Выбарчая кампанія набірае абароты

У спісе   прэтэндэнтаў –  509 чалавек
Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты выбылі з перадвыбарнай гонкі па ўласным жаданні. Такая інфармацыя была агучана 18 жніўня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
«Частка кандыдатаў у дэпутаты выбыла з палітычнай гонкі па ўласным жаданні, і на сёння 509 чалавек засталіся ў спісе тых, хто прэтэндуе на месца ў Палаце прадстаўнікоў», – адзначалася ў эфіры тэлеканала. Раней ішла размова аб 522 зарэгістраваных кандыдатах у дэпутаты.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, гаворачы аб ходзе перадвыбарнай агітацыі, адзначыла, што частка кандыдатаў паводзіць сябе даволі інертна, а «хтосьці праяўляе актыўнасць, якая мяжуе з парушэннем закону». Паводле яе слоў, магчымасці, якія даюцца для перадвыбарнай агітацыі, асобныя кандыдаты спрабуюць выкарыстаць у зусім іншых мэтах – напрыклад, для палітычных мэт сваёй партыі, што з’яўляецца недапушчальным. «Усе льготы даюцца кандыдату для таго, каб ён звярнуўся да выбаршчыкаў, перш за ўсё як кандыдат у дэпутаты, а не нейкі палітычны дзеяч, які вырашае пытанні, што датычацца не выбаршчыкаў акругі, а краіны ў цэлым, яе знешняй палітыкі і гэтак далей. Гэта недапушчальна і, зразумела, будзе спыняцца», – падкрэсліла старшыня ЦВК.
У цэлым, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, выбарчая кампанія ідзе без асаблівых канфліктаў і яшчэ набірае абароты. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбудуцца 11 верасня.
Кандыдацкая  этыка
Кандыдат у дэпутаты можа пазбавіцца рэгістрацыі за паклёп або подкуп выбаршчыкаў, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Яна адзначыла, што ў ходзе вядзення кандыдатамі перадвыбарнай агітацыі бывае цяжка вызначыць такое парушэнне, як, напрыклад, распальванне сацыяльнай варожасці, настройванне адных слаёў насельніцтва супраць іншых. «Цяжка сказаць, што гэта: жорсткая крытыка або тое, што забаронена», – растлумачыла старшыня ЦВК. Таксама грубым парушэннем і падставай для адмены рэгістрацыі з’яўляюцца паклёп і абразы ў адрас іншых кандыдатаў у дэпутаты або вышэйшых службовых асоб.
Кандыдат страціць свой статус і ў выпадку подкупу выбаршчыкаў. «Адна з такіх заяў нам паступіла ўжо (мы накіравалі яе для праверкі), што нібыта на адным з пікетаў раздавалі нейкія грошы», – праінфармавала Лідзія   Ярмошына.
Яна падкрэсліла, што ў Беларусі забаронена фінансаванне выбарчай кампаніі з-за мяжы, за парушэнне гэтага правіла таксама можна пазбавіцца рэгістрацыі. Для вядзення агітацыі кандыдат можа выкарыстоўваць толькі сродкі са свайго выбарчага фонду, адкрытага ў аддзяленні Беларусбанка. Яна расказала, што ў былыя часы на граніцы з Расіяй або ўжо ў Беларусі перыядычна перахоплівалі грузы перадвыбарных плакатаў і лістовак, дзе вытворцам значылася нейкая расійская друкарня. «Гэта забаронена. Усе сродкі свайго выбарчага фонду кандыдат можа траціць толькі ў Беларусі», – нагадала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Наглядальнікі  атрымалі  дадатковыя  магчымасці
Група міжнародных наглядальнікаў ад МПА СНД, якія будуць задзейнічаны ў доўгатэрміновым маніторынгу выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, прыбыла ў Мінск. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД.
Адбылася сустрэча са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Наглядальнікі праінфармавалі аб працэсе фарміравання групы і планах яе работы ў перыяды доўгатэрміновага і кароткатэрміновага назірання. Лідзія Ярмошына, са свайго боку, расказала аб асаблівасцях правядзення гэтай выбарчай кампаніі. У прыватнасці, ішла размова аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты і пачатай агітацыі. Напярэдадні паездкі наглядальнікаў у Віцебскую вобласць яна рэкамендавала ўдзельнікам маніторынгу ўважліва азнаёміцца з падрыхтоўкай месцаў для вядзення перадвыбарнай агітацыі.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падрабязна расказаў пра фарміраванне тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, праведзенае на аснове рэйтынгавых галасаванняў з удзелам наглядальнікаў, а таксама пра змяненні выбарчых працэдур, накіраваныя на павышэнне празрыстасці і адкрытасці выбараў. У прыватнасці, наглядальнікам будзе забяспечана магчымасць атрымліваць інфармацыю пра спісачны склад выбаршчыкаў і колькасць тых, хто прагаласаваў, прысутнічаць у акруговых камісіях пры перадачы пратаколаў з выбарчых участкаў.
Мікалай Лазавік асабліва адзначыў, што наглядальнікі змогуць убачыць увесь працэс падліку бюлетэняў участковымі выбаркамамі.
На гэты момант для маніторынгу выбараў у Беларусі ад МПА СНД акрэдытаваны 33 наглядальнікі, усяго ж ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў – 268.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *