Вам пісьмо з падатковай

Збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў (так званы падатак на ўтрыманства) з гэтага года павінны плаціць тыя, хто афіцыйна працаваў летась менш за 183 дні. Гэта прадугледжана Дэкрэтам № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне Анатолій Жабік расказаў, што супрацоўнікі падатковай службы прадаўжаюць удакладняць базу даных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год. Пры адсутнасці інфармацыі, што грамадзянін летась адпрацаваў належныя паўгода, падатковыя органы ўдакладняюць у яго наяўнасць правоў  на льготы, у тым ліку – накіроўваючы  пісьмовы запыт.
Можа здарыцца і так, што грамадзянін значыцца ў спісе ўтрыманцаў,  а на справе такім не з’яўляецца. Тады неабходна прадставіць у падатковую інспекцыю дакументы ці тлумачэнні, якія пацвярджаюць, што  грамадзяне належныя паўгода летась працавалі або трапляюць пад ільготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Не лічацца ўтрыманцамі тыя, хто выхоўвае дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Не будзе плаціць падатак за мінулы год і той, хто летась быў маладзейшы за 18 гадоў ці толькі дасягнуў такога ўзросту; быў пенсіянерам ці дасягнуў пенсійнага ўзросту (жанчыны – 55 гадоў, мужчыны – 60 гадоў);  прызнаны ці з’яўляецца інвалідам незалежна ад групы; прыбыў у нашу краіну для  пастаяннага пражывання пасля 31 сакавіка; фактычна знаходзіўся  ў Беларусі менш за 183 дні; летась больш за паўгода (ад 183 дзён і болей) працаваў па кантракце ці дагаворы на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, фермерскіх гаспадарках ці  быў індывідуальным прадпрымальнікам і адлічваў падаткі, і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
За неаплату падатку на ўтрыманства прадугледжана пакаранне: штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт з прыцягненнем да грамадска карысных работ.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *