Не байкі пра байкера

Эфектна, сучасна, модна, імкліва, дух захоплівае, вецер свішча…   Навязліва, шумна, рызыкоўна, небяспечна, сэрца замірае ад страху бачыць гэта…

Бліскучы і ззяючы байк, шлем, акуляры, скорасць, бандана. Толькі сцямнее, а цямнее цяпер рана, паветра пачынае вібрыраваць ад пранізлівага рову матора і візгу тармазоў. На вуліцы са скорасным абмежаваннем руху для транспарту 40 кіламетраў у гадзіну небяспека на колах імчыць са значным перавышэннем. Калі б замест абмежавальнага дарожнага знака тут быў устаноўлены рэгістратар скорасці, магчыма, паказаў бы ён трохзначную лічбу. У данай сітуацыі трывога ў першую чаргу нават не пра ліхача-байкера, а пра пешахода, які можа элементарна не паспець адскочыць з дарогі. Напрыклад, на вуліцы Цітовіча тратуара няма, затое амаль штовечар па ёй ракетай імчыць экстрэмал на матацыкле, і заўсёды жахліва ад ягоных трукаў.

Навамоднае “быць у трэндзе” зусім не азначае быць патэнцыяльным забойцам ці самазабойцам. Пра “адрэналін зашкальвае”, “адчуйце скорасць”, “рызыка – высакародная справа” сёння чуецца, мусіць, нават з праса. Лічыцца ў пэўным асяроддзі, што такіх “уважлівых” прычын дастаткова для гонак па гарадскіх і сельскіх вуліцах, аўтамабільных дарогах і сцяжынках. Толькі вось як быць з ахвярамі і выдаткамі такіх адрэналінавых ралі? Я пра трагедыі па віне і з удзелам байкераў, пра супер скорасці, што прыводзяць да непапраўнага. Як спыніць ліхача, калі нават пасля чарговых паведамленняў пра жудасныя аварыі зноў на вячэрняй вуліцы чуецца роў, падобны на аэрадромны. І гэта тое, што хвалюе, трывожыць, непакоіць, абурае, палохае.

Байкеры, калі яны сапраўдныя байкеры і не парушаюць грамадскі парадак, не ствараюць небяспеку, – гэта сапраўды прыгожа і па-маладзёжнаму дзёрзка. Яны на сваіх наварочаных двухколавых сябрах далучаюцца да прабегаў у гонар знакавых падзей і дат ці самі ініцыююць такія прабегі. Яны спыняюцца ля помнікаў і абеліскаў і застываюць у хвіліне маўчання. Зрэшты, яны не сядуць за руль з прамілямі ў крыві, сябруюць са здаровым ладам жыцця і перакананы, што сіла брацтва – у дружбе, узаемападтрымцы і ўзаемавыручцы.

У іх свае традыцыі, свой слоўнік. Напрыклад, канчатковы прыпынак на стаянку ў іх называецца абзац, а матацыкл – не толькі байк, але і агрэгат, і з’яўляецца ён для байкера сябрам і фетышам. Дэвіз жа ці адзін з дэвізаў такі: жыць –каб ездзіць, ездзіць – каб жыць. Не буду філасофстваваць наконт шырыні, глыбіні і ўсеахопнасці гэтага крэда, проста адзначу слова “жыць”. І празаічна заўважу: у асяроддзі людзей –   па законах грамадства.

Дарэчы, у байкерскім жаргоне ёсць слова «байка», якое азначае прыдуманую гісторыю пра «мотаподзвігі». Гэта як у паляўнічых на прывале, як у заядлых рыбакоў ці ў самых юных фантазёраў. Першыя з мядзведзем рэгулярна сустракаюцца, частуюць яго ляснымі малінамі з куста і разыходзяцца, другія пудовых шчупакоў рукамі з вады выцягваюць, ну а да дзетак-кветак, як само сабой зразумелае, гномікі «па сакрэце» прыходзяць у госці, чароўныя палачкі раздаюць. Байкеры ў расказах па спрытнасці і ўдачы фрыстайлістаў абышлі-аб’ехалі-абскакалі. Добра, каб толькі на словах, бо занадта дарагая цана за жаданне паўтарыць каскадзёрскія трукі.

Такія вось не байкі прыходзяць на думку. Мяркую, не толькі мне – амаль усяму нашаму райцэнтру, які позна вечарам ці сярод ночы чуе гэты пазнавальны-апазнавальны гук, які сведчыць, што імчыцца матацыкліст.

А што на гэты конт думае дзяржаўтаінспекцыя?

Вольга БАРАДЗІНА.

2 thoughts on “Не байкі пра байкера

  • 29/09/2016 в 10:46
    Permalink

    Сапраўды, калі па дарозе праносіцца матацыкл, становіцца жудасна. Думаеш, добра , што ў гэты момант не пераходзіў дарогу. Дастаюць гэтыя пранізлівыя гукі і ноччу.Упэўнены, што гэтыя парушальнікі спакою не невядомыя нікому людзі. Але чамусьці нічога не мяняецца.

  • 29/09/2016 в 20:51
    Permalink

    Але чамусьці нічога не мяняецца…. время идет 🙂 !

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *