А ў суботу на кірмаш /фота/

Мінулую суботу многія ляхавічане чакалі з нецярпеннем. Таму і спяшаліся на  першы восеньскі кірмаш значна раней прызначанага арганізатарамі часу. Чакалі гэтага дня і прадаўцы: сёлетні год шчодры на ўраджай.   Галоўнай арэнай кірмашу традыцыйна стала пляцоўка перад  гарадскім рынкам. Хіт сезона – бульбу розных сартоў – прапаноўвалі СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, райаграсэрвіс, фермерскія гаспадаркі. Самая танная сярод сельгаспрадпрыемстваў – жарабковіцкая, таму і разышлася хутка. Хапала і яблыкаў, якія прадавалі аграрны каледж, некаторыя фермеры і прыватнікі з уласных садоў.

Як заўсёды, асаблівым попытам карысталася зерне. У 7 гадзін раніцы машына з ячменем і пшаніцай прыехала з ДП “Нача”: літаральна за гадзіну раскупілі.  Сваё збожжа  прадавалі СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы”, праўда, па больш высокай цане.  Хутка знайшла гаспадароў  салома  ў цюках з “Ляхавіцкага”. Моркву, буракі, капусту – усё па 35 капеек за кілаграм – прадаваў фермер з Альшанаў.  Па кошце найбольшая разбежка была на памідоры: ад 50 капеек да рубля за кілаграм.

Гандлявалі мёдам лясгас і КСУП “Ліпнянка”, ЛДАК.  У продажы была  жывая рыба. Прапаноўвалі колатыя дровы, брыкет. А вось, напрыклад, саджанцаў не хапала. Зусім не была б лішняй машына са свежай прадукцыяй з птушкафабрыкі “Дружба”.

У мясным павільёне  гаспадарылі прыватнікі і райпо, з сельгасарганіза-цый – толькі “Жарабковічы”.  Прыкладна а палове дзясятай гадзіны на жарабковіцкай вітрыне заставалася некалькі  кілаграмаў ялавічыны. Некаторыя з пакупнікоў цікавіліся баранінай, але купіць яе атрымалася толькі ў некалькіх жадаючых, астатнім –   не хапіла.

Райпо прадавала мяса і мясныя паўфабрыкаты і на рыначнай плошчы ў сваёй палатцы, а ў суседняй –  агародніну  разам з кулінарнымі вырабамі. Не самае правільнае па санітарных нормах суседства, трэба сказаць.    Нешта не відаць было валанцёраў, якія штогод на кірмашах дапамагалі немаладым землякам дастаўляць пакупкі дамоў. Хаця якраз 1 кастрычніка – у Дзень  пажылых людзей – гэта надзвычай было б дарэчы.  Чаго ўдосталь хапала ў мінулую суботу на рыначнай плошчы, дык гэта  музыкі і песень.  Народ весялілі, стваралі добры настрой  народная эстрадная студыя “Экспрэс” і народная эстрадная група “Пачатак” ГДК.

У мінулую суботу  многія вярталіся дамоў з пакупкамі. Каму чагосьці не хапіла – чакайце 15 каст-рычніка! Тым больш, і арганізатары, напэўна,  улічаць  пралікі: запросяць больш прадпрыемстваў і ўласнікаў, каб пашыраны асартымент  поўнасцю задаволіў попыт гараджан.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *