Апошняе лета дзяцінства

Сонечныя летнія дні спрыяюць добраму адпачынку. Канікулы цяпер і ў школьнікаў, і ў студэнтаў. Кожны адпачывае па-свойму. Сустрэўшыся  і паразмаўляўшы са сваімі аднакласнікамі, даведалася, як жа яны праводзяць летнія канікулы, чым займаюцца, пра што думаюць.

Хто з нас у спякотныя летнія дні не марыць апынуцца на пляжы ля  чыстай рэчкі і з вясёлай кампаніяй! У пачатку лета разам з сябрамі-аднакласнікамі мы вырашылі арганізаваць паход. Сабраліся і рушылі ў дарогу. Цудоўны дзень правялі недалёка ад вёскі Мыслабаж, у лесе з бадзёрым сасновым водарам. Купаліся, дружна варылі юшку і гатавалі іншыя ”паходныя” стравы, спявалі песні пад гітару. Потым патушылі вогнішча, прыбралі за сабой паляну, сабралі смецце і пайшлі дамоў.  Гэтым калектыўным паходам быў пакладзены пачатак апошняга бесклапотнага лета для нас, выпуск-нікоў наступнага навучальнага года.

На працягу канікулаў я, канешне, сустракалася з сябрамі, але цяпер вырашыла даведацца, як выкарыстоўваюць вольны час будучыя абітурыенты. Адказы атрымала разнастайныя, часам нечаканыя.

Аднакласніцы за лета імкнуцца як мага больш набрацца дадатковых ведаў, ахвотна чытаюць кнігі, вучаць прадметы, па якіх будуць здаваць тэсты і экзамены. Многія             ўсур’ёз задумаліся над выбарам  будучай прафесіі і навучальнай установы, куды плануюць паступаць.

А майму аднакласніку, пераможцу рэспубліканскіх юнацкіх спаборніцтваў па дзюдо Уладзіславу Цярпіцкаму летам давялося прадстаўляць Беларусь  на міжнародных спаборніцтвах у Турцыі, і годна выступіць.

Канешне, кожны за лета паспеў з’ездзіць у вёску да сваіх бабуль і дзядуль, дапамагчы ім па гаспадарцы. Некаторыя, у асноўным хлопчыкі, паспелі нават уладкавацца на работу. І гэта цудоўна! За заробленыя грошы яны змогуць купіць тое, пра што марылі, або проста дапамагчы бацькам. Добра, што існуе такая магчымасць для падлеткаў – на ўласным вопыце даведацца, як нялёгка зарабляюцца грошы, навучыцца распараджацца імі.

Што тычыцца мяне, то я, як і мае сябры, імкнуся набрацца ведаў, падрыхтавацца да цяжкага навучальнага года, дапамагчы бацькам. Ну і, канешне, адпачыць, пацешыцца  цёплымі днямі, як мага часцей бываць на прыродзе, набрацца сіл для апошняга школьнага выпрабавання на сталасць.

Мы ўсе сумуем па школе, настаўніках, доўгіх уроках і шалёных перапынках. Але разам з тым ведаем: наперадзе цэлы год, які мы яшчэ бу-дзем разам, а потым – выпускны баль. І гэта ўсё – любімая школа.

Марына ЖАБІК,
вучаніца 11 класа САШ № 1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *