аддзел адукацыі накіроўвае для работы ў “Чайку” правераныя кадры – работнікаў школьных сталовых. Сёлета ў аздараўленчым лагеры працуюць 6 кваліфікаваных повараў.

Наогул, пра дзіцячае харчаванне можна гаварыць яшчэ доўга. Але лепш за ўсё пра яго скажуць задаволеныя твары адпачываючых рабят пасля наведвання сталовай.

Запрашаем нашых юных землякоў у аздараўленчы лагер “Чайка”!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *